“Вы шуміце, шуміце нада мною, бярозы…”

 

Паважаныя чытачы, мы працягваем пералістваць старонкі мінулага, якія тычацца неселеных пунктаў Слаўгарадчыны. Лясныя багацці нашага раёна знайшлі сваё адлюстраванне ў назвах многіх вёсак: Добры Дуб, Рабінаўка, Лясная, Зялёны Гай, Дубна і іншых. Думаецца, і мясцовыя жыхары маюць такое ж меркаванне, што назва вёскі Бярозаўка ўзнікла, дзякуючы шыкоўнаму бярозаваму гаю, які быў тут у старадаўнія часы.

Населены пункт упершыню згадваецца ў пісьмовых крыніцах у 1635 годзе, як абруб Паўлава Бярозаўка ў Благавіцкім войтаўстве Магілёўскай эканоміі Аршанскага павета Рэчы Паспалітай. Таксама пра вёску Бярозаўка ўказваецца ў 1708 годзе ў данясенні камандуючага корпусам Боўра Пятру I: “… И пришед в тое веску Березовку, и стал промеж весак Березовки и Улуки. И сей ночи переберязь реку Проню, пойду до указанного места… А не доезжая того вески Березовки, в пути слышна была стрельба, и березовских жителей спрашивал и они сказали, что де неприятель вчерашней ночи ночевал в веске Грязивец и знатно, что тою вескою стрельба была”.

Трэба адзначыць, што сярод бярозаўцаў існуе легенда, быццам існуючыя ўсцяж Проні курганы  нішто іншае як шведскія магілы. Прабабкі цяперашніх бабак так ім казалі. Занадта гэтыя чуткі нагадваюць казкі, але хто яго ведае? Можа і варта пошукавым атрадам наладзіць у тыя месцы экспедыцыю?

Расказалі мне старажылы і яшчэ адну цікавую рэч. Непадалёку ад Бярозаўкі ёсць мясціна, якую называюць Цароў калодзеж. Розныя паданні ходзяць пра гэтае месца. Адно з іх сцвярджае, што цар Пётр I, які спыняўся тут у час вайны са шведамі, загадаў выкапаць калодзеж і нейкі час карыстаўся ім. Калі ж паехаў далей, пакінуў ля калодзежа медны карэц, з якога піў ваду. Нямала было ахвотнікаў знайсці той карэц. Але дарэмна. Сёння не гэтым прыцягвае людзей Цароў калодзеж. Тут заўсёды прыемна спыніцца падарожніку, напіцца халоднай вады з крыніцы. А кожны год традыцыйна на Міколу тут збіраецца шмат сялян, святар правіць набажэнства.

Архіўныя дадзеныя кажуць, што ў 1742 годзе вёска была дзяржаўнай уласнасцю, і было тут 13 гаспадарак. А пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай набыла памешчыцкую ўласнасць. У 1858 годзе вёска налічвала ўжо 61 двор, а побач быў маёнтак, гаспадар якога А.І. Шэбека, валодаў 806 дзесяцінамі зямлі. Частка вяскоўцаў займалася бандарным промыслам, меліся школа граматы і карчма.

У 1925 /1926 навучальным годзе ў Бярозаўцы ўведзена ў строй новапабудаваная школа. У гэты жа час ў раёне прайшло землеўпарадкаванне. Вёскі разбіваліся на мястэчкі, невялікія вёсачкі ў 8, 12, 15 двароў. У лік такіх трапіла і Бярозаўка. Дзеля таго, каб правесці рэформу Прышчэпава, у вёску прыехалі два каморнікі – Рапапорт і Шубадзёраў. Прыбылі яны, каб падзяліць усю зямлю на мястэчкі, надзяліць усіх пароўну ў адпаведнасці з колькасцю душ у сям’і. Мястэчкі атрымалі назвы ўрочышчаў, у якія перасяляліся людзі: Сядзіба, Бутошныя, Крушынікі, Скрып’е, Ліцін, Палой, Навінка.

Напрыканцы 1929 і пачатку трыццатых гадоў загаварылі пра калектывізацыю. Сяляне баяліся растацца са сваёй гаспадаркай, пазбавіцца ўласнай зямелькі, коніка, інвентару, стаць на невядомы шлях жыцця. Доўга ў Бярозаўцы не ўдавалася стварыць калгас. Але,нарэшце, у 1931 годзе гэта адбылося, тры гаспадаркі склалі яго аснову – Нічыпара Варанцова, Івана Сазонава і Пімена Кручкова. У гэты ж год праходзіў IX з’езд камсамола і па прапанове сакратара-камсамольца Стэфана Кручкова калгас назвалі “IX з’езд ВЛКСМ”. Адным з першых старшынь калгаса стаў Аляксей Прусаў – удзельнік 1-й сусветнай і грамадзянскай войнаў, баец 1-й Коннай арміі. Ён загінуў у час Вялікай Айчыннай.

Апошняя не прайшла міма старонкі бярозавага гаю. Пачынаючы са жніўня 1941 г. па кастрычнік 1943-га вёска была акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Але мясцовыя жыхары не скарыліся ворагу.

Драздоў Васіль нарадзіўся ў Бярозаўцы, да вайны настаўнічаў у Чавускім раёне. На фронт не быў прызваны з-за цяжкай хваробы. Але рашыў па-іншаму весці барацьбу з акупантамі. Паколькі меў радыёпрыёмнік, распаўсюджваў сярод насельніцтва зводкі Інфармбюро. З цягам часу стаў членам падпольнай арганізацыі. З 1941 г. да красавіка 1943-га Васіль Аляксандравіч кіраваў Бярозаўска-Гіжэнкаўскай падпольнай групай. Са жніўня 1943 г. быў членам Прапойскага падполля.

З гонарам сёння старажылы называюць свой родны куточак партызанскім. І на гэта ёсць сур’ёзныя падставы. Неўзабаве пасля акупацыі раёна фашыстамі ў в. Загліннае да сваіх родзічаў завітаў камуніст Мікалай Нікіцін. Да вайны ён пэўны час працаваў ў органах дзяржаўнай бяспекі, потым быў вылучаны на партыйную работу. Нікіцін адразу ж узяўся за арганізацыю ўзброенага супраціву акупантам. Месцам сходу камуністаў і камсамольцаў, якія засталіся на акупіраванай тэрыторыі, быў вызначаны Цароў калодзеж. Так, той самы, з якога Пётр I ваду піў і карэц згубіў. Сход адбыўся ў маі 1942-га, і неўзабаве на шашы Масква – Брэст адбыліся першыя напады на нямецкія аўтакалоны.

Ні днём, ні ноччу не давалі спакою акупантам народныя мсціўцы. Асабліва ўзмацніліся ўдары па фашыстах, калі вясной 1943 года ў гэтыя мясціны прыбыў са Смаленшчыны партызанскі полк “Трынаццаць”  пад  камандаваннем С.У. Грышына.

У канцы жніўня 1943 г. фашысцкае камандаванне вырашыла пакончыць з партызанскім рухам у Прапойскім раёне. Супраць палка Грышына і іншых атрадаў была адпраўлена авіяцыя. У выніку гэтай аперацыі вёскі Бярозаўка, Гіжэнка, Закрупец былі спалены. Са 141 двара 136 бярозаўскіх хат сталі чорнымі вогнішчамі, 12 чалавек загінулі.

Ужо восенню, у пачатку кастрычніка,  гэтыя мясціны былі вызвалены часткамі 50-й арміі. Паступова сяляне вярнуліся ў сваю родную старонку, пачалі аднаўляць быт, але памяць цэлых пакаленняў захоўвае ўспаміны пра тыя жудасныя гады. Мясцовыя жыхары кажуць, што і сёння яшчэ лясы вакол Бярозаўкі маюць страшныя ваенныя пазнакі.

