Студзеньскімі днямі гулялі вяселлі

Другі зімовы месяц, але першы ў насталым годзе завяршыўся. Тым самым зіма перасягнула свой экватар. Нягледзячы на тое, што на двары снежна і марозна, светавы дзень ужо значна павялічыўся, а многія дбайныя гаспадары і гаспадыні ў лютым пачынаюць рыхтавацца да сельскагаспадарчых работ і сеяць расаду. А нам самы час падвесці вынікі дэмаграфіі студзеня.

У гэтым зімовым месяцы на свет з’явілася 13 нованароджаных. Перавага за гараджанамі – іх восем, вяскоўцаў адпаведна 5. На семярых дзяўчынак прыйшлося шасцёра хлопчыкаў. Бацькі абралі сваім дзеткам наступныя імёны: Кацярына, Паліна, Дарына, Ульяна, Ева, Валерыя, Ілона; Ягор, Платон, Сцяпан, Мацвей, Міраслаў і Багдан. Шчыра віншуем бацькоў з нараджэннем дзіцяці. Няхай вашы крывінкі растуць здаровымі і абавязкова шчаслівымі, атуленыя клопатам, любоўю і пяшчотай родных і блізкіх. А новаспечаным матулям і татулям жадаем цярпення, здароўя, згоды і дабрыні.

Студзеньскімі днямі тры пары гараджан згулялі вяселлі. Тым самым стварылі сем’і і ўзялі на сябе пэўныя абавязкі. Хочацца верыць, што з імі яны паспяхова справяцца, а ў хуткім часе паспытаюць шчасце быць бацькамі. Мы вам шчыра гэтага жадаем.

На жаль, скрушная статыстыка няўмольна працягвае расці, нават прагрэсуе. Менавіта так яе можна ахарактарызаваць, падводзячы вынікі мінулага месяца. З жыцця пайшлі 28 чалавек. Гэты паказчык перавышае нараджальнасць больш чым у два разы. Большасць родных і блізкіх пахавалі на вёсцы – 16, у горадзе – 12. Выказваем спачуванні ўсім, хто ў гэты час паспытаў боль і смутак ад страты дарагога чалавека.

Люты – самы кароткі месяц, усяго толькі 28 дзён. Няхай ён будзе насычаным на пазітыўныя падзеі, станоўчыя зрухі і прыемны адпачынак.

Даныя, прадастаўленыя начальнікам аддзела ЗАГС райвыканкама Марынай НІКІЦІНАЙ,

апрацавала Святлана БЯЛЯЕВА.

Фота аўтара.