Наведала аграгарадок

 

Вельмі прыемна, калі тое, што ты робіш, мае станоўчы водгук. Так адбылося  і з нашым гістарычным праектам. У адной з сацыяльных сетак публікацыі займелі станоўчыя каментарыі чытачоў і нават “заказы”. Нашы шаноўныя чытачы звяртаюцца з просьбамі, каб мы напісалі пра іх родныя вёскі, а гэта азначае, што мэта праекта – абудзіць успаміны і зацікавіць гістарычным мінулым малой радзімы – у нейкай ступені дасягнута. Паважаныя чытачы, па магчымасці мы будзем імкнуцца выканаць усе вашыя пажаданні і спадзяёмся на вашу дапамогу ў гэтым плане.

А сённяшняя наша гераіня – аграгарадок Ржаўка. У адзін з дажджлівых кастрычніцкіх дзянькоў мы завіталі да бібліятэкара Ржаўскай бібліятэкі­філіяла Вольгі Варэннікавай, якая арганізавала сустрэчу з мясцовымі жыхаркамі Марыяй Новікавай, Тамарай Краўцовай і Марыяй Варэннікавай. Шмат чаго цікавага расказалі гэтыя добразычлівыя жанчыны, але прыйшлося звярнуцца і да пэўных дакументальных крыніц.

 

Мясцовыя назвы населенага пункта ­­ Аржаўка, Ржаўка, Ржаўка Старая. Старажылы сведчылі, што вёска  была яшчэ да паншчыны, а назву атрымала ад багністай мясцовасці – іржавая вада. Паводле другой легенды, вёска Ржаўка перад адменай прыгоннага права (1861 г.) называлася Луб­Камочышча (Лубкамочышча), таму што тут было шмат ліпніка, з якога дралі луб, кару замачвалі і з валокнаў ткалі рагожу, рабілі мачала, рэшаты. З 1774 года населены пункт належаў князю Галіцыну і меў 160 жыхароў,  у 1783 годзе было 52 двары і ўжо 185 жыхароў. У 1884 годзе ­­ 64 двары, 280 жыхароў, хлебазапасная крама.

Каля вёскі Ржаўка ў 1906 годзе быў знойдзены скарб у колькасці 125 срэбраных пражскіх грошай, мяркуецца, што яны былі схаваныя ў XV стагоддзі. У 1910 годзе вёска Ржаўка каля бальшака і ракі Паплавы належала Ржаўскаму сельскаму таварыству (у 1912 ­ 108 домаўласнікаў), 121 двор, 770 жыхароў. Адносілася да Кульшыцкага праваслаўнага прыходу. У 1918 годзе тут было трохкласнае вучылішча. А ў 1926 годзе вёска налічвала амаль тысячу жыхароў, тут была ўжо чатырохкласная школа.

У пачатку XX стагоддзя ў Ржаўцы навучанне дзетак было наладжана ў грамадскім доме. 20 хлопчыкаў і адну дзяўчынку вучыў былы ўнтэр­афіцэр Пятрок Булдыроў. Грамадства за вучэбны час выплочвала яму 27 рублёў. Трэба падкрэсліць, што вучоба тады не насіла агульнага характару. І не дзіўна, што большасць сялянскіх хлапчукоў, ужо не кажучы пра дзяўчынак, так і засталіся непісьменнымі.

У канцы 1917 г. з Піцера ў в. Ржаўка вярнуліся  землякі­матросы: Рыгор Лахтычкін, Архіп Каржоў, Іўка Бурдзіла, Ягор Прачкін. Ім даводзілася чуць прамовы і заклікі бальшавікоў. Таму адразу былыя франтавікі пачалі растлумачваць аднавяскоўцам, хто такія У.І. Ленін і бальшавікі, чаго яны хочуць для бедных сялян, асабліва актыўнымі агітатарамі за савецкую ўладу былі матросы. У вёсцы ў той час збіраліся сходы, на якіх прысутнічалі старыя бальшавікі.

