Гісторыя аднаго верша

 

 

Надыходзіла 60-цігоддзе свята Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Міжволі ўспаміны вярталі мяне ў той незабыўны май 1945-га года. І я прысвяціў гэтаму юбілею верш пад назвай “Пераможца-франтавік”, які пачынаўся вось гэткімі радкамі:

“Пераможца-франтавік, злазь, салдацік, з печы.

Па падворку страявым, разгарнуўшы плечы,

Ты прайдзіся незнарок, прыпячатваючы крок.

Франтавых сто грам прымі, калі мала – дзвесце…”

 

Тады яшчэ было нямала ветэранаў, якія бадзёра ішлі ў святочнай калоне і прымалі ў гэты дзень сімвалічныя франтавыя сто грам. Таму верш гучаў да месца, калі я яго чытаў за святочным сталом.

Непрыкметна надышоў дзень 70-годдзя свята Перамогі. У калоне да брацкай магілы ўжо не бачна было ветэранаў-франтавікоў: іх да помніка падвозілі на машынах. У святочным застоллі не ўсе прымалі свае франтавыя сто грам, прайшоўшае дзесяцігоддзе ўнесла свае карэктывы.

Адчуў неабходнасць унесці карэктывы і я ў свой верш. Ён пачынаўся цяпер такімі радкамі:

 

“Пераможца-франтавік, набярыся сілы

І ўздымі над галавой свае рукі-крылы.

Адштурхніся і ўзляці ў гады маладыя.

Там сустрэнь сваіх сяброў, шляхі франтавыя,

Ды вяртайся зноў сюды, да роднае хаты,

Пасілкуйся чым-нічым з кубачкам гарбаты…”

 

Прайшло яшчэ два гады, і на ўскладанні вянкоў ля брацкай магілы з нагоды 74-ай гадавіны вызвалення Слаўгарада ад нямецка-фашысцкай акупацыі з ветэранаў-франтавікоў прымаў удзел адзін я…

У гэтую ноч я заснуць не мог: гучалі радкі новага варыянту верша “Пераможца-франтавік”. Падняўся з ложка, бо ведаў, што заснуць не змагу, пакуль не занатую тое, што гучыць у мяне ўнутры, што рухаецца радок за радком.

Так з’явіўся апошні варыянт гэтага ўжо не верша, а сюжэта, бо ў тых папярэдніх ветэран прысутнічаў цалкам у аўтарскім вымярэнні, а цяпер аўтар гаворыць цалкам думкамі ветэрана. Вось гэты верш:

 

Сядзіць на прызбе ветэран

Гвардзейскае пяхоты.

Не адны стаптаў у вайну

Ён на фронце боты.

Быў паранены не раз,

У шпіталях ратавалі.

Тры ордэны на грудзях,

Чатыры медалі.

Уздоўж гасцінца ўдаль глядзіць,

Успамінае штосьці,

Як калісьці да яго

Прыязджалі госці.

Як гаманілі за сталом,

Келішкі ўздымалі,

Франтавых сваіх сяброў

Моўчкі паміналі.

Як вярнуўшыся з вайны

Да радзімай хаты,

Працавалі ў мірны час

Учарашнія салдаты.

Жонку рана пахаваў,

Адышла нябога.

Каб яе душу прыняў,

Маліў слёзна Бога.

І пайшоў за годам год,

Пакуль былі сілы,

На сустрэчы з ёй хадзіў

Да яе магілы.

Там расказваў ёй усё,

Што з ім адбылося.

Так было ў іх заўжды,

Так у жыцці вялося.

Што дзеці выраслі, і ў іх

Ужо свая дарога,

Што застаўся векаваць

Ён адзін нябога.

А як зрабіўся не хадок –

Адмовілі ногі,

Дык не стала ў яго

Да любае дарогі.

Да магілкі не дайсці,

Каб ёй пакланіцца,

За яе душы пакой

Богу памаліцца.

І цяперака адзін

У хаце ён бядуе,

І нікога ля сябе

Не бачыць, не чуе.

Ажаніцца ў другі раз

Памяць не давала.

Жонка любая яго

Ля сябе трымала.

Хаця ўдоў вакол яго

Што казаць – хапала,

Ды на іх ён не глядзеў,

А не адна чакала,

Што пакліча да сябе,

Каб скрасіць адзіноту,

Ды і зняць з мужчынскіх плеч

Жаночую турботу.

Хтосьці зойдзе да яго,

Зірне, пашкадуе,

У хаце ўвішна прыбярэ,

Нешта прыгатуе.

Ён, хаваючы слязу,

Выкажа падзяку,

Што яму дапамагла –

Удаўцу-небараку.

А сказаць: “Застанься тут!”,

Бо і яна гаруе,

Ён не можа, бо адну

У сваім сэрцы чуе.

…Сядзіць на прызбе

ветэран,

З ім побач кот на плоце.

І бачыць ён сябе не тут,

А там – у стралковай роце

З аўтаматам на грудзі,

У гвардыі пяхоце.

Фелікс Шкірманкоў.