Официальный сайт общественно-политической газеты Славгородского района

Подписывайтесь на газету "Прысожскі край"! Подписной индекс: индивидуальный - 64087 , ведомственный - 640872.

“Няма без мінулага будучыні”

Гісторыя і ўсё, што з ёю звязана, Андрэя Кавалёва вабіла з самага дзяцінства. І гэта не абмяжоўвалася толькі  школьнай праграмай сярэдняй школы. Тут усё значна глыбей. Па-першае, хлопец нарадзіўся на багатай на гістарычныя падзеі зямлі – Палтаве, што ва Украіне. Па-другое, так сталася, што з маленства ён  набыў верных сяброў-аднадумцаў. І ўжо цэлай сяброўскай кампаніяй падлеткі да ночы праводзілі  час у пошукавых работах.

“Мы жылі непадалёк ад месц старадаўніх пахаванняў, якія былі  ўведзены ў гаспадарчае карыстанне.Таму знайсці наканечнік дзіды, ці розныя  цікавасці з сівой даўніны было  зусім не рэдкасць”, — кажа субяседнік.

Знаходкі падлеткі аддавалі ў мясцовы музей, атрымлівалі за іх невялікія грошы. Дарэчы, ужо ў той час юнак з аднадумцамі арганізавалі пошукавы атрад. Вынікамі дзейнасці якога сталі знойдзеныя звесткі загінуўшых падчас Вялікай Айчыннай чырвонаармейцаў. З тых часоў тэма вайны, ідэя быць карысным грамадству Андрэя не пакідала. І свой, так бы мовіць, вектар ён абраў раз і назаўсёды.

Пасля васьмі гадоў школы Андрэй паступіў у геолага-разведачны тэхнікум. Паспяховае яго заканчэнне выпускніку  Кавалёву дазволіла атрымаць спецыяльнасць “Тэхнік-механік па абслугоўванню буравых  установак”. Да таго ж, ён атрымаў спецыяльнасць “Геолаг”. Неўзабаве маладому чалавеку было прапанавана  прайсці тэрміновую службу ў арміі. Ад гэтай прапановы ён не адмовіўся і два гады абараняў Радзіму ў адной з ваенных часцей   Масквы. Дэмабілізацыя прыйшла хутка і паставіла перад дарослым ужо  чалавекам выбар: што рабіць, куды ісці?

Вяртанне ў Палтаву, пошукі працы, перажыванні на асабістым фронце: гэты перыяд прыходзіўся на неадназначныя 90-я мінулага стагоддзя. Многія ў той час шукалі сябе, шукалі “лёгкіх” грошай. Але не  з такіх быў Андрэй Кавалёў. Дый і ў жыцці з’явілася дзяўчына, якая моцна ўзяла яго за душу. Так здарылася, што яна родам была са Слаўгарада, а працавала ў Палтаве. Адносіны развіваліся даволі рухава і неўзабаве прыйшлі да лагічнага этапу – шлюбу.

Наступны этап – пераезд і жыццё на Слаўгарадчыне. Так склаліся абставіны, што сям’я вырашыла паехаць на радзіму жанчыны. “Адметным лічу той факт, што з аднаго гістарычнага  месца, дзе Пётр I перамог шведскія  войскі і паклаў канец Паўночнай  вайне, я пераехаў у мястэчка, дзе ён  жа ў Лясной зрабіў першы крок  да той  перамогі”, — гаворыць Андрэй – “Гэта, канешне, супадзенне, але для мяне гэта нібыта знак, што я там, дзе павінны быць”.

Працаваць прыйшлося таксама па накірунку, блізкаму Андрэю, – у цэнтры дзіцячай творчасці, весці краязнаўчы гурток. З цягам часу быў створаны на базе цэнтра   і пошукавы атрад “Спадчына”.

Шмат добрых  і вельмі важных спраў было зроблена ягонымі членамі. Працягвае сваё існаванне, але ўжо  ў фармаце грамадскага аб’яднання, ён  і сёння.