У пачатку 1918 г. быў створаны Ржаўскі сельскі Савет. Яго першым старшынёй абралі былога франтавіка Данілу Якаўлевіча Каржова. Шмат было работы першым Саветам. Тут і зямельныя пытанні, і барацьба з варожымі элементамі. Адной з важных задач была арганізацыя чырвонагвардзейскіх атрадаў з ліку мясцовых жыхароў.

Як і ў іншых вёсках, у Ржаўцы падзялілі памешчыцкую зямлю паміж беднымі сялянамі. Жыццё стала наладжвацца. Была адкрыта ў вёсцы школа, у якой сталі вучыцца ўсе дзеці школьнага ўзросту. Пачалося новае жыццё.

Красамоўна пра тое, як жылося сялянам у той час, успамінаў першы важак ржаўскіх камсамольцаў М.Шаройкін: “Камсамолу я асабіста абавязаны вельмі многім. Пра дзяцінства ўспамінаць цяжка: бацькі батрачылі ў памешчыцы Мурамцавай, і пра ўмовы жыцця тут гаварыць будзе лішнім. Да таго ж, у час імперыялістычнай вайны бацька трапіў на фронт, і мы з маці засталіся адны. Жылі ў маёнтку памешчыцы, а калі ў сямнаццатым тая ўцякла за мяжу, давялося перабрацца ў вёску, бо маці засталася без работы. Так мы сталі жыць у Ржаўцы. Маці працавала ў кулакоў на сезонных палявых работах. А я стаў пасвіць кулацкую жывелу.

У той час (а было гэта ў 1923 г.) даведаліся мы, што ў Жаролах створана камсамольская ячэйка, і што камсамольцы выступаюць супраць эксплуататараў, за рэвалюцыю і за лепшае жыццё для ўсіх працоўных. Сакратаром ячэйкі быў Аляксей Лутаў, студэнт Ленінградскага рабфака. Вельмі хацелася і мне стаць камсамольцам. Быў шчаслівы, калі ў тым жа годзе атрымаў камсамольскі білет. На гэтым скончылася маё батрацтва”.

На першае студзеня 1938 года Ржаўскі сельсавет налічваў 4086 жыхароў.

Вялікая Айчынная вайна прынесла шмат страт і гора мясцовым жыхарам. Падчас абарончых баёў 18 ліпеня 1941 года  чырвонаармейскія батальёны 275­га стралковага палка 117­й стралковай дывізіі з баямі занялі Ржаўку. Некаторы час савецкім салдатам удавалася стрымліваць наступленне гітлераўцаў, але, як мы добра ведаем, Прапойскі раён не мінуў лёс акупіраванай фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі. Мясцовыя жыхары падчас баявых дзеянняў бежанцамі ўцякалі ў суседнія вёскі, а калі ўжо немцы ўсталявалі свае парадкі на прапойскай зямлі, вярталіся дадому. І добра, калі было куды вярнуцца, калі хата ўцалела.

Многія ўраджэнцы ржаўскай зямлі склалі галовы на франтах гэтай страшнай вайны, але шмат і тых, хто  прайшоў усе выпрабаванні і склаў залаты фонд памяці землякоў. Міхаіл Маёраў родам са Ржаўкі, ён удзельнік абароны Масквы. Яго ўзвод 45­мілімятровых гармат вытрымаў не адну атаку ворага. Старшы лейтэнант Маёраў у баях пад Крычавам падчас вызвалення Беларусі кіраваў дывізіёнам. А пад Пінскам падчас адной з танкавых атак Міхаіл Максімавіч сваім прыкладам натхняў маладых байцоў, арганізаваўшы абарону супраць нямецкіх “тыграў”. У гэтым баі быў паранены, 2 месяцы лячыўся ў шпіталі, але здолеў дагнаць свой полк. Разам з ім фарсіраваў Віслу, Одэр, штурмаваў гарады і варожыя ўмацаванні. Перамогу святкаваў у Берліне. Сярод узнагарод Маёрава – ордэн Айчыннай вайны II ступені.

