“Я помніў доўга мой парог…”

Паважаныя чытачы, першы ў новым годзе выпуск нашага гістарычнага праекта было вырашана прысвяціць калісьці буйному населенаму пункту Слаўгарадчыны – Гайшыну. І зноў вялікую дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу аказалі бібліятэкары аддзела абслугоўвання і інфармацыі цэнтральнай бібліятэкі. Шмат гэты маляўнічы куточак пабачыў на сваім вяку, былі часы і дабрабыту, і нават голаду…

За два кіламетры на поўдзень ад вёскі захаваліся два старажытныя курганныя могільнікі, у адным з іх 5, у другім 65 насыпаў, тут жа ёсць стаянка эпохі неаліту і паселішча эпохі Кіеўскай Русі. А на паўднёва-усходнім ускрайку вёскі – стаянка каменнага веку і паселішча эпохі Кіеўскай Русі. Гэтыя археалагічныя помнікі сведчаць аб засяленні тутэйшых месц у глыбокай старажытнасці. Па пісьмовых крыніцах, вёска вядома з 1708 года ў сувязі з падзеямі Паўночнай вайны. У 1740 годзе мястэчка Гейшын у Быхаўскім графстве налічвала 56 двароў памешчыцкай уласнасці. Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе мястэчка ў складзе Расійскай імперыі. У канцы 1830-х гадоў гэтыя землі належалі Сапегам, а праз некаторы час тут пачаў уладарыць пан Парэнбскі. Ён быў не вельмі дбайным гаспадаром. Спачатку, каб павялічыць даход ад свайго маёнтка (і пусціць грошы на розныя свае гулі), ён прымусіў сялян працаваць на паншчыне па чатыры дні на тыдні. Але, бачачы, што адсюль ён займее мала прыбытку, пазычыў у сваёй жонкі Ганны Каспераўны пяць тысяч рублёў срэбрам. Цікавы факт: доўг той жонка Парэнбскага патрабавала праз суд і запрасіла замест грошай вёску Барсукоўку.

У сваёй сквапнасці пан дайшоў да таго, што пашкадаваў некалькі сотак зямлі пад будаўніцтва першай ў мястэчку школы. Таму дзеці гайшынскіх сялян вымушаны былі займацца ў хаце дыякана мясцовай царквы.

Усё ж такі ў 1862 годзе народнае вучылішча ў мястэчку Гайшын было заснавана. А вучыць было каго: у 1863 годзе гайшынцаў налічвалася 795 “душ обоего пола”. Між тым па ўсёй Беларусі ішло масавае выкупленне сялян ад прыгону. Як сведчыць выкупны акт гайшынскага сельскага таварыства ад 30 кастрычніка 1864 года, з 227 сялянскіх гаспадарак ад прыгоннай залежнасці выкупілася 208.

Павярнуўшы гэтую справу з выкупам зямлі да сваёй выгады, Парэнбскі зрабіў так, што сяляне атрымалі ў асноўным занядбаныя ўчасткі, да таго ж унутры памешчыцкіх. Усяго па выкупному акту гайшынцы заплацілі свайму пану 22 тысячы рублёў – сума па тым часе вялікая. Ды Парэнбскі не вельмі разбагацеў ад тых грошай, бо аддаў тры тысячы дзяржаўнага падатку, пяць тысяч забрала цераз суд жонка, астатнія пайшлі на пакрыццё сынавага доўгу.

З 1874 года ў местачковым вучылішчы пачынае працаваць настаўнікам Сушчэўскі, а законанастаўнікам быў Грыгароўскі. Да 1895 года яны ўдвух утварылі аснову для далейшага развіцця вучылішча: на свае і дзяржаўныя грошы, амаль сілай выцягнутыя ад павятовых чыноўнікаў, было куплена 124 падручнікі, 20 метадычных дапаможнікаў, 151 кніжка для пазакласнага чытання, а таксама геаграфічны атлас і глобус. Дзякуючы гэтаму, з 1894 года пры вучылішчы пачала працаваць першая ў тутэйшых мясцінах народная бібліятэка.

З 1858 года па рацэ Сож пачалі плысці калёсныя параходы “Чыкага”, “Усход” і “Арыён”. Як расказвалі старажылы, з’ездзіць у Прапойск або Гомель гайшынцы імкнуліся на “Чыкага”. Прываблівала не экзатычная назва гэтага пасажырскага судна, ды і плата за праезд на “Усходзе” была тая ж самая. А вось на “Чыкага” ўсім пасажырам давалі булачку…

У 1876 годзе маёнтак Гайшын купляе тытулярны саветнік Смяроўскі. На той час у мястэчку пражывала 556 чалавек, з якіх чатыры сям’і займаліся кравецкай справай, дваццаць сялян ад ранняй вясны і да позняй восені былі плытагонамі, а зімою адпраўляліся на заробкі на Украіну – станавіліся шахцёрамі.

У 1879 годзе Я.Лесаў адкрывае крупадзёрны завод у мястэчку. У дадатак да вадзянога і валавога млыноў будуюцца тры ветракі. Таксама была алейня, на якой з канапель атрымлівалі алей. Яшчэ два саматужныя заводзікі стаялі на паўднёва-заходняй ускраіне Гайшына. Гэта былі конныя крупадзёркі.

Наогул тады хаты стаялі цясней, чым цяпер – амаль упрытык. Уздоўж шляху звычайна больш за ўсё сяліліся яўрэі, і кожны з іх чым-небудзь гандляваў. Толькі афіцыйна гандлюючых крам у мястэчку было дванаццаць. Як эканамічна выгадна, гайшынскія яўрэі замест кароў трымалі ў сваіх дварах коз. Гэтых жывёлін у мястэчку было столькі, што вёску нават клікалі “казіным горадам”.

Рэвалюцыя 1905 года амаль неўзаметку пракацілася міма мястэчка – пана над гайшынцамі ўжо не было, паліць маёнтак – патрэбы ніякай. Нястачы ды галеча вымагалі толькі працаваць кожнаму на сваім кавалачку зямлі. 1913 год адзначаны ў гісторыі Гайшына тым, што пачаўся выкуп зямлі сялянамі. Большасць гайшынцаў нарэшце вызваліліся ад паўвекавога доўгу і пачалі самастойна гаспадарыць на ўласнай зямельцы.

Праз год з пачатку першай сусветнай вайны Гайшын, як і ўся Магілёўшчына, трапляе ў вір разбурэння і спусташэння. За тры гады вайны было мабілізавана 82 гайшынцы і больш палавіны з іх не вярнулася да родных ніў і хат.

А там і рэвалюцыя пачалася. У канцы лістапада савецкая ўлада была абвешчана ў Прапойску, адкуль спагадзя колькі часу прыехаў у мястэчка ўпаўнаважаны валаснога рэўкома, які аб’явіў, што новая ўлада будзе народнай, яна будзе выбірацца народам і служыць яму, і толькі яму. Тут жа на сходзе ўтварылі і орган кіравання. Першым яго старшынёй абралі нядаўна дэмабілізаванага салдата Маркусенку. Потым прадстаўнікамі новай ўлады была канфіскавана большая частка папоўскага дома, дзе і размясціўся сельсавет.

26 красавіка 1919 года Магілёўская губернія была скасавана, і Гайшын у складзе Быхаўскага павета ўвайшоў у састаў Гомельскай губерніі РСФСР. Тым часам мястэчка страчвае сваю былую эканамічную моц – неўпрыкмет яно зноў пераўтвараецца ў вёску.

