Слаўгарадчыне культурнай прысвячалася!

 

Самабытная культура Беларусі фарміравалася на працягу многіх стагоддзяў. Сучаснае культурнае жыццё нашай краіны, Слаўгарадчыны, дынамічнае і разнастайнае. У краіне праходзіць мноства мастацкіх выстаў, музычных, тэатральных і кінематаграфічных фестываляў. Ад таго наша гістарычная спадчына, яе сучасныя дасягненні цікавыя не толькі  для беларусаў, але ўсё часцей прыцягваюць турыстаў-прыхільнікаў з-за мяжы.

Сваю пэўную ролю адыгрывае і культурная ніва  Слаўгарадчыны. Яе верныя работнікі, адэпты агульнанацыянальнай ідэі робяць усё, каб захаваць гістарычную спадчыну, развіваць і ісці далей.

Сёння мы жывём у вельмі дынамічны час. Перамагаюць толькі няўрымслівыя, мабільныя. Статычным, інэртным выжываць вельмі няпроста. А вось іхнія антыподы дасягаюць усё большых вынікаў.

Аб гэтым гаварылася ў прамове начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Алены Шаўцовай падчас урачыстага мерапрыемства з нагоды прафесійнага свята — Дня работнікаў культуры. Праходзіла яно ў мінулую пятніцу ў кінатэатры “Радзіма” і сабрала прадстаўнікоў розных пакаленняў, прафесій, спецыяльнасцей. Але ўсіх іх аб’ядноўвала прыналежнасць да галіны культуры Слаўгарадчыны.

Ад імя раённай улады “герояў мерапрыемства” вітала Вольга Бычык, старшыня раённага Савета дэпутатаў. Яна нагадала, якую ролю адыгрывае  культура ў жыцці чалавека. “І якое шчасце і гонар, калі цябе лічаць чалавекам культурным, адукаваным. А ваша работа, як гэта раней казалася, – несці культуру ў масы. І няхай гэты пастулат крыху афіцыёзам аддае, галоўны і асноўны сэнс вашай задачы правільна адзначаны: вы не даеце забыць нашыя традыцыі, мову, гісторыю. І, на мой погляд, пераканана мяне падтрымаюць не толькі  ў гэтай зале, Вы, Алена Міхайлаўна, ваш калектыў, спраўляецеся з гэтай няпростай па розных прычынах задачай вельмі  і вельмі паспяхова”, — падкрэсліла  Вольга Іосіфаўна.

Працягам гэтай думкі стала  віншавальнае слова намесніка старшыні райвыканкама Святланы Езерскай. “Доказам плённай працы вашай каманды можа быць той факт, што культурную галіну Слаўгарадчыны ведаюць і паважаюць далёка за яе межамі. А сяброўскія адносіны з суседняй Расіяй падмацаваны дыпломамі самага высокага ўзроўню. Хочацца пажадаць, каб вашыя імпэт, вопыт і жыццярадаснасць дапамагалі вам у рабоце, неслі  шчасце і дабрабыт у сем’і. Бо нярэдка вам прыходзіцца прыносіць у ахвяру свой вольны час, час, які вы маглі б правесці з сем’ямі. Дзякуй за самаадданасць, з якой вы, нягледзячы на надвор’е, час сутак, выконваеце сваю місію – робіце жыццё крыху ярчэй, пазітыўней, лепей”, — рэзюмавала Святлана Аляксандраўна.

У сваім дакладзе Алена Міхайлаўна  зрабіла гістарычны экскурс у час станаўлення галіны, падзялілася яе поспехамі. Пра надзённае культуры раёна быў прадэманстраваны  відэаролік. Ён хаця і меў  жартоўны стыль, але іранічна падкрэсліў, дзе работа робіцца, дзякуючы энтузіязму, працавітасці і любові да сваёй працы культработнікаў.

Старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Святлана Дзенісенка таксама звярнулася да эліты культурнага фронту раёна. “Вы акрамя асноўнай сваёй работы, так здарылася, выконваеце і функцыю выхаваўчую, адукацыйную, калі дазволіце. Бо культура – гэта не толькі  скокі, весялосць. Гэта яшчэ і паводзіны ў тым жа транспарце, у грамадстве, учынкі і дзеянні.  Культура – гэта даволі вялізнае, шматграннае паняцце. Таму зычу вам, каб вынікі вашай дзейнасці дапамагалі  нашаму жыхару, грамадзяніну стаць больш культурным, цывілізаваным, дазволю сабе так сказаць. Бо мы бачым часцяком, што элементарнай культуры ў нашым грамадстве дзесьці і не хапае. Вось на гэтае і скіроўвайце свае талент, вопыт і прафесіяналізм”, — адзначыла Святлана Міхайлаўна.

Ірына Марціновіч, памочнік Таццяны Кананчук, дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, перадала са словамі віншаванняў святочны адрас Алене Шаўцовай, у якім дэпутат высока ацаніла работу калектываў культуры раёна, выказала надзею на замацаванне дасягнутага і пастаянны рост якасці паслуг, якія   дазволяць ажыццяўляць самыя  смелыя і амбіцыёзныя праекты.

Шмат выступоўцаў бралі слова ў той дзень. Яшчэ больш людзей выходзілі для атрымання заслужаных узнагарод.

Асобным радком у праграме праходзілі словы, скіраваныя на ветэранаў культурнага фронту. “Працаваць як вы, перажываць і імкнуцца расці ў прафесійным плане — вось той мінімум, які стаіць сёння перад намі”, — адзначыла Алена Міхайлаўна.

У сваю чаргу Людміла Шпакава ад імя больш вопытных калег, ветэранаў павіншавала ўсіх з прафесійным святам. “Мне, дый пераканана, многім  з нас, ветэранаў, вельмі прыемна бачыць сваіх вучняў, выхаванцаў, якія сёння складаюць касцяк галіны культуры раёна. Гэта дазваляе  сказаць, што мы ішлі ў правільным накірунку, рабілі нешта карыснае. Хочацца пажадаць усім работнікам  культуры нашага раёна і надалей  высока трымаць сцяг краю, дзе прыярытэтамі застаюцца адукаванасць, выхаванасць і культура”, — падкрэсліла  выступоўца.

Узнагароды, падарункі, кветкі ў той дзень ліліся, што з рога багацця. І ўсе яны  былі  выключна заслужанымі. Аб гэтым зноў і зноў  казалася са сцэны. А песні, музычныя нумары, вершы  толькі падмацоўвалі  агульны настрой святкавання.

І, як гучала ў адной лірычна-рэалістычнай пастаноўцы, прапанаванай гледачу: “А што артыст нясе дамоў?” Дык вось у той дзень усе, хто прымаў удзел у святкаванні, быў яго госцем, дамоў панеслі такія пазітыў і настраёвасць, што іх хопіць, упэўнены, на доўгі час.

Гучалі віншаванні і з Днём маці. Святлана Дзенісенка правяла акцыю, прысвечаную гэтаму святу. Усе мелі магчымасць яшчэ раз праз паштоўку выказать словы пяшчоты і ўдзячнасці сваім маці.

Тэкст и фота Уладзіміра РЫЖАНКОВА.