Пра Кірыла Чарткова аднавяскоўцы кажуць як пра абаронцу і вызваліцеля сталіц. Мяркуйце самі, у 1941 годзе ён мужна абараняў Маскву, у 1944 годзе прымаў удзел у вызваленні Магілёва, Мінска. У пачатку 1945 года Чарткоў вызваляў Варшаву, а праз некалькі месяцаў штурмаваў Берлін. Ордэнам Айчыннай вайны I і II ступеняў, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, медалём “За баявыя заслугі” адзначыла Радзіма мужнасць і адвагу вясковага хлопца са Ржаўкі.

У многіх на слыху імя Якава Драйчука. Гэты ўраджэнец вёскі Ржаўка быў ваеначальнікам, генерал­маёрам авіяцыі, удзельнікам грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў. У 1920 – 1924 гадах служыў у частках асобнага прызначэння Чырвонай Арміі, затым быў на партыйнай працы. З 1932 года пачалася яго служба ў авіяцыі. З першага і да апошняга дня Якаў Іванавіч змагаўся з ворагам на франтах вайны. Служыў у арміі і пасля вайны на розных пасадах. Яго ўдзел у справе міру ўзнагароджаны трыма ордэнамі Чырвонага Сцяга, ордэнамі Вялікай Айчыннай вайны I і II ступеняў, ордэнам Чырвонай Зоркі, шасцю медалямі. Вялікі ўклад Драйчук унёс і ў развіццё роднай вёсачкі.

Шыльда над уваходам у будынак у цэнтры Ржаўкі сведчыць: “Ржаўская сельская бібліятэка пабудавана ў 1967 годзе па ініцыятыве ўраджэнца вёскі Ржаўка, генерал­маёра ў адстаўцы Якава Іванавіча Драйчука і яго жонкі Зінаіды Васільеўны з укладам іх асабістых зберажэнняў на будаўніцтва і набыццё кніжнага фонда”. Між іншым, гэта адзіная ў вобласці бібліятэка, пабудаваная і напоўненая кнігамі па ініцыятыве і на сродкі грамадзяніна. Гэта як трэба любіць свой родны куток, каб зрабіць такі каштоўны падарунак сваім землякам! Калі гэта не сапраўдны патрыятызм, то што?

“16­ты Партз’езд”. Такую назву меў першы калгас у в. Ржаўка. Адзін з першых яго старшынь А.Р. Маргуноў так успамінаў пра цяжкія пасляваенныя гады станаўлення гаспадаркі: “Вестку аб вызваленні Слаўгарада я пачуў у шпітальнай палаце. Праз некаторы час ужо пешшу дабіраўся да сваёй роднай Ржаўкі. Сустрэўся з сям’ёй, знаёмымі, а затым накіраваўся ў райцэнтр. Іду з пасведчаннем аб дэмабілізацыі і прызначэнні пенсіі ў кішэні і думаю: “Інвалід, без рукі, на што ты варты цяпер?”. А ў райкаме партыі мне прапанавалі ўзначаліць калгас “XVI  партз’езд”. Спачатку разгубіўся, але, падумаўшы, даў згоду.

З чаго прыйшлося пачынаць? Шэсць коней, два працоўных быка – вось і ўсё, як кажуць, жывое цягло. Дзевяць кароў, дзве свінаматкі – гэта прадукцыйны калгасны статак. Ні кармоў, ні памяшканняў, ні грошай. Зараз нават цяжка ўявіць, як мы тады канцы з канцамі зводзілі. Набліжалася першая пасяўная пасля вызвалення. Не было насення бульбы. І людзі, уразаючы і без таго свае мізэрныя запасы, сабралі па пуду­два бульбы. Выдзеліла нам насенне яравых збожжавых дзяржава. Але яно ляжала ў Слаўгарадзе. Вырашылі прынесці яго на сабе. Раніцай у райцэнтр пайшла група калгаснікаў: Захар Марухаў, Уладзімір Маслоўскі, Фама Краўцоў і іншыя. Увечары яны вярнуліся ў Ржаўку, і кожны з іх прынёс па 20­30 кг насення, і так было не адзін раз. Пешшу, за 18 кіламетраў, насілі людзі на сабе насенне. А калгаснікам паўночных вёсак прыходзілася насіць зерне аж з чыгуначнай станцыі “Чавусы”, што было яшчэ далей, чым нам. Кожны тады працаваў за дваіх, траіх.

