Меню
Категории
“Церахоўка стаіць лоўка…”
10.09.2017 Это интересно

Шаноўныя чытачы, ужо два выпускі новага праекта раёнкі “Нам засталася спадчына” убачылі свет. І нам вельмі прыемна, што гэтая праца знаходзіць водгук у мясцовых жыхароў. А днямі на адрас рэдакцыі прышоў ліст са сталіцы. Сваё бачанне вёсачкі Церахоўка, а дакладней аналіз мясцовых гаворак і назваў мясцін, якія яшчэ і сёння чуюцца ад тутэйшых жыхароў, нам прапануе Аляксандр КРЫЖЭВІЧ, старшы навуковы супрацоўнік  Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа.

Вёска Церахоўка ці як па-мясцоваму “дзяреўня” не з’яўляецца старым паселішчам, бо яго заснаванне адносіцца да канца XIX стагоддзя. Кароткую інфармацыю пра гэтую адносна маладую вёску можна пачытаць у кнізе “Памяць. Слаўгарадскі раён” або нават пабачыць у беларускамоўнай Вікіпедыі. Варта адзначыць, што паселішчаў з назвай “Церахоўка” ў Беларусі існуе некалькі. Адно на Магілёўшчыне і ажно цэлых тры ў Гомельскай вобласці, прычым мястэчка і вёска пад такой назвай знаходзяцца ў адным Добрушскім раёне. Пры гэтым кожная вёска, нягледзячы на малую колькасць насельніцтва ці “маладосць” з часу заснавання, па-свойму цікавая сціплай гісторыяй і незвычайнымі людзьмі. Гэтаксама як і мясцовымі гаворкамі альбо назвамі мясцовасці, што яшчэ жывыя і чуюцца з вуснаў тутэйшых жыхароў ці захоўваюцца ў памяці старажылаў.

Часта і шмат часу ў дзяцінстве праводзіў на радзіме маці, і мае вобразы вёскі звязаны з гэтым куточкам, што падпаў пад забруджванне пасля выбуху на Чарнобыльскай АЭС, але яшчэ нават дзесяць гадоў таму захоўваў рысы старой усходняй “дзяреўні”. Гэтае ўсведамленне прыйшло значна пазней, а ў дзяцінстве проста падабалася праводзіць летнія канікулы з стрыечнымі братамі і натольвацца неабмежаванай свабодай, адчуванне якой не мог даць горад. Прыгоды тых часоў і наогул многія моманты актыўнага адпачынку ў Церахоўцы ўспамінаюцца з настальгіяй і дагэтуль.

Але гаворка пойдзе пра цікавыя мясцовыя тапонімы і словы, а таксама прыродныя асаблівасці вёскі. Упершыню ў Церахоўцы пачуў слова Прылёпаўка, якое з’яўляецца даволі распаўсюджанай народнай геаграфічнай назвай, не толькі ў Слаўгарадскім раёне, а на значна шырэйшых прасторах усходняй Магілёўшчыны (Пасожжа). Паняцце абсалютна проста тлумачыцца ад дзеяслова “прыляпіцца”, што абазначае невялікую вуліцу, якая стала “атожылкам” ад цэнтральнай часткі паселішча. Так прынамсі, тлумачыў народны тэрмін Іван Якаўлевіч Яшкін — выдатны мовазнавец, кандыдат філалагічных навук, Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, аўтар некалькіх манаграфій і сотні навуковых прац. Іван Якаўлевіч быў ўраджэнцам вёскі Шаламы і адна з ягоных кніг называецца “Слоўнік беларускіх мясцовых геаграфічных тэрмінаў”. Але вернемся да тэмы. У Церахоўцы ўсе хаты, што знаходзяцца на адгалінаваннях ад асноўнай вуліцы, і з’яўляюцца Прылёпаўкай. Акцэнтую ўвагу, што гэта не адна вуліца. Яшчэ адной часткай вёскі з’яўляецца Зарэчча. Назва паходзіць ад падзелу цэнтральнай вуліцы рэчкай Пацэя, што ў юнацтве неяк смешнавата і разам з тым таямніча гучала.Так і да сёння не разгадаў адкуль пайшло найменне рэчкі, якая бярэ свой пачатак акурат каля Церахоўкі і дзеліць вёску напалам. Дарэчы, менавіта на Прылёпаўцы знаходзілася былая сажалка пад мясцовай назвай Дуброўка. Вадаём ужо даўно высах, а тапонім застаўся, што пэўна значна старэйшы за саму сажалку. Можа сапраўды калісьці на гэтым месцы раслі дубы ці быў дубовы лес? Праўда, зараз нічога падобнага не ўбачыш і наўрад ці пазнаеш. Але змены ландшафта — гэта абсалютна натуральны працэс. Напрыклад, у канцы вёскі, насупраць могілак, былі “Ямкі”, з якіх пастаянна бралі пясок, у тым ліку і для магілак. З цягам часу гэта мясціна парасла бярозамі, стала падобная на маленькі лясок і атрымала яшчэ адну назву — Бярэзнік. Самая густазаселеная частка вёскі называецца проста “дзяреўня”, што, мусіць, была ядром першапачатковага ўзнікнення вёскі. Аналагічная тапанімічная з’ява існуе і ў гарадах. Яшчэ дагэтуль ў беларускіх старых гарадах можна пачуць урбонім “горад”, якім абазначаецца старадаўняе гарадское паселішча.

Недалёка ад Церахоўкі знаходзіцца “Гарэлае балота”. Такіх народных гідронімаў па Беларусі шмат, але ён вельмі ёмісты, што дае не толькі добрую арыентацыю, але і ў адным словазлучэнні адлюстроўвае асаблівасці месца.

Акрамя разнастайных назваў чуў шмат цікавых слоў і выразаў ад сваёй прабабулі Пелагеі Герасімаўны, што любіла расказваць і была цікавым чалавекам, са старым успрыняццем свету. Менавіта ад яе знаю такія словы як галяк, варвылле, клодаўе. Прычым кожнае з пералічаных слоў з’яўляецца архаізмам, што не ўжываецца ў сучаснай беларускай мове і знікае з мясцовай гаворкі. “Галяк” азначае пустое месца без расліннасці, пустэчу, а вось пад “варвыллем” разумеюць няроўную мясцовасць, з частымі кочкамі ці ямкамі.

Помню, як мая прабабка заўсёды казала: “Пойдзем на клодаўе”. Запомніўся выраз, бо часта прыязджалі з бацькамі на Радаўніцу ў вёску, аднак недзе пасмейваліся нават і думалі, што прыдумала ўжо старая слова нейкае. Але нядаўна чытаў артыкул аднаго з лепшых этнографаў сённяшняй Беларусі Уладзіміра Лобача і раптам зразумеў, што слова найцікавейшае. У сваім артыкуле У. Лобач піша пра міфалагічны кантэкст ўяўленняў беларусаў аб скарбах, якія звязаны са светам памерлых. Прыведзены факт праяўляецца ў найменні скарба ў славянскіх мовах: “клад” (рус.) – “кладаўё” (бел.) ці “клодаўе” (мясц.). Паняцце “клодаўе” па-мясцоваму адпавядае беларускаму літаратурнаму слову “могілкі”. Гэта значыць, што абодва паняцці этымалагічна паходзяць з аднаго кораня і паказваюць на пракаветныя ўяўленні беларускіх сялян.

Можна толькі ўявіць якія прыгожыя словы бытавалі раней і якімі карысталася прабабка. Калі прыязджалі сям’ёй у вёску, яна сустракала сваю ўнучку, маю маці, са словам “любачка” – прыгожы і пяшчотны зваротак. Гэтае слова ёсць нават у самай папулярнай з беларуска-рускіх слоўнікаў кнізе пад аўтарствам С.М. Грабчыкава, тыраж якой склаў 100 тысяч асобнікаў. А слова між іншым адпавядае пяшчотнаму прыметніку рускай мовы і гучыць як “миленькая, золотко, душенька”. Не меньш цікавае і слова “любчык”, якое з’яўляецца адпаведным ласкавым зваротам да мужчын. Абодва гэтыя зваротка жывуць і з задавальненнем выкарыстоўваюцца ў мове ўнучак і праўнукаў Пелагеі Герасімаўны.

Часта слова “або” у пісьмовай і вуснай беларускай мове выконвае функцыю злучніка. Аднак мая прабабка карысталася ім як выклічнікам, што адлюстроўвае эмоцыю здзіўлення, неразуменне чагосьці ці кагосьці, часам непрыемнага. Прыведзеныя словы ці моўныя абароты ілюструюць асаблівасці мясцовай гаворкі. І наогул інтанацыя, вымаўленне словаў, націскі вельмі цікава слухаць і заўважаць у размове са старэйшым чалавекам. Старэйшае пакаленне беларусаў — цікавыя людзі і ў іх ёсць чаму павучыцца, пра што паслухаць і аб чым запытаць. Галоўнае навучыцца слухаць, а тым больш чуць іх.

Розныя камічныя моманты таксама звязаны з прабабуляй. Аднойчы два стрыечныя браты ўзімку, на галоўным месцы хаты ў гэты календарны перыяд — печы, гулялі ў назвы краінаў. І вось Пелагея Герасімаўна загадала ўнукам назву краіны на літарару “х”. Яны доўга думалі і не маглі адказаць, а яна засмяялася і сказала: “Хранцыя”. Хлопцы ўпокат, вось гэта дала баба Полька, як мы ўсе яе звалі. Але і тутака высвятляюцца цікавыя моўныя акалічнасці беларусаў. Справа ў тым, што значная частка лінгвістаў і мовазнаўцаў яшчэ ў 20-х гг XX ст. казалі, што для беларускай мовы не характэрны гук “ф” і таму ён часта змяняўся на больш звыклы гук “х”. Адсюль вымаўленне назвы заходнееўрапейскай краіны з’яўляецца яскравым прыкладам. Ці вось яшчэ гісторыя пра Ганцыбурск. Магчыма і ёсць такое паселішча дзе-небудзь у Германіі, але ў арыгінале гэта назва краіны і гучыць яна як Люксембург. Але чалавек, які ніколі не чуў такой назвы і краіны, вельмі хутка прыдумаў сваю, больш яму зразумелую. І гэта не дзіва, бо такіх з’яў хапала ў розныя часы і ў розных краінах і дакладна не сведчыць пра забітасць ці неразумнасць людзей. Гэта можна параўнаць з перакладам складанага слова на больш зразумелае ці іх спалучэнне. Тым болей што прабабка была вельмі кемлівая і ведала жыццё “як сваі пяць пальцаў”. Знала што сказаць чалавеку і як знайсці да кожнага падыход, была даволі камунікабельнай.

Чуў і розныя расказы пра церахоўцаў ад маці, што часта паўтарала вельмі цікавы выраз, які прыгожа гучыць і прыдуманы мабыць дасціпнымі вяскоўцамі, што любілі сваю вёску: “Церахоўка стаіць лоўка, можна горадам назваць”….

 

Комментарии закрыты
*