Геаграфічна Гайшын знаходзіўся на скрыжаванні шляхоў, усё лета цераз Сож была паромная пераправа. Карыстаючыся гэтым праз вёску нярэдка праходзілі і вялікія банды, якія не грэбавалі і дабром гайшынцаў.У гэты неспакойны час жыццё ў вёсцы было нейкае неўладкаванае. Амаль кожны тыдзень прыносіў з сабою ўсё новыя чуткі то аб перамозе новай улады, то аб яе гібелі. Гэтая невядомасць і няўпэўненасць у заўтрашнім дні спараджала ў Гайшыне безуладдзе і анархію. Галоўныя прадстаўнікі новай улады – старшыні сельсавета – змяняліся амаль кожны месяц. З-за адсутнасці настаўнікаў не працавала школа, і калі б не пападдзя, то расцягнулі б сяляне на цыгаркі і кніжкі з бібліятэкі.

Пасля ўмацавання ўлады ў снежні 1921 года ў мястэчка прыбывае вайсковая частка 39-га кавалерыйскага палка 7-й Самарскай кавалерыйскай дывізіі. Расквартыраваўшыся ў Гайшыне, чырвоныя коннікі адразу ж пачалі разбірацца ў сітуацыі. Паступова выявілася, што бандыцкае гняздо знаходзіцца ў суседняй Церахоўцы. Для яго знішчэння камандаванне вырашыла заслаць у банду свайго чалавека. Ім стаў памочнік камандзіра ўзвода разведкі Аляксандр Марозаў. Ён увайшоў у давер да бандытаў, даведаўся аб колькасці іх, многіх іх намерах. І калі аднойчы тыя сабраліся ў лазні аднаго са сваіх прыхільнікаў, то аб гэтым ужо ведала камандаванне часці.

Банду ліквідавалі, але перастала біцца і сэрца разведчыка – бандыты забілі яго. Пахавалі Аляксандра Марозава на ўзвышшы каля дарогі. Вясною хтосьці пасадзіў на магіле дзве маленькія сасонкі. Адна з іх расце і цяпер.

Восенню 1929 года ў вёсцы было арганізавана таварыства па сумеснай апрацоўцы зямлі – першая ластаўка надыходзячай калектывізацыі. Ініцыятарам гэтай справы стаў М.Пракапенка. Назву таварыству далі “Іскра”, і напачатку ў яго ўступіла шэсць гаспадароў, а з цягам часу яшчэ дзесяць гайшынцаў прыйшлі ў таварыства. Зімой 1930 года Пракапенку пасылаюць на вучобу ў Чэрыкаў. Тым часам на Беларусі пачынаецца суцэльная калектывізацыя. Арганізаваўся калгас і ў Гайшыне. Старшынёй стаў адзін з 99 рабочых машына-будаўнічага завода “Чырвонае Сормава”. Звалі яго Іван Мухін.

Каб падтрымаць кволую калектыўную гаспадарку, дзяржава аказвала ёй самую розную дапамогу: прадастаўляла льготы па падаткаабкладанню, а вясной быў выдзелены імпартны трактар “Фардзон”.

1932 год для жыхароў вёскі выдаўся няўродным, да таго ж з лугу да сярэдзіны лета не сыходзіла паводка. Ды яшчэ паявіліся бежанцы з суседняй Украіны, але ім гайшынцы дапамагчы не маглі, бо самі пухлі ад голаду.

Але ж і гэта перажылі. Наваселлі калгаснікаў, адкрыццё фельчарска-акушэрскага пункта, устаноўка тэлефона – усё гэта падбадзёрвала людзей. Неўзабаве аднаўляюць работу вятрак, крупадзёрны завод, кузня. У розных баках вёскі для паляводчых брыгад будуюцца чатыры канюшні. Тады ж гаспадарка набывае і першую аўтамашыну.

Тры дзясяткі старшынь змянілася за час існавання калгаса, але асабліва значны ўклад у жыццё гаспадаркі ўнеслі двое – А.А. Куземчык і В.Я. Малашонак. Гэта дзякуючы Віктару Яфімавічу ў вёсцы былі пабудаваны дзіцячы садок, некалькі катэджаў для спецыялістаў, механізатараў і жывёлаводаў, машынна-трактарны двор і новая ферма, пракладзены водаправод, механізаваны многія працэсы ў жывёлагадоўлі і раслінаводстве.