Сабралі першы ўраджай. І адразу ж з калгаса ў Слаўгарад накіраваўся абоз са збожжам. 80 тон хлеба засыпаў тады наш калгас у засекі дзяржавы. Толькі насенне пакінулі сабе, ды рэшту раздалі хлебаробам за працадні.

Цяжка было, але ніхто не скардзіўся. А ў наступным годзе калгас яшчэ больш упэўнена набіраў сілы”.

У розныя гады калгас меў розныя назвы: “16­ты Партз’езд”, “17­й Партз’езд”, “Савецкая Беларусь”, цяпер гэта ўжо ААТ “Прывольны агра”. Мяняліся і кіраўнікі: Віктар Лявоненка, Уладзімір Давыдзенка, Уладзімір Давыдаў.

З 1966­га па 1977­ы гады старшынёй у калгасе працаваў Анатоль Агнёў – асоба добра вядомая ў раёне і далёка за яго межамі. Нарадзіўся Анатоль Фёдаравіч у Татарскай  АССР, пасля смерці бацькоў выхоўваўся ў дзіцячым доме. Потым вучыўся на ветэрынарным аддзяленні Клімавіцкага саўгаса­тэхнікума. Пасля яго заканчэння быў накіраваны на працу ў Слаўгарадскую ветлячэбніцу. Затым была служба ў арміі, пасля якой Агнёў вярнуўся на Слаўгарадчыну загадчыкам Свенскага ветучастка. У сакавіку 1966 года А.Ф. Агнёў быў абраны старшынёй калгаса “Савецкая Беларусь”. У 1977 годзе быў пераведзены на пасаду дырэктара свінакомплекса “Свенск”, дзе працаваў да апошніх дзён свайго жыцця. Дзе б ні працаваў Анатоль Фёдаравіч, ён запомніўся ўмелым арганізатарам, чулым кіраўніком, за што заслужыў павагу ўсіх, хто яго ведаў. Праца Агнёва адзначана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, шматлікімі граматамі, прэміямі.

У нашым раёне шмат сямейных дынастый у розных сферах, калі  прадстаўнікі малодшага  пакалення паспяхова, з задавальненнем працягваюць справу сваіх дзядоў і бацькоў. Таварыству “Прывольны агра” і ўсяму аграгарадку Ржаўка ў гэтым плане пашанцавала, адразу дзве сям’і прысвяцілі сваё жыццё працы ў сельскай гаспадарцы.

Дынастыя сям’і Дамброўскіх у гаспадарцы пачалася з Мікалая Дамброўскага. Скончыўшы Ржаўскую няпоўную сярэднюю школу, ён вучыўся ў Магілёўскім ПТВ №4 на электраманцёра. Затым быў прызваны ў армію. Пасля службы  паехаў працаваць ва Украіну на завод электрыкам, але ж Радзіма не адпускала. Таму праз год вярнуўся дамоў, знайшоў сваё каханне і ўсё жыццё аддаў любімай працы электрыка ў родным калгасе “Савецкая Беларусь”. Яго жонка, Тамара, з вёскі Ржаўка. Нарадзілася ў 1957 годзе, скончыла Ржаўскую няпоўную сярэднюю школу, працягвала вучобу ў Слаўгарадскай сярэдняй школе №1. Паступіла на бухгалтара, але хутка вучобу прыйшлося кінуць, бо маці трапіла пад колы аўтамабіля і патрабавала догляду. Тамары Пятроўне прыйшлося рана пасталець, бо трэба было адначасова і весці хатнюю гаспадарку, і зарабляць грошы. Таму ўладкавалася на працу ў калгас. Спачатку працавала ў паляводчай брыгадзе, а  затым вызначыла для сябе любімую справу, якая акрэсліла яе працоўны шлях на ўсё жыццё. Тамара Пятроўна стала даяркай. Перадавой даяркай. Выхавала дваіх працавітых дзяцей: дачку Марыну, сына Валерыя.  Малодшы Дамброўскі ў 1991 годзе скончыў Ржаўскую базавую школу, потым – Васькавіцкую сярэднюю школу. Вучыўся ў Клічаўскім сельскагаспадарчым тэхнікуме, пасля аддаваў абавязак Радзіме. З 1998 года пачаў сваю працоўную дзейнасць у родным калгасе «Савецкая Беларусь». Праца не замінала вучобе ў Горацкай БДСГА на факультэце інжынерыі. Неаднаразова Валерый Мікалаевіч быў прызнаны лепшым па прафесіі. Працягвае працаваць у гаспадарцы і заўсёды на добрым рахунку кіраўніцтва.

