На адным дыханні

Калядныя святкаванні ў самым разгары. Каб надаць жыхарам аддаленых вёсак настраёвасці, павіншаваць са святамі, а таксама пацікавіцца іх турботамі, дый за жыццё пагутарыць, у мінулы чацвер у чарговы маршрут адправіўся сацыяльна-інфармацыйны “цягнік” “Забота”. У складзе старшыні Гіжэнкаўскага сельвыканкама Мікалая Янкова, в.а.участковага інспектара РАУС Вячаслава Шэдава, бібліятэкара Гіжэнкаўскай бібліятэкі Арцёма Братачкіна, удзельнікаў аўтаклуба РЦК і НТ на чале з Галінай Максімавай “цягнік” адправіўся ў вёскі Аляксандраўка-1 і Аляксандраўка-2. У першай вёсцы сустрэча праходзіла на адкрытай пляцоўцы, каля Дома сацыяльных паслуг. На той момант прыехала і аўталаўка, таму вяскоўцы загадзя сабраліся, каб набыць прадукты, і чакалі гасцей. Да ўдзельнікаў “цягніка” далучылася і калядная група самадзейных артыстаў Гіжэнкаўскага СДК.  Для вяскоўцаў яны арганізавалі цікавую тэатралізаваную праграму з гульнямі, танцамі, карагодамі. Шчадравалі на свяце традыцыйныя персанажы – Каза, Мядзведзь, Цыганка, узяўшы ў рукі карты, кожнаму жадаючаму прадказвала лёс, не мінаючы пры гэтым жартаў.

У вёсцы Аляксандраўка-2 гулянне разгарнулася ў Доме сацыяльных паслуг, дзе  гасцінная гаспадыня Валянціна Клімянкова з радасцю сустракала вяскоўцаў і гасцей, частавала іх каляднымі прысмакамі. Канцэртная праграма тут таксама прайшла на адным дыханні. Толькі падзякі і ўдзячнасць адрасавалі гасцям у той дзень жыхары вёсак.

Святлана Бяляева.