Шукалі таленты разам!

У мінулую сераду ў сценах першай гарадской школы прайшоў раённы адборачны тур рэспубліканскага прафсаюзнага конкурсу творчасці працоўных калектываў “Новыя імёны Беларусі”. Конкурс ладзілі раённая арганізацыя Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі сумесна з аддзелам адукацыі, спорта і турызма райвыканкама, раённым аб’яднаннем прафсаюзаў у рамках фестывалю «Працоўныя таленты», ініцыяванага Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі. Зразумела, што новыя імёны ў той дзень шукалі сярод таленавітых прадстаўнікоў галіны адукацыі Слаўгарадчыны.

Прадстаўлялі сваю творчасць удзельнікі з ліку маладых спецыялістаў, кіраўнікоў устаноў, а таксама старшынь прафкамаў  у дзвюх  намінацыях – вакал і арыгінальны жанр. Выступленні ацэньвала журы ў складзе: старшыні раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Алены Салдаценка, Ганны Бітчанка – дырэктара ДУА “Дзіцячая школа мастацтваў”, Галіны Купрыянцавай – дырэктара ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Слаўгарадскага раёна” і аўтара гэткіх радкоў.

Канкурсантаў шчыