Героям працы сялянскай прысвячалася…

У мінулую пятніцу на адкрытай пляцоўцы РЦК і НТ было ажыўлена з самага ранку: поўным ходам ішла падрыхтоўка да ўрачыстасці. Імправізаваныя падворкі, гандлевыя кропкі райпа, гучанне народнай музыкі, песень уздымалі настрой усім, хто стаў  сведкай і ўдзельнікам феерыі працавітасці, руплівасці, калі хочаце, насамрэч патрыятызму.

Асноўнае мерапрыемства праходзіла ў РЦК і НТ. Сюды дэлегацыі сельгаспадарак раёна пад кіраўніцтвам сваіх дырэктараў сцякаліся бясконцым ланцугом.

Жывы гук “Прысожскіх музыкаў” вітаў гасцей і ўзнімаў настрой. Гандаль таксама прапанаваў падсілкавацца, набрацца энергіі перад урачыстасцю. Другі паверх цэнтра культуры быў у поўным аб’ёме аддадзены пад выставу, галоўным героем якой стаў селянін, гаспадар, рупліўца. Шлях ад старажытных прыстасаванняў да сучасных тэхналогій у сельскай гаспадарцы быў прадэманстраваны на выставе. Усе жадаючыя мелі магчымасць пазнаёміцца, як мы жылі ў даўніну, якіх вынікаў галіна дасягае зараз.

Неўзабаве распачалося з традыцыйнага Дзяржаўнага Гімна Рэспублікі Беларусь і ўрачыстае ўшанаванне герояў свята.

Старшыня райвыканкама Канстанцін Жыгуцкі выступіў перад аўдыторыяй са справаздачай, у якой рабіўся аналіз дзейнасці сельскагаспадарчай галіны. Ен адзначыў, што год быў няпростым, у тым ліку і па пагодных умовах, але работнікі галіны годна правялі пасяўную кампанію, вырасцілі і сабралі ўраджай, перапрацавалі і захавалі яго. Падзякі кіраўніка раена былі адрасаваны кожнаму, хто з раніцы да позняга вечара шчыраваў на палетках, мехдварах. Не былі забытыя і рупліўцы жывёлаводы. “Кожны чалавек,  які самааддана працаваў, рабіў гэта прафесійна, якасна, заслугоўвае нізкага паклона”, — адзначыў Канстанцін Аляксандравіч.

У той дзень на сцэну раённага цэнтра культуры выходзілі ўсе кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў раёна.

Старшыня райвыканкама ўручыў кожнаму духмяны каравай з новага ўраджаю як прызнанне ўклада ў агульны раённы каравай. Яно і зразумела, ад кампетэнтнасці, прафесіяналізму і асабістага імкнення кіраўніка гаспадаркі ў поўнай меры залежыць яго фінансава-эканамічнае становішча. Аб гэтым у сваей прамове казаў і Канстанцін Аляксандравіч. “Сёння вы, кіраўнікі, павінны быць менеджарамі, тымі, хто не будзе рабіць і выконваць абавязкі тых жа галоўных інжынераў, але будзе здольны арганізаваць працэсс, выявіць арыенціры, наладзіць кантроль. Таму ў агульным, лічу, неблагім выніку вашая заслуга безумоўна бачная,” – падкрэсліў кіраўнік раёна.

Але зала чакала імёнаў пераможцаў гаспадарак. А імі сталі, па выніках раённага спаборніцтва: ААТ “Урэчанскі” – кіраўнік Яўген Пасяленцаў  (ІІІ месца), КСУП “Заранскі” – кіраўнік Святлана Караткова (ІІ месца) і ААТ “Ляснянскі АГРА” – кіраўнік Анатоль Камароў (І месца). Словы асобай удзячнасці і прызнання заслуг гэтых людзей, кіраўнікоў гучалі з вуснаў старшыні райвыканкама.

Цяжка пералічыць, колькі заслужаных людзей, хлебаробаў, рупліўцаў выходзілі на сцэну ў той дзень за заслужанымі віншаваннямі і ўзнагародамі.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Таццяна Кананчук не засталася па-за святочнай падзеі. Ад яе імя віншавальны адрас і падарунак уручыла старшыня раённага  Савета дэпутатаў Вольга Бычык.

 

 

 

Узнагароды па прафсаюзнай, так бы мовіць, лініі ўручыла старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Святлана Дзенісенка. Грамадскае аб’яднанне “Белая Русь”, раённую арганізацыю якога ўзначальвае Святлана Езерская, таксама прымала ўдзел у цырымоніі ўзнагароджвання. У гэтай пачэснай місіі прымалі ўдзел і іншыя аўтарытэтныя асобы.

Не былі пакінутыя без увагі і людзі, якія аддалі сельскай гаспадарцы не адзін дзясятак свайго працоўнага жыцця – ветэраны. Канстанцін Жыгуцкі ўручыў кожнаму з іх падарункі і выказаў удзячнасць за сумленную шматгадовую працу.

Другая частка мерапрыемства – музычная, віншавальная – стала нібыта апафеозам свята. Прычынай таму, і аб гэтым сведчаць выказванні гледачоў, грандыёзная праграма ад заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Ірыны Дарафеевай. Гэта выканаўца шчыра павіншавала прысутных, увесь раён са святам, зычыла багатых намалотаў, прываг і надоеў. А галоўнае, яна падкрэсліла, здароўя кожнаму, хто мае дачыненне да свята.

Жывым гукам, гіперэнергетычным націскам Ірына захапіла залу адразу і надоўга. Кожная песня несла ў сабе такі зарад пазітыву, што зала проста жыла ёй. Не менш цікавымі і ў вакальным сэнсе былі калегі Ірыны. Яе каманда прадэманстравала, што пець, так бы мовіць, ужывую не проста магчыма, але і неабходна. Як стала вядома, пявіца прынцыпова адмаўляецца ад фанаграм. Чым падае прыклад многім, хто выходзіць на сцэну і пазіцыянуе сябе спеваком. Але без “плюса” – нікуды.

Тым не менш, час, адведзены на канцэртную праграмму, праляцеў неўпрыкмет.  Эмоцый – шквал, авацыі – бясконцыя.

Кіраўнік раёна ўручыў кветкі Ірыне Дарафеевай і паабяцаў, што  Слаўгарадчына яшчэ праявіць сябе.

Хочацца спадзявацца, што так і будзе. Бо людзі, якія гэта ўмеюць, жадаюць, прагнуць, – ёсць. Застаецца толькі стварыць умовы, каб гэтыя рупліўцы былі агорнутыя  ўвагай і мелі магчымасць у чарговы раз прадэманстраваць калі не гераізм, то блізка да яго самаадданую працу.

Са святам, чалавек працай слаўны!

 

Уладзімір РЫЖАНКОЎ.