Дынастыя сям’і Кухаравых шмат гадоў плённа шчыруе на ніве сялянскай. Кухараў Уладзімір нарадзіўся ў вёсцы Прыволле, пасля школы вучыўся на шафёра. Працаваў з 1970 года ў родным калгасе “Савецкая Беларусь” з перапынкам у два гады на службу ў  арміі. У родным калектыве сустрэў сваю другую палову. Таццяна Рыгораўна нарадзілася ў вёсцы Урэчча на Слаўгарадчыне, школу скончыла ў Шаламах. Вучылася ў Бабруйскім сельскагаспадарчым тэхнікуме. З 1973 года  Таццяна Рыгораўна прыйшла працаваць у калгас “Савецкая Беларусь” бухгалтарам. Тут выйшла замуж, нарадзіла свайго сыночка – Аляксандра. Як стараннага працаўніка Таццяну заўважылі, і ўжо з 1989 года яна ­­ галоўны бухгалтар калгаса, а яшчэ праз 10 год – старшыня  «Савецкай Беларусі».

Сярод калгасаў раёна, а пазней СВК, ржаўскі займае перадавыя пазіцыі. Кухарава, як кіраўнік калгаса, рупліва ставіцца да роднай зямлі і людзей, якія на ёй працуюць. Таццяна Рыгораўна ў 2004 годзе – Чалавек года,  у 2010 годзе абрана дэпутатам абласнога Савета дэпутатаў Магілёўскай вобласці, у 2013 годзе ­ Жанчына года.

Сёння Таццяна Рыгораўна працягвае сваю працоўную дзейнасць. Як пацвярджэнне выдатнай працы ў якасці кіраўніка – узнагароды і пашана калег.

Сын Таццяны Рыгораўны Аляксандр выдатнікам у 1988 годзе скончыў Ржаўскую базавую школу. Працягнуў вучобу ў сярэдняй школе №1 г. Слаўгарада. Атрымаў вышэйшую адукацыю ў Горацкай БДСГА на факультэце агранаміі. Пасля таленавітага выпускніка накіравалі для праходжання практыкі ў Чэхію. Вярнуўся Кухараў  працаваць у родны калгас “Савецкая Беларусь” у якасці агранома. І вось ужо шмат гадоў працуе ў роднай мясцовасці. Высокія паказчыкі вытворчасці сведчаць таксама пра якасць працы Аляксандра Уладзіміравіча. Дзяўчына, з якой ён звязаў свой лёс, таксама нарадзілася ў Ржаўцы, у сям’і ўжо ўзгаданай намі ­­ Дамброўскіх. Марына, скончыўшы Ржаўскую базавую школу,  працягнула вучобу ў Бабруйску на хіміка­тэхнолага. Вышэйшую адукацыю Марына Мікалаеўна атрымала ў той жа ўстанове, што і супруг, яна скончыла завочнае аддзяленне ў Горацкай БДСГА на факультэце эканомікі. З 2005 года  працуе ў СВК “Прывольны” галоўным эканамістам. Разам з мужам выхоўваюць дзвюх дачок.

Як бачыце, багатая ржаўская зямля на людзей руплівых і адданых роднай зямельцы. Такіх, што здатныя на сапраўдныя подзвігі, як ваенныя, так і працоўныя. Мы ведаем, што такіх  яшчэ шмат на Слаўгарадчыне, і кожная вёсачка мае свае адметныя рысы і традыцыі. Нам яшчэ шмат пра што хочацца даведацца, таму ў цудоўную скарбонку гістарычнага мінулага нашага раёна зазірнём яшчэ не раз.

 

Аксана НЯМЦОВА.

Фота аўтара.