Натуральнае змяншэнне дамінуе

Першыя дні новага года ўжо пачалі свой адлік. Традыцыйна напачатку студзеня падводзяць вынікі года мінулага. Якім ён быў у дэмаграфічным аспекце? Давайце разбірацца разам.

У снежні з’явілася на свет 10 немаўлят. З вялікім адрывам дамінуюць гарадскія – іх восем, зразумела, што сельскіх толькі двое. Гендэрнае лідэрства за прадстаўніцамі прыгожай паловы – іх 7, хлопчыкаў толькі трое. Імёны сваім крывінкам бацькі далі наступныя: Ганна, Мілана, Лізавета, Эмілія, Кацярына, Анастасія, Сафія; Уладзіслаў, Арцём, Яраслаў. Шчыра віншуем сем’і з папаўненнем.  Будзьце заўсёды разам, разумейце адзін аднаго, беражыце спакой свайго дзіцяці. Няхай яму сняцца толькі шчаслівыя сны, поўныя прыгод і добрых падзей. Мы жадаем вам ўзаемаразумення, дабра, настраёвасці і поспехаў у сямейным жыцці!

Чатыры пары да пачатку новага года вырашылі раставіць кропкі над “і” у сваіх адносінах і афіцыйна іх аформілі ў органах ЗАГС. Такім чынам, сустракалі Новы 2018 год яны ўжо ў новаспечаных сем’ях, у статусах “муж-жонка”. Дасылаем маладым свае шчырыя віншаванні. Самае галоўнае — гэта беражліва захоўваць і шанаваць тыя пачуцці, якія вы пітаеце цяпер. Беражыце адзін аднаго, паважайце, песціце клопатам і ласкай. Няхай ніякія цяжкасці не азмрочваюць ваша жыццё. Жадаем вам пабольш рамантыкі і яркіх уражанняў. Будзьце адзін для аднаго надзейнай апорай і падтрымкай у любой сітуацыі. Кахайце адзін аднаго!

Нажаль, натуральнае змяншэнне насельніцтва раёна ў апошнім месяцы мінулага года перавысіла прырост больш чым удвая: на 10 нованароджаных прыйшлося 22 памерлых. Большасць з іх гараджане – іх 12, вяскоўцаў адпаведна 10.

Калі аналізаваць дэмаграфічнае становішча раёна за год мінулы ў параўнанні з 2016 годам, карціна вымалёўваецца наступная: на свет з’явілася 138 немаўлят ( з іх 90 гараджан і 48 вяскоўцаў), а ў 2016 годзе малых было зарэгістравана болей – 165 (100 – у горадзе, 65 – на вёсцы); а вось жаніліся ў годзе мінулым ахвотней: калі ў 2016 годзе вяселлі згулялі 57 пар (39 – у горадзе і 18 – на вёсцы), то годам пазней ужо 68 маладых звязалі сябе вузамі Гіменэя. Скасавана ў 2017 годзе 7 шлюбаў, годам раней распалася шэсць сем’яў. Узровень смяротнасці застаўся амаль на ранейшым узроўні: у годзе мінулым зарэгістравана 206 запісаў аб смерці (101 – у горадзе, 105 – на вёсцы), а ў 2016-ым – 209 (110 гараджан і 99 вяскоўцаў).

Якім складзецца гэты год у дэмаграфічным ключы – пакажа час. Віншуем чытачоў і падпісчыкаў  “ПК” з надыходзячымі Раством Хрыстовым і Калядамі! Будзьце здаровыя і шчаслівыя!

Даныя, прадастаўленыя аддзелам ЗАГС

рыйвыканкама, апрацавала Святлана Бяляева.

Фота аўтара.