Неабыякавыя нататкі

Вітаю цябе, падпісчык і чытач  “Прысожскага краю”. Вось і  надыйшоў час, калі мы развітваемся з годам 2017 і ветліва сустракаем год 2018. Якім ён стане – залежыць ад кожнага з нас. Мы маем усе шанцы нешта запланаваць, спрагназаваць на будучы год, вядомая справа, зрабіўшы аналіз года мінуючага. На фоне дынамічных падзей у свеце, краіне, метамарфоз,  удасканалення заканадаўства мы часцяком забываем ва ўсім гэтым напружаным марафоне пра душу, блізкіх, узаемаадносіны паміж намі. А ці ні гэта робіць нас чалавечнымі, культурнымі, калі дазволіце. Але мы не пачарсцвелі. Прыклад таму сітуацыя, удзельнікам якой я стаў у мінулую сераду каля цэнтра банкаўскіх паслуг 723. На паркоўцы сярод дзесяці аўтамабіляў стаяў адзін, вадзіцель якога сядзеў за рулем і курыў. Мяне, прабачце за падрабязнасць, зацікавіла, як ён паступіць з акуркам. Горшыя з маіх думак рэалізаваліся – акурак паляцеў у вакно. На гэты конт я мусіў зрабіць мужчыне заўвагу, маўляў, ёсць куды акуркі выкідваць. У адказ атрымаў скепсіс у форме “а табе што, больш за ўсіх трэба???” Мне  не трэба, мне хочацца, каб мы сталі хоць крыху культурай не абдзеленымі, каб чысты горад, ягоныя вуліцы сталі нормай. Па вяртанню з банка мяне цікавіла, ці адгукнуўся мужчына на маю заўвагу. І што здзівіла і абрадавала, ён чакаў мяне і заўважыў наступнае: “Я прашу прабачэння, быў няправы, прыбраў і свой, і некалькі чужых акуркаў”. Прычым, ад яго ўжо не патыхала  ні сарказмам, ні агрэсіяй. Толькі шчырая ўсмешка, ды нагаданыя высновы пра нормы паводзінаў чалавека культурнага. Я не ханжа, і не імкнуся да “паказухі”, але настрой у мяне цэлы дзень быў добрым. Мы развітваліся з тым чалавекам зусім не ворагамі, без крыўды. Наадварот, мы зразумелі адзін аднаго.

Літаральна праз пару дзён год 2017 пойдзе ў гісторыю. Разам з ім  пойдуць няхай нашыя праблемы, тлуманіна, крыўды і няўдачы. Хачу пажадаць кожнаму, хто чытае гэтыя радкі, толькі пазітыва. У кожнай сітуацыі яго можна знайсці.  Самаіронія таксама дапамагае нярэдка.

Зараз час няўрымслівых, энергічных, настойлівых у сваіх намаганнях. І вось хочацца, каб у гэткіх “прабіўных” якасцях мы не забывалі аб душы, яе гартавалі.

Не ў матэрыяльным толькі каштоўнасць. Нельга грашамі ўзважыць здароўе блізкіх, шчасце дзяцей. Хачу, каб на старонках вашай раёнкі было як мага  менш трагічных зводак, артыкулаў журботных. Год  Сабакі па ўсіх канонах абяцае  ў прыярытэт паставіць вернасць, надзейнасць. Няхай усе якасці сабакі, лепшага і самага надзейнага сябра чалавека, дапамогуць нам у 2018 годзе заставацца чалавечнымі, любіць адзін аднаго, дапамагаць і падтрымліваць.

З надыходзячым Новым годам, Раством Хрыстовым. Міра вам, кахання, упэўненасці ў будучым. Дзякуй усім, хто з намі!

З павагай,

Уладзімір РЫЖАНКОЎ.