З клопатам пра вяскоўцаў

Інфармацыйна-сацыяльны “цягнік” “Забота” працягвае наведваць жыхароў аддаленых населеных пунктаў раёна. Учора група, на чале з начальнікам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Аленай Шаўцовай, наведала такія вёскі Свенскага сельсавета, як Лебядзёўка і Рэкта-Міхайлаўка.

Алена Міхайлаўна выступіла перад вяскоўцамі па тэмах дня інфармавання, які праходзіў у той дзень. Таксама жыхары мелі магчымасць задаць праблемныя пытанні кіраўніку справамі Свенскага сельвыканкама Вользе Аўдзеенка. Трэба адзначыць, што ўсе пытанні знайшлі сваё вырашэнне.

Асноўныя правілы папярэджвання пажараў у жылым фондзе і пра рэспубліканскую акцыю “За бяспеку разам!” пажылым, якія знаходзяцца ў катэгорыі рызыкі, паведаміў работнік РАНС Аляксандр Аўдзеенка. Прымаў удзел у гэтай сустрэчы з насельніцтвам і начальнік аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Ігар Коканаў. Прыехала на сустрэчу і спецыяліст па сацыяльнай працы раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Святлана Фанарыкава, прысутнічалі валанцёры раённага аддзялення ГА “Беларскае таварыства Чырвонага крыжа”.

Традыцыйна “цягнік” не выязджае на маршрут без культурнага ўмацавання. Удзельнікі мастацкай самадзейнасці Свенскага СДК і аўтаклуба пад кіраўніцтвам Галіны Максімавай узнімалі настрой вяскоўцам восеньскай музычнай праграмай. А загадчыца Свенскай бібліятэкі-філіяла Наталля Марусева была адказная забяспечыць сялян перыядычнымі і мастацкімі выданнямі. Жыхары Лебядзёўкі і Рэкты-Міхайлаўкі не прамінулі скарыстацца паслугамі бібліятэкара. Як і былі запатрабаваныя паслугі медыка Свенскай амбулаторыі Ніны Свірыдзенка набыць неабходныя лекі ці змерыць артэрыяльны ціск. Выступіла Ніна Іванаўна таксама на тэму прафілактыкі грыпу шляхам вакцынацыі.

Удзельнікі інфармацыйна-сацыяльных візітаў адзначаюць, што такія сустрэчы будуць працягвацца, бо нясуць пэўны плён не толькі жыхарам маланаселеных пунктаў, якія, дзякуючы “цягніку”, не адчуваюць сябе адарванымі ад цывілізацыі ці пакінутымі. Карысныя такія паездкі і для чыноўнікаў, работнікаў зацікаўленых структур, бо можна на свае вочы пабачыць, чым жыве глыбінка, пачуць, што хвалюе яе жыхароў.

Ксенія ЛЕАНІДАВА.