Официальный сайт общественно-политической газеты Славгородского района

Подписывайтесь на газету "Прысожскі край"! Подписной индекс: индивидуальный - 64087 , ведомственный - 640872.

Калонка рэдактара

Доўгі час, паважаны падпісчык, чытач, мы не размаўлялі з вамі. Тлумачу гэта тым, што мы ўшчыльную заняліся ўмацаваннем тэхнічнай базы рэдакцыі. У прыватнасці, мы набылі некалькі высокатэхналагічных, кажучы мовай моладзі, гаджэтаў.  Мы імкнемся задаволіць усе пажаданні нашых чытачоў і зараз фатаграфуем, друкуем фота і іншыя тэксты, выявы, ламінуем, брашыруем розных аб’ёмаў аркушы. Справа ўся ў сучасных рэаліях: мы павінны шукаць шляхі да заробку, каб не стаць яшчэ адным з рэцыпіентаў раённага бюджэту. Мяркую, кожны, хто ўзначальвае прадпрыемства, арганізацыю, зразумее, што кіраўнік сёння – гэта менеджэр, які павінен зрабіць усё, каб ягоны калектыў меў заробак, заставаўся на хаду.

Не адбіваюцца гэтыя абставіны і на творчай складаючай. Мы ўсё так жа шукаем цікавае і карыснае для вас, імкнемся аб’ектыўна і як можна аператыўна паведамляць пра навіны раёна, вобласці, краіны.

Нагадаю, што са студзеня 2018 года мы будзем выходзіць два разы на тыдзень: у сераду і суботу. Такая практыка была раней, але па незалежных ад нас абставінах мы былі вымушаны выпускаць раёнку ў фармаце штотыднёвіка. Вось вам і прыклад, калі час растаўляе ўсё па сваіх месцах. І зараз мы будзем рабіць усё, каб армія падпісчыкаў толькі расла.

У той жа час, звяртаючыся да статыстыкі, мы бачым, што насельніцтва ў раёне катастрафічна зніжаецца. Нездарма нават на ўзроўні краіны праблема дэмаграфіі з’яўляецца стратэгічнай. Мы цэнім кожнага нашага падпісчыка. Мы шукаем іх і на прасторах інтэрнэта. Зараз мы ёсць і ў сацыяльных сетках. Тут спынюся, паважаныя нашы, не хацелася, каб вы выкарыстоўвалі месца для каментарыяў, абмеркаванняў артыкулаў раёнкі, як пляцоўку для асабістых “разборак”, сварак і перахода на асобы, прабачце за таўталогію. Мы разумеем, сёння не самы просты час, у кожнага хапае праблем, прэтэнзій, але не трэба забруджваць “эфір”, давайце шукаць канструктыўнае праз дыялог, размову. Мы ўсе розныя, са сваімі амбіцыямі, светапоглядам, каштоўнасцямі. Але навязваць іх другому права не маем. Будзьце паважлівымі адзін да аднаго. Таму пакідаем за сабой права мадэратара блакіраваць у сетцы тых, чые агрэсія і празмерная імпульсіўнасць будуць перашкаджаць і прыносіць негатыў удзельнікам размовы.

Паважаныя чытачы, хачу яшчэ на адным засяродзіць вашую ўвагу. Мы ведаем, што грамадзянскае меркаванне – тая лакмусавая паперка, па якой адсочваецца “трапнасць”, калі дазволіце, палітыкі, якая існуе ў краіне. І меркаванне кожнага з нас, якое мае рацыянальнае зерне, канструктыў, важнае. Яго часам і не хапае. Для гэтага менавіта і праводзяцца шматлікія “гарачыя лініі”, “круглыя сталы” і іншыя фарматы дыялога ўлады з насельніцтвам. Разам з вамі трэба шукаць слабыя месцы, выпраўляць сітуацыю, дзе вашае вока было больш пільным. І тое, што нават рэдакцыйныя “круглыя сталы” не праходзілі, мякка кажучы, у заўважаным ажыятажы з боку жыхароў раёна, гаворыць хутчэй аб пасіўнасці, а не аб адсутнасці свайго пункта гледжання на тую, ці іншую праблему, пытанне. Хаця тэмы разглядаюцца злабадзённыя.

Паважаны чытач, сёння – першы дзень каляндарнай зімы. Снежань праляціць хутка, а разам з ім — і 2017 год. Нам застаецца толькі ён, каб давесці да канца запланаванае на сёлета, зрабіць аналіз, высновы і пабудаваць планы на будучыню. Давайце мабілізуем увесь наш вопыт, азірнемся, падумаем і з новымі сіламі зробім крок у год надыходзячы. Дзе, я перакананы, нас чакае толькі добрае, пазітыўнае. Вядомая справа, вас чакае раёнка. Якую ветлівыя і, хочацца верыць, дысцыплінаваныя паштальёны два разы на тыдзень будуць прыносіць у ваш дом. А для гэтага ўжо сёння вы маеце магчымасць аформіць падпіску і разам са сваёй раёнкай чакаць Новага, 2018 года.

Дзякуй за ўвагу, мой паважаны падпісчык.

Уладзімір РЫЖАНКОЎ, рэдактар.

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (2 оценок, среднее: 3,00 из 5)
Загрузка...
Updated: 04.12.2017 — 14:57
Авторские права. "Прысожскі край" Районная газета. Новости Славгорода и Славгородского района . © 2016
Сайт Президента Республики Беларусь Славгородский районный исполнительный комитет HotLog Яндекс.Метрика Rating All.BY