Сальда захоўваецца адмоўнае

Першы месяц каляндарнай зімы ўступіў у свае правы, а значыць, самы час падвесці вынікі лістапада. Дэмаграфічная статыстыка гэтага месяца, на жаль, застаецца па-ранейшаму складанай: смяротнасць дамінуе. Мяркуйце самі. У апошнія восеньскія дні  на свет з’явілася 11 нованароджаных. За гараджанамі пальма першынства – іх 8, з вясковай рэгістрацыяй, адпаведна, толькі трое. Гендэрная перавага, хоць і мінімальная, за дзяўчаткамі – іх шэсць. Хлопчыкаў на аднаго меней. Важнае пытанне для бацькоў – як назваць сваю крывінку? Але як бачна ніжэй, з імёнамі яны не мудрылі, за экзатычнымі і рэдкімі не гналіся, хутчэй прытрымліваліся традыцыйнасці ў гэтым пытанні. Хлопчыкам імёны далі наступныя: Яўген, Раман, Сяргей, Ягор, Іван; дзяўчаткам – Вікторыя, Ульяна, Ганна, Варвара, Кацярына і Мілана. Шчыра віншуем новаспечаных бацькоў, бабуль і дзядуль  з прыемным папаўненнем. Жадаем вам цярпення, дабрабыту, спакойных начэй, падтрымкі родных і добрай атмасферы ў доме. Будзьце здаровыя, жывіце ў каханні і ўзаемаразуменні, няхай ваша дзіцяці расце моцным, актыўным, у меру крыклівым і самым любімым!

Сем пар уклаліся да пачатку зімовага Каляднага паста і згулялі вяселлі.  У горадзе зарэгістравана адразу шэсць новых сем’яў, на вёсцы, адпаведна, толькі адна. Дарагія маладыя, віншуем вас з гэтым шчаслівым днём — днём вашага вяселля! Любіце, шануйце, паважайце адзін аднаго. Няхай ваш дом будзе поўнай чарай, няхай у ім гучыць дзіцячы смех і заўсёды жывуць вера, надзея і любоў.

Скрушная статыстыка, на жаль, не здае лідзіруючых пазіцый. На адзінаццаць нованароджаных прыйшлося 17 памерлых. Большасць з іх – вяскоўцы, пайшлі з жыцця 14 чалавек. Гараджан пакінула гэты свет трое. Выказваем шчырыя спачуванні ўсім, да каго ў гэты час прыйшлі скруха і боль. Каб іх хоць крыху суцешыць, патрэбны час. Трымайцеся.

У цэлым, дэмаграфія адзінаццаці прайшоўшых месяцаў склалася такім чынам: нарадзілася 128 дзетак (перавага за гараджанамі, іх – 82, вяскоўцаў – 46); зарэгістравана 64 шлюбы (53 – у горадзе, 11 – на вёсцы); скасавана – шэсць шлюбаў, з жыцця пайшлі 184 слаўгарадчаніна (гараджан – 89, вяскоўцаў – 95).

Даныя, прадастаўленыя начальнікам аддзела ЗАГС райвыканкама Марынай Нікіцінай,

апрацавала Святлана Бяляева.

Фота Уладзіміра ВАСІЛЬЕВА.