З новай праграмай да вяскоўцаў

 

Інфармацыйна-сацыяльны “цягнік” “Забота” пад  эгідай аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама працягвае наведваць жыхароў аддаленых і маланаселеных вёсак раёна. У сераду група “цягніка” пабывала ў Рабавічах, Улуках і Хварасцянах.

Работнік РАНС Аляксандр Аўдзеенка нагадаў жыхарам вёсак пра асноўныя правілы пажарнай бяспекі падчас ацяпляльнага сезону і перадаў тэматычныя буклеты. Была магчымасць у вяскоўцаў змерыць ціск ці набыць лекі: у складзе групы была медработнік Ляснянскай амбулаторыі Любоў Клімянкова. Бібліятэкар Ляснянскай бібліятэкі-музея Алена Шукайлава, у сваю чаргу, забяспечыла ўсіх жадаючых перыёдыкай, раздаўшы часопісы.

Асобным прыемным момантам трох сустрэч стаў канцэрт, падрыхтаваны артыстамі РЦК і НТ. Новая зімовая праграма складалася з усімі любімых шлягераў савецкай эстрады. Знакамітыя словы і рытмы так захапілі гледачоў, што яны пачалі падпяваць артыстам. Магчымасць хоць на нейкі час пазбавіцца ад паўсядзённай руціны, сустрэча з цікавымі людзьмі ўзнялі настрой вяскоўцам. Ва ўсіх трох вёсках гасцей сустракалі вельмі гасцінна, а Іван Рыжанкоў з Рабавіч выказаў падзяку артыстам за цудоўны канцэрт і запрасіў часцей наведваць жыхароў аддаленых населеных пунктаў.

Аксана НЯМЦОВА.