Сустрэча напярэдадні свята

 

У мінулы чацвер, у Адзіны дзень інфармавання, інфармацыйна-сацыяльны “цягнік” “Забота” завітаў да жыхароў вёскі Курганаўка. Хаця гэты населены пункт і не з’яўляецца аддаленым, а знаходзіцца побач з райцэнтрам, ідэю завітаць сюды падалі самі яе жыхары на адной з сустрэч з прадстаўнікамі райвыканкама.

У склад групы на чале са старшынёй райсавета дэпутатаў Вольгай Бычык увайшлі: старшыня Кабінагорскага сельвыканкама Вадзім Сівухін, начальнік РАНС Віктар Галіцкі, яго падначалены Генадзь Студнёў, удзельнікі мастацкай самадзейнасці РЦК і НТ і салістка Свенскага СДК Марына Цянькова.

У пачатку сустрэчы Вольга Бычык выступіла перад вяскоўцамі па тэмах дня інфармавання, растлумачыла актуальнасць вынесеных пытанняў, павіншавала з надыходзячым святам работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК. Таксама жыхары мелі магчымасць задаць праблемныя пытанні прадстаўнікам улады і не прамінулі выкарыстаць такі момант. І Вольга Іосіфаўна, і Вадзім Аляксандравіч не засталіся ў баку ад праблем вяскоўцаў, некаторыя звароты знайшлі сваё вырашэнне падчас сустрэчы, некаторыя ўзяты на кантроль для далейшай прапрацоўкі.

Віктар Галіцкі выступіў перад жыхарамі на тэму пажарнай бяспекі падчас ацяпляльнага сезона і расказаў пра асноўныя правілы папярэджвання пажараў у жылым фондзе. Таксама выратавальнікі раздалі вяскоўцам тэматычныя буклеты.

Самадзейныя артысты, у сваю чаргу, павіншавалі жыхароў Курганаўкі з надыходзячым святам працаўнікоў вёскі спецыяльна падрыхтаванай музычнай праграмай.

Аксана НЯМЦОВА.