Карпатліва і трапятліва берагуць бярозаўцы памяць аб гераічных і трагічных падзеях на гэтых землях. 134 вяскоўца  загінулі на фронце і ў партызанскай барацьбе,  і дзеля ўшанавання іх патрыятызму ў цэнтры вёскі пастаўлены помнік. А вучнямі Бярозаўскай школы адноўлена і рэгулярна добраўпарадкоўваецца зямлянка на ўзвышшы ля берага Проні. Тут восенню 1943 года знаходзіўся назіральны пункт 324 дывізіі 887 артылерыйскага палка. У час баявых дзеянняў адсюль кіраваў агнём артылерыі старшы лейтэнант Дранішнікаў.

Імя Пятра Кавалькова ў Бярозаўцы ведаюць усе. Ведаюць добра дзейнасць гэтага чалавека і ў раёне, і за яго межамі. Пётр Елісеевіч, былы ветэран Вялікай Айчыннай вайны, настаўнічаў у Лецягах, але галоўным для сябе вызначыў ваенна- патрыятычнае выхаванне моладзі. Заслуга менавіта гэтага настаўніка ў тым, што Бярозаўская школа займела музей баявой славы, вучні пад кіраўніцтвам Кавалькова займаліся пошукавай дзейнасцю, і вельмі паспяхова. Пётр Елісеевіч прымаў непасрэдны ўдзел у стварэнні кнігі “Памяць”, яго намаганнямі ў тым ліку ўстаноўлены не адзін помнік воінам-вызваліцелям.

Ганарацца жыхары Бярозаўкі і іншымі выдатнымі землякамі. Напрыклад, Міхаіл Пчалоў нарадзіўся ў звычайнай сялянскай сям’і, атрымаў ваенную адукацыю і, прайшоўшы ўсю вайну, закончыў яе на пасадзе камандзіра 527-га асобага батальёна сувязі 15-й стралковай дывізіі 2-га Беларускага фронту. Працаваў старшым выкладчыкам у Ваеннай акадэміі сувязі ў былым Ленінградзе. Быў узнагароджаны ордэнамі і медалямі.

На год пазней  чым Пчалоў, у 1922-ім, нарадзіўся Іван Балукоў. Скончыў Магілёўскае дашкольнае педвучылішча, затым – ваеннае авіяцыйнае. З першых дзён вайны быў на фронце штурманам самалёта. У 1945 годзе ў паветраным баі страціў нагу. Пасля вайны атрымаў вышэйшую адукацыю ў Харкаўскім дзяржаўным універсітэце. Выкладаў у Харкаўскім і Адэскім інстытутах, доктар эканамічных навук, прафесар.

Таксама прафесарам і доктарам, але ўжо педагагічных навук,  быў і Васіль Лявончыкаў. Пасля школы працаваў у раённым Доме культуры, а потым скончыў Мінскі педінстытут, аспірантуру Маскоўскага дзяржаўнага інстытута культуры. Выкладаў у Мінскім інстытуце культуры. Пяру Васіля Емяльянавіча належыць звыш 50 навуковых работ, у тым ліку падручнік “Беларуская бібліяграфія”. Узнагароджаны ордэнам “Знак пашаны”, медалямі.

Як бачна, гісторыя вёсачкі слаўная, баявая, працоўная. І сёння тут жывуць людзі працавітыя і патрыятычна выхаваныя. Але ж прадстаўнікі старэйшага пакалення хвалююцца за будучае маладых. Не хочацца ім, каб зачыніла свае дзверы школа, якая мае тут статус не толькі ўстановы адукацыі, але, так бы мовіць, культурнага цэнтра.

Хочацца верыць, што пакуль жывуць тут неабыякавыя і актыўныя людзі, вёска будзе жыць і развівацца, бо такія прыгожыя мясціны з такой багатай скарбонкай мінулага маюць падмурак для росквіту.

Словы ўдзячнасці за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу і разуменне адрасую бібліятэкарам Бярозаўскай бібліятэкі-філіяла і аддзела абслугоўвання і інфармацыі цэнтральнай бібліятэкі.

Цікавілася гісторыяй вёскі Аксана НЯМЦОВА.

Фота аўтара і віртуальнага музея “Наследие”.