Працаваць ёсць над чым

 

У апошні працоўны дзень мінулага тыдня прайшло чарговае пасяджэнне райвыканкама пад кіраўніцтвам старшыні Канстанціна Жыгуцкага. Адным з разглядаемых пытанняў стала праца з кадрамі і рэзервам кадраў у раёне.

Дакладчыкам па гэтай тэме выступіў начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Юрый Данянкоў. Выступоўца падрабязна пазнаёміў вертыкаль кіраўнікоў раёна з тым, як будуецца праца з кадрамі на Слаўгарадчыне, якія захады робяцца, каб замацаваць маладых спецыялістаў у раёне. Юрый Аляксеевіч агучыў вакантныя пасады ў розных галінах народнай гаспадаркі, расказаў, што канкрэтна зроблена, каб знайсці прафесійна падрыхтаваных спецыялістаў на гэтыя вакансіі.

Шмат пытанняў у кіраўніка раёна выклікаў склад перспектыўнага рэзерву кадраў. Як і кім ён складаўся, па якому прынцыпу туды ўключаліся спецыялісты? Канстанцін Аляксандравіч выказаў меркаванне, што працу з гэтым рэзервам трэба ўдасканаліць, як і ўвогуле з кадрамі. Бо ні адна галіна гаспадаркі не зможа эфектыўна працаваць без кваліфікаваных працаўнікоў, а перспектыўных спецыялістаў трэба падтрымліваць і дапамагаць ім.

Другім пытаннем пасяджэння стаў разгляд тых захадаў, якія робяцца, каб выканаць дзяржаўны заказ па пастаўцы другаснай сыравіны ў бягучым годзе. Начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Аляксандр Краснабаеў прывёў канкрэтныя лічбы, якія сведчылі, што прадпрыемствы і ўстановы раёна недастаткова працуюць у гэтым накірунку.

Старшыня райвыканкама даў час да канца бягучага года, каб выправіць становішча і выканаць пастаўку другаснай сыравіны ў запатрабаваных аб’ёмах. За невыкананне загада кіраўнікі будуць несці персанальную адказнасць шляхам фінансавага пакарання.

На райвыканкаме былі разгледжаны і іншыя пытанні жыццядзейнасці раёна.

Аксана НЯМЦОВА.