“Пошукавая работа – гэта не прымус, не камерцыйны праект, гэта тое, чаго просіць сэрца. І калі мы збіраемся  з сябрамі-аднадумцамі, адшукваем загінуўшых салдат, дапамагаем іх перапахаваць па ўсіх правілах – мы  адчуваем, што на гэтай зямлі мы нешта  значым, мы карысныя”, — адзначае Андрэй.

Ужо некалькі гадоў у раёне адкрыты і працуе краязнаўчы музей, які і стаў месцам працы для гэтага апантанага гісторыяй чалавека. Прычым, гісторыяй і нашай, роднай для яго цяпер зямлі. “Вы ведаеце, быў момант, калі  перада мной стала пытанне: вяртанне  на Палтаву, ці застацца тут. Я шукаў адказ на гэтую дылему доўга, асэнсоўваў. Але аднойчы выйшаў на бераг Проні, агледзеўся і зразумеў – тут  маё месца, я палюбіў Слаўгарад, Беларусь. Прыгажосць гэтых мясцін, на мой погляд, заслугоўвае пэнзаля знакамітых мастакоў. Таму і сёння я імкнуся не быць шэрай статыстычнай адзінкай насельніцтва  раёна, а быць для яго, ягоных жыхароў карысным”, — прызнаецца мой суразмоўца.

Прынамсі, Андрэй Вячаслававіч і на шляху самаўдасканальвання не спыніўся. Ён зараз вучыцца на пятым курсе педуніверсітэта імя А. Куляшова. Шукае ён сябе на розных накірунках. Але дамінуе ў яго любоў да гісторыі, яе патаемных, зачыненых для іншых, закуткоў.

“Без мінулага не будзе будучага”, — рэзюмуе мой суразмоўца. — Я  перакананы, што ўсе інавацыі, рэвалюцыйныя адкрыцці ў сваім падмурку маюць вопыт мінулага, яго аналіз. Таму і да людзей сталага ўзроста, упэўнены, трэба ставіцца як да носьбітаў каштоўнейшай інфармацыі, сведкаў падзей, з цягам часу якія, так у жыцці заведзена, нас пакінуць”, — адзначае ён.

Займаецца герой гэтага артыкула тым, што кантактуе з насельніцтвам раёна сталага ўзроста, папаўняе фонд музея, імкнецца кожную хвіліну не бавіць марна.

“Так сталася, што і з кіраўніцтвам  непасрэдным мы, як кажуць, на адной хвалі: разам хочам гісторыю Слаўгарадчыны  захаваць. Дзякуй хочацца сказаць і людзям, якія прыносяць да нас цікавыя экспанаты. Калегам, якія дапамагаюць адшукваць новыя крыніцы інфармацыі, таксама выказваю  словы прызнання і падзякі. Усіх са святам”, — развітальнымі становяцца словы Андрэя Кавалёва.

Ад сябе толькі дадам, што ён насамрэч чалавек апантаны. Ён імкнецца ва ўсім знаходзіць станоўчае. Любіць  прыроду ва ўсіх яе праяўленнях, захапляецца рыбалкай.

Прыемна пра гэта гаварыць: ён стаў патрыётам нашага прысожскага края, палюбіў яго і яго людзей. Хочацца, каб у гэтага чалавека надалей  усё ішло толькі ўперад, а альтруізм і самаадданасць не пакідалі яшчэ як мага даўжэй.

Уладзімір РЫЖАНКОЎ.

Фота аўтара.

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (Пока оценок нет)
Загрузка...
Updated: 06.10.2017 — 12:58
Авторские права. "Прысожскі край" Районная газета. Новости Славгорода и Славгородского района . © 2016
Сайт Президента Республики Беларусь Славгородский районный исполнительный комитет HotLog Яндекс.Метрика Rating All.BY