“Там, дзе сосны спяваюць песні белым бярозкам…”

 

У старадаўнія часы вёскі з назвай Свенск не існавала. На ўзнікненне і развіццё гэтага населенага пункта вялікае ўздзеянне мела Маскоўска-Варшаўская шаша. Гэты шлях праклалі ў 1851 годзе, і праз нейкі час усцяж яго пачалі адкрывацца паштовыя двары. Адзін з такіх двароў атрымаў назву Свенскаполле. Побач знаходзіўся маёнтак пана Корнрумпфа. У 1870 годзе гэты шляхціч валодаў 1800 дзесяцінамі зямлі і прыдарожнай карчмой. Недалёка ад шашы быў невялічкі пасёлак Бярозкі, які атрымаў сваю назву з-за мноства бяроз уздоўж вуліцы. У Бярозках жылі сяляне, якія працавалі на пана Корнрумпфа. Пазней пасёлак пачалі называць Свенск, а на паштовай пячатцы значылася “Свенскаполле”.

 

З цягам часу маёнтак перайшоў ва ўладанне пана Эйхельмана. Тут было 4 двары і 16 жыхароў. Жыхары бліжэйшых вёсак павінны былі прыходзіць да гаспадара зямель на паншчыну. І трэба адзначыць, што працы сялянскім рукам тут хапала. Эйхельман у сваім маёнтку загадаў закласці парк плошчай 12 га і яблыневы сад. Гэты сад быў вельмі пладаносны. Яблыкі сарціраваліся і адпраўляліся ў Быхаў, Рагачоў, Гомель і Магілёў.

Так здарылася, што ў 1879 годзе град цалкам знішчыў  азімыя, а праз 3 гады стыхія зноў нанесла вялікую шкоду гаспадарцы. Становішча вёскі пагоршылася і ў выніку прамысловага крызісу 1900 – 1905 гадоў. Прапайчане не засталіся ў баку ад палітычных хваляванняў тых часоў, а жыхары Свенскаполля нават зрабілі спробу пайсці са зброяй на свайго пана Эйхельмана.

Пасля ўстанаўлення савецкай улады ўся маёмасць пана была падзелена паміж бяднотай. Самаго Эйхельмана сяляне не чапалі, а ў сучасным Свенску ад былога маёнтка засталіся толькі сад ды ліпавыя алеі.

У 1922 годзе ў Свенскаполлі быў створаны сельскагаспадарчы кааператыў “Культура”. А пасля землеўпарадкавання 1925 года з’явіліся на гэтай тэрыторыі яшчэ і невялічкія пасёлкі з незвычайнымі назвамі Дурылаўка і Хітрылаўка. Але ўжо ў 1939-м усе гэтыя населеныя пункты аб’ядналіся ў вёску з усім нам вядомай назвай Свенск.

У 1927 годзе ў раёне пачалі стварацца калектыўныя гаспадаркі – правобразы будучых калгасаў. Адным з першых калгасаў у раёне была створана гаспадарка імя С.М. Будзённага на свенскіх тэрыторыях. Узначаліў калгас рабочы ленінградскага завода Красноўскі.

З адкрыццём крамы Свенск выйшаў на новы ўзровень развіцця, а ў канцы 30-х гадоў мінулага стагоддзя ў сялянскія хаты прыйшлі радыё і электрычнасць.

 

Войны заўсёды ўрываюцца ў жыццё людзей раптоўна. Мірнае існаванне жыхароў Свенска, як і ўсіх савецкіх грамадзян, было перапынена 22 чэрвеня 1941 года. І ўдзень, і ноччу варшаўская шаша была месцам руху вайскоўцаў. Не прайшло і месяца, зерне яшчэ не прыбралі, як пайшлі чуткі пра нямецкі дэсант. Напалоханыя жыхары пачалі пакідаць свае хаты. Фронт некаторы час стаяў на шашы Доўск – Прапойск, і вёскі запалалі ў агні.

Пачалася акупацыя. І як бы цяжка ні было, жыццё працягвалася па сваім спрадвечным законам. Сяляне вярнуліся дадому, пахалі зямлю, нарыхтоўвалі сена, дровы, збіралі ўраджай. Але, як і па ўсёй Прапойшчыне, сваё супраціўленне ворагу арганізавалі партызаны і падпольшчыкі. З 1941-га па 25 лістапада 1943 года Свенск быў пад нямецка-фашысцкай акупацыяй. У брацкай магіле, якая знаходзіцца ў цэнтры аграгарадка, пахаваны 26 савецкіх воінаў, якія загінулі пры вызваленні гэтых зямель. Тут жа ўзведзены стэлы, каб увекавечыць памяць пра 176 землякоў, загінуўшых на франтах Вялікай Айчыннай.

Шмат гадоў сведка і ўдзельнік вайны Рыгор Берднікаў жыве ў Свенску. Пасля курсаў радыстаў у 1943 годзе трапіў на перадавую, у 566 мінамётны полк. Удзельнічаў у вызваленні Мінска, Кенігсберга, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Польшчы, Германіі. Служыў звыштэрмінова ў Германіі да 1953 года. Пасля Рыгор Фёдаравіч настаўнічаў у школах Слаўгарадскага раёна, 23 гады адпрацаваў на свінаводчым комплексе ў Свенску. Мае шэраг ордэнаў, медалёў і іншых узнагарод.

