Шанавалі сэрцам маладых

29 верасня да будынка сталовай ААТ «Урэчанскі» пад’язджалі машыны, якія падвозілі пажылых людзей з вёсак: Шаламы, Шаламы-2 і Урэчча. Яны збіраліся на свята, прысвечанае Дню пажылых людзей. Арганізавалі яго кіраўніцтва гаспадаркі, Васькавіцкі сельвыканкам, працаўнікі Васькавіцкіх клуба і бібліятэкі.

Цёплыя словы за добрасумленную працу, актыўную жыццёвую пазіцыю, за любоў да роднага мястэчка, дзе нарадзіліся, жылі і працавалі, падымалі на ногі дзяцей, гучалі ў гэты дзень ад старшыні Васькавіцкага сельсавета Аляксандры Плехавай, якая вяла свята пад назвай “Вашых гадоў сярэбраныя струны”.

Песні ў выкананні народнага ансамбля “Чапурушкі”, якім кіруе Галіна Малахоўская, уздымалі настрой прысутным, а “салодкі стол” з пачастункамі і пірагамі з мукі новага ўраджаю дадалі настраёвасці. Прысутныя з ахвотай танчылі, усміхаліся байкам і сцэнкам, не шкадавалі сваіх далоняў для шчырых апладысментаў артыстам.

*   *   *

1 кастрычніка Дзень пажылых людзей святкавалі ў Васькавіцкім сельскім клубе. Залу запоўнілі госці – жыхары вёсак: Папоўка, Зарэчча, Васькавічы. Іх шчыра вітала вядучая свята Аляксандра Плехава, якая падзякавала за сумленную працу, выказала падзяку за актыўны ўдзел у жыцці Савета, пажадала ўсім здароўя, дабрабыту і даўгалецця.

Свае песні падараваў народны ансамбль  “Чапурушкі”, а дадалі настрою “салодкі стол” і каравай. Разыходзіліся  вяскоўцы з добрым настроем і жаданнем жыць і радавацца жыццю надалей.

Галіна Малахоўская.