З цягам часу бібліятэка робіцца сельскай, і для яе на месцы былой папоўскай клеці будуецца спецыяльнае памяшканне. Чвэрць стагоддзя працаваў яе загадчыкам Васіль Фядотавіч Васількоў, які сабраў вялікі краязнаўчы архіў. Дзякуючы гэтаму архіву і захаваліся пэўныя сведкі пра гісторыю Гайшына.

Вераломны напад гітлераўскай Германіі на нашу краіну перарваў мірнае жыццё савецкіх людзей. Каля 150 гайшынцаў пайшлі на абарону Айчыны. Многія, як напрыклад Л.Т. Смалячкова, эвакуіраваўшыся ў тыл, самааддана працавала ў Яраслаўлі, загадчык фермы П.Е. Малаенка кіраваў эвакуацыяй калгаснай жывёлы. 14 жніўня 1941 года Гайшын быў часова акупіраваны фашыстамі, але яго жыхары не скарыліся ворагу. Ужо вясной 1942 года за Сожам дзейнічала некалькі партызанскіх атрадаў, у састаў якіх уваходзіла шмат гайшынцаў. П.Н. Марчанка, О.А. Пракапенка, К.І. Дзенісенка і іншыя ўпісалі яркія старонкі ў летапіс антыфашысцкай барацьбы.

За два з паловай кіламетры на паўднёвы ўсход ад вёскі, ва ўрочышчы Сямёнаўка, а таксама ў скверы каля былой школы ў брацкіх магілах пахаваны 728 савецкіх воінаў, якія загінулі пры вызваленні вёскі. 138 гайшынцаў загінулі на фронце і ў партызанскай барацьбе. На ўшанаванне іх памяці ў 1983 годзе пастаўлена стэла.

Пасля аварыі на ЧАЭС вёска Гайшын была асуджаная на смерць. У 1989 годзе яе аднеслі да зоны наступнага адсялення: забруджванне тэрыторыі радыёнуклідамі перавысіла 15 Ku / кмІ. Дамы ўздоўж цэнтральнай вуліцы знеслі і пахавалі. Праз 7 гадоў шчыльнасць забруджвання знізілася. Вёску аднеслі да зоны з правам на адсяленне, таму не ўсе гайшынцы з’ехалі — скарысталіся дазволам застацца.

Сёння адзіны не пахаваны ў свой час будынак на цэнтральнай вуліцы Гайшына выкупіў слаўгарадскі прадпрымальнік, які доўгі час займаўся лесанарыхтоўкай. Тут ён разам з кампаньёнам з Расіі будуе аграсядзібу. Акрамя аднаўлення будынка былога клуба, дзе размесціцца кафэ і трэнажорная зала, на беразе Сожа будуецца яшчэ шэраг домікаў.

Гісторыкі лічаць, што гісторыя дазваляе пабачыць і мінулае, і тое, што было для мінулага будучым – гэта дазваляе вучыцца ў яе. Таму веданне гісторыі патрэбна кожнаму народу і кожнаму чалавеку. Закончыць гэты матэрыял я хачу вершам ураджэнца Гайшына, савецкага беларускага  паэта, празаіка, журналіста, публіцыста, перакладчыка,  заслужанага дзеяча мастацтваў БССР, Кастуся КІРЭЕНКІ:

 

Парог бацькоўскай мілай хаты,

Як ты мне снішся! Як завеш

З тых дзён, калі дыханнем мяты

Правёў за пырнік родных меж!

 

Як многа я пасля на свеце

Прайшоў і сцежак, і дарог!

Як многа бачыў, як увеціў,

I што жадаў — заўсёды мог.

 

Але ва ўсіх турботах плодных

Я помніў добра мой парог,

Што гэта ты мяне, мой родны,

Вучыў зрабіць свой першы крок.

 

Аксана НЯМЦОВА.