А жыхары Прудка ганарацца сваім земляком Мікалаем Макаранка, які, маючы педагагічную адукацыю, пачаў вайну пехацінцам, а закончыў ужо кулямётчыкам. Перанёс некалькі раненняў, але ўсё ж такі пасля шпіталёў заўсёды вяртаўся на поле бою. Удзельнік вызвалення Варшавы, баёў па ўзяцці Берліна. Пасля вайны да выхаду на заслужаны адпачынак працаваў ў Славенская пачатковай школе. Усе заслугі Мікалая Аляксандравіча пазначаны шматлікімі ордэнамі, медалямі, падзякамі.

Вайна яшчэ не скончылася, а на вызваленай тэрыторыі ўжо пачалося аднаўленне разбуранай вайной гаспадаркі. У пачатку 1944 года было створана Чарнякоўскае спажывецкае таварыства, хуткімі тэмпамі пачалося аднаўленне калгаса. Закіпела масавае будаўніцтва. У канцы 40-х у Свенску пачала працаваць пачатковая школка, а працягвалі сваю адукацыю дзеткі ў Прудоцкай сямігодцы, якая знаходзілася ў 2-х кіламетрах.

Ад пяцігодкі да пяцігодкі мяняўся выгляд вёскі. З 30 лістапада 1961 года Свенск стаў цэнтрам сельсавета, у 1972 годзе пачалася будоўля сярэдняй школы, якая ў 1974 годзе аб’яднала калектывы Прудоцкай сярэдняй і Чарнякоўскай васьмігадовай. Праз 4 гады ў вёсцы з’явіўся і фельчарска-акушэрскі пункт.

У канцы 1970-х Свенск набыў новы, знакавы накірунак у сваім развіцці: было ўведзена ў эксплуатацыю міжгаспадарчае вытворчае аб’яднанне па адкорму свіней на 12 тысяч галоў. А ў пачатку 80-х была пабудавана такая ўстанова культуры, як бібліятэка.

Не абыйшла гэты край працавітых людзей і катастрофа на Чарнобыльскай АЭС. Свенск трапіў у зону забруджвання радыенуклідамі, дзе іх узровень склаў 10 – 15 Кі/км. кв. На прылягаючай тэрыторыі Свенскай сярэдняй школы была праведзена дэзактывацыя.

Нягледзячы на гэтыя тэхнагенныя катаклізмы, вёска набыла фізкультурна-аздараўленчы  і лазне-аздараўленчы комплексы, Свенск стаў цэнтрам аднаго з буйнейшых калгасаў раёна – “Зара”. А з 2005 года гэтая вёска ужо мае статус аграгарадка.

Герой нашай сённяшняй публікацыі можна сказаць даволі “малады” адносна іншых населеных пунктаў раёна. Але працоўную гісторыю сваіх жыхароў мае багатую. Цэлыя дынастыі шаноўных людзей дала нам зямля Свенскага сельсавета.

Павел і Соф’я Старавойтавы з Лебядзёўкі пражылі цяжкае, але правільнае жыццё. Выстаялі ва ўсіх выпрабаваннях лёсу, нарадзілі і выхавалі дзевяць дзяцей, якія сталі паважанымі людзьмі ў нашай краіне, прафесіяналамі ў розных сферах.

Уладзімір і Вольга Марушэнка, таксама з Лебядзёўкі, усё жыццё шчыравалі ў сельскай гаспадарцы і дабіліся высокіх паказчыкаў у сваёй працы, за што мелі шмат узнагарод і пашану землякоў.

І сёння яшчэ памятаюць перадавіка вытворчасці і шчырага чалавека Кацярыну Папянкову з Прудка. Гэтая працавітая цялятніца за свае дасягненні таксама мела ўзнагароды і прызнанне не толькі на раённым узроўні. Таксама выхадзец Прудка Васіль Марушэнка ўсё сваё жыццё прысвяціў хлебаробскай справе. Гэты ўдзельнік Вялікай Айчыннай мог усё: і ворага бязлітасна біць, і адзінаццаць тысяч тон торфакрошкі нарыхтаваць, і дзве тысячы эталонных гектараў у год выпрацаваць, і пра калег добрае слова сказаць. За шматгадовую добрасумленную працу Васіль Цімафеевіч быў удастоены ў 1975 годзе звання “Герой Сацыялістычнай працы”.

Сёння аграгарадок Свенск мае выгляд сучаснага населенага пункта: двухпавярховыя кватэрныя дамы, асфальтаваныя вуліцы, уся патрэбная для камфортнага пражывання інфраструктура. Ужо амаль нічога не нагадвае пра рознага кшталту гістарычныя выпрабаванні, якімі шчодра надзяліў лёс гэты куточак Слаўгарадчыны. Але мясцовыя жыхары яшчэ памятаюць расказы старажылаў, яшчэ ёсць жывыя прыклады самаадданай працы і патрыятызму. Маладому пакаленню ёсць у каго павучыцца.

А захоўваюць каштоўную скарбонку гісторыі бібліятэкары Свенскай бібліятэкі-філіяла №28 Наталля Марусева і Юлія Зайчанка. За што ім вялікі дзякуй, а таксама за дапамогу ў падрыхтоўцы артыкула.

Падрыхтавала Аксана НЯМЦОВА.

Фота аўтара.