“Наша задача — выхаваць патрыёта”

 

Пытанні развіцця беларускай сістэмы адукацыі сталі асноўнай тэмай сустрэчы, якая прайшла ў мінулы аўторак у кінатэатры “Радзіма” з удзелам міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігара Карпенкі.

Высокі дзяржаўны дзеяч прыехаў на Слаўгарадчыну з рабочым візітам, і ў рамках дня інфармавання сустрэўся з настаўніцтвам раёна, каб не толькі агучыць пераўтварэнні, якія адбываюцца ў сістэме адукацыі, але і наладзіць, так бы мовіць, з калегамі дыялог, пачуць іх пункт гледжання на многія пытанні. На мерапрыемстве таксама прысутнічалі: начальнік упраўлення адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Рыжкоў, кіраўнік раёна Канстанцін Жыгуцкі, старшыня райсавета дэпутатаў Вольга Бычык.

Сёння шмат спрэчак аб тым, як рэфармаваць сістэму адукацыі, каб яна стала лепш, адпавядала часу і тым выклікам сучаснасці, якія ёй прад’яўляе жыццё. Міністр перакананы, што склаўшуюся сістэму рэфармаваць не трэба, а вось развіваць і ўдасканальваць – неабходна.

—Зараз якраз і выпрацоўваюцца канцэптуальныя падыходы, якія пазней будуць зацверджаны. Але толькі пасля ўсебаковага абмеркавання на ўсіх узроўнях, — падкрэсліў Ігар Васільевіч. –Таму я заклікаю вас да адкрытага дыялога.

А тэм для абмеркавання было нямала. Выступоўца агучыў сваю пазіцыю па многіх ключавых пытаннях. Так, наконт перахода на ўсеагульную сярэднюю адукацыю Ігар Карпенка патлумачыў, што фактычна сістэма да такога пераходу гатовая. На сённяшні момант у нарматыўнай базе прапісана базавая адукацыя, інакш кажучы, дзевяць класаў.

Не менш важнае пытанне, на якім спыніўся міністр, — дзейнасць бацькоўскіх камітэтаў.

—Калі вы жадаеце аказаць фінансавую дапамогу школе, то ёсць разліковы рахунак, куды можна пералічыць грошы, без аніякіх “абавязалак” і праверак, ці ўсе гэта зрабілі. І настаўніку абсалютна не трэба ведаць, хто з бацькоў і колькі грошай пералічыў. А вось школьны савет разам з бацькоўскім і будуць вырашаць, на якія патрэбы гэтыя сродкі расходаваць, — падкрэсліў выступоўца.

Наконт рэпетытарства ў яго наогул прынцыповая пазіцыя. Па словах міністра, настаўнік, які не імкнецца выкарыстоўваць кожную хвіліну ўрока з карысцю, які адмаўляецца ад падтрымліваючых заняткаў і факультатываў, а прапануе пры гэтым свае рэпетытарскія паслугі, павінен інфармаваць свойго наймальніка аб ажыццяўленні ім дзейнасці ў якасці рэпетытара.

—Выбарачная праверка пракуратурай сталічных устаноў адукацыі паказала, што асобныя ўмудрыліся паўдзельнічаць у прыёмных камісіях у вузах, уступных выпрабаваннях у гімназіях. А ці не гэта факт схаванай карупцыі? – запытваў прамоўца.

Тэма гімназій таксама ўздымалася. Ігар Карпенка прыхільнік таго, каб захаваць гімназіі ў сістэме агульнай сярэдняй адукацыі. Але адзначыў, што ніякіх уступных экзаменаў у пяты клас не будзе, таму як гэта хутчэй “спаборніцтвы” бацькоў, чым выбар самога навучэнца. Хто пойдзе ў пяты клас — гэта будзе вызначаць незалежны экзамен. Пры гэтым плануем, што і звычайныя школы змогуць адкрыць у сябе гімназічныя класы для сваіх навучэнцаў, якія дэманструюць высокі ўзровень.

Гэта далёка не ўсе тэмы, на якіх акцэнтаваў увагу настаўніцтва раёна міністр. Новыя падручнікі, цэнтралізаванае тэставанне, навучальныя праграмы, нагрузка на настаўнікаў – далёка не ўсе пытанні, якія былі вынесены на абмеркаванне. Асаблівую ўвагу Ігар Васільевіч акцэнтаваў на асобе настаўніка.

—Падрыхтаваць грамадзяніна, сем’яніна і прафесіянала – вось галоўная задача на сённяшні дзень адукацыі. У кожнага з нас былі настаўнікі, якія не толькі прывівалі любоў да свайго прадмета, але і ў многім вызначылі наш жыццёвы шлях. Асоба педагога, яго пазіцыя і светаадчуванне — вось што ў цяперашні час асабліва значна, — падкрэсліў аратар.

Пасля выступлення высокага госця аўдыторыя пачала задаваць пытанні адносна перахода да нездавальняючых ацэнак, цэнтралізаванага тэставання, сістэмы падушавога фінансавання і іншага. Кожнае з пытанняў займела кампетэнтны і вычарпальны адказ.

Напрыканцы сустрэчы Ігар Карпенка павіншаваў настаўніцтва раёна з надыходзячым прафесійным святам, пажадаў поспехаў, натхнення і плённай працы.

У рамках рабочага візіта міністр таксама наведаў першую гарадскую школу і прафесійны ліцэй №3.

Святлана ІГАРАВА.

Фота Іллі Жартуна.