У мінулую нядзелю настаўніцтва краіны адзначала сваё прафесійнае свята – Дзень настаўніка. З гэтай нагоды ўрачыстасці праходзілі ў кожным раёне. Наш не стаў выключэннем і сабраў ў актавай зале райцэнтра культуры і народнай творчасці прадстаўнікоў гэтай прафесіі.
Усе, хто мае дачыненне да педагагічнага працэса, былі запрошаны на мерапрыемства.
Вядучыя віталі прысутных у зале. Шмат добрых і віншавальных слоў гучала ў адрас людзей, якія абралі для сябе паважаны і вельмі няпросты шлях настаўніцтва.
Намеснік старшыні райвыканкама Святлана Езерская вітала герояў мерапрыемства, іхніх блізкіх. Яна падкрэсліла, што педагогі, настаўнікі, выхавацелі ў дзіцячых садках робяць вельмі важную справу – цагліну за цаглінай кладуць у фарміраванне асобы, грамадзяніна. “Мы ўсе ведаем, што кожнае дзіця ў садку, вучань – у школе, студэнт – у вну – гэта асоба са сваім характарам, светапоглядам і прынцыпамі. І зусім няпроста бывае знайсці агульную мову, зацікавіць яго. Але зрабіць гэта трэба. І вам, паважаныя сябры, гэта з поспехам атрымліваецца дасягнуць. Вы, на мой розум, з’яўляецеся другімі пасля бацькоў, тымі, чый аўтарытэт павінен быць з разраду бясспрэчных. І калі вы дасягаеце гэтага сваім прыкладам, справамі, калі аддаецеся рабоце з галавой — мы з боку бацькоў, калег здымаем капялюш”, — казала Святлана Аляксандраўна.
Свой спіч куратар сацыяльнай галіны раёна зрабіла змястоўным, але не зацягвала і з іншым ускладзеным на яе абавязкам — узнагароджваннем. Яно, дарэчы, у той дзень было працяглым: на маёй памяці такой колькасці педработнікаў запар на адной сцэне не адзначалася. І гэта не можа не радаваць: для кожнага, хто выходзіў на сцэну, знаходзіліся добрыя і шчырыя словы. Матэрыяльная падтрымка і кветкі таксама былі прыемным да іх дапаўненнем.
Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Аляксандр Аўчыннікаў таксама вітаў педагогаў Слаўгарадчыны. Ён падзякаваў усіх, хто не проста адсіджвае свае гадзіны, а працэсу аддае ўсяго сябе, імкнецца кожны занятак зрабіць цікавым, карысным, непаўторным.
Старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Святлана Дзенісенка таксама далучылася да віншавання і ўручыла дырэктару Лапаціцкай школы кветкі і дыплом.
Старшыня прафкама работнікаў адукацыі і навукі Алена Салдаценка разам з Аляксандрам Аўчыннікавым з высокай трыбуны выказалі ўдзячнасць і ветэранам педагагічнай працы. Працяглыя авацыі гучалі ветэранам. Такім чынам, на маю думку, грамадства выказвала павагу і прызнанне.
Асобныя словы гучалі і ў адрас тых, хто толькі пачынае свой працоўны шлях у прафесіі. Маладыя спецыялісты галіны былі запрошаны на сцэну, дзе іх шанавалі, узнагароджвалі і настаўлялі іхнія больш вопытныя калегі. “Шлях, які вы абралі для сябе, няпросты, багаты на выпрабаванні, але цікавы і высакародны. Хочацца, каб па ім вы крочылі годна, з узнятай галавой, а вашы вучні ганарыліся сваімі настаўнікамі”, — гучала са сцэны ў адрас маладых педагогаў.
У адказ моладзь праспявала для сваіх старшых калег песню. Якіх, дарэчы, у той дзень гучала шмат. І кожная з якіх была напоўнена пазітывам і верай у будучае. Выхаванцы цэнтра дзіцячай творчасці, дзіцячага садка №3 дарылі свае талент і харызму зале. У адказ атрымлівалі авацыі.
Больш за гадзіну актавая зала РЦК і НТ прымала ўдзельнікаў, гледачоў насамрэч феерычнага дзейства. А яно было такім. Бо ніводзін, на маю думку, чалавек не праходзіў розныя этапы жыцця сам насам, без выхавацеля, настаўніка, выкладчыка. І вялікі ім дзякуй кажа кожны, для каго гэты тандэм стаў карысным.
Уладзімір РЫЖАНКОЎ.
Фота аўтара.