Официальный сайт общественно-политической газеты Славгородского района

Подписывайтесь на газету "Прысожскі край"! Подписной индекс: индивидуальный - 64087 , ведомственный - 640872.

Школы расчынілі дзверы

 

 

Першы дзень першага месяца восені традыцыйна ў нас  адзначаецца як Дзень ведаў. Менавіта 1 верасня фінішуюць летнія канікулы ў школах, іншых навучальных установах, і пачынаецца навучальны працэс – доўгі, захапляльны, поўны адкрыццяў.

Традыцыйна першыя званкі прагучалі ў тысячах школ краіны. Не стаў выключэннем і Слаўгарад. 10 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі і 7 дашкольнай  гасцінна расчынілі дзверы і запрасілі да сябе дашкалят і школьнікаў. Распачаўся 2017—2018 новы навучальны год і ва ўстановах дадатковай адукацыі, сацыяльна педагагічным цэнтры, цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі “Іскрычка надзеі”.

 

У сістэме адукацыі раёна працуюць 407 педагагічных работнікаў. Сёлета педагагічны корпус павялічыў свае рады на 7 маладых спецыялістаў, з якіх шасцёра маюць вышэйшую адукацыю.

Такім чынам, сферы адукацыі раёна падмацоўваюцца, так бы мовіць, навабранцамі.

Але вернемся да школьных лінеек першага верасня. Мне давялося стаць сведкай такой  на адкрытай пляцоўцы РЦК і НТ і падзяліць радасць вучняў першай гарадской.

З віншавальным словам да вучняў, настаўнікаў, бацькоў звярнуўся і кіраўнік раёна. Канстанцін Аляксандравіч павіншаваў прысутных са святам. Ён адзначыў, якое важнае месца адукацыя займае ў жыцці кожнага чалавека. “Мы жывём сёння ў свеце дынамічным, дзе ад чалавека патрабуецца валоданне камп’ютарнай граматай, іншыя веды. Толькі глыбока адукаваны, свядомы чалавек можа рэалізаваць сябе ў наш час. Таму школа павінна  стаць для кожнага з вас месцам, дзе атрымліваеце веды, пазнаеце свет, вучыцеся  стасункам паміж  сабой, развіваецеся. Жадаю і педагогам, і бацькам, і вучням толькі пазітыўных эмоцый і здароўя, і цікавых заняткаў. А прага да ведаў няхай стане той сілай, якая будзе рухаць вас, нас, грамадскасць уперад, да новых гарызонтаў”, — рэзюмаваў аратар.

 

Да мікрафона падыходзілі  і іншыя ганаровыя госці. Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама ў сваім прывітанні таксама павіншаваў усіх са святам. “Для выпускнікоў гэты навучальны год стане апошнім. Таму зычу кожнаму з вас самааддана падысці да заняткаў, “падцягнуць”, калі трэба, больш слабыя вобласці, падрыхтавацца годным чынам да выпускных іспытаў, цэнтралізаванага тэставання. З боку педагагічных работнікаў будзе зроблена, я перакананы, усё, каб перадаць усе веды вам, дапамагчы знайсці сябе, правільна выбраць шлях, па якім вы пакрочыце далей”, — падкрэсліў Аляксандр Аўчыннікаў.

Адзін з вучняў першай гарадской атрымаў з рук намесніка начальніка  РАУС Віталя Далівайлы свой першы, самы галоўны дакумент – пашпарт.

Віталь Міхайлавіч далучыўся да віншавання і адзначыў, што зараз трэба зноў нагадаць правілы паводзінаў на вуліцы, праезжай частцы. “Бяспека – галоўнае ў нашым жыцці. Таму па дарозе ў школу, дамоў, не забывайце Правілы дарожнага руху. Дапамагайце сваім маленькім калегам не парушаць іх”, — адзначыў выступоўца.

Шмат гучала яшчэ віншаванняў. Мноства кветак было ўручана кожнаму з аратараў. Першакласнікі звярнуліся да сваіх старэйшых сяброў-выпускнікоў. Яны далі абяцанні з гонарам прайсці ўвесь школьны шлях, добра вучыцца і радаваць бацькоў і настаўнікаў поспехамі, паводзінамі.  У адказ кожны з іх атрымаў паветраныя шары.

Лінейка праляцела неўпрыкмет. Школьныя класы, калідоры напоўніліся дзіцячымі гаманой, смехам. Але гэта пакуль не пачаліся заняткі. Пасля першага ж званка ў паветры пасялілася цішыня. І толькі было чуваць, як настаўнікі вядуць першыя ў гэтым навучальным годзе ўрокі, прысвечаныя нашай Радзіме — Беларусі.

Поспехаў табе, вучань. Са святам, педагог!

Прысутнічаў на ўрачыстасці

Уладзімір РЫЖАНКОЎ.

Фота аўтара.

 

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (Пока оценок нет)
Загрузка...
Updated: 10.09.2017 — 19:22
Авторские права. "Прысожскі край" Районная газета. Новости Славгорода и Славгородского района . © 2016
Сайт Президента Республики Беларусь Славгородский районный исполнительный комитет HotLog Яндекс.Метрика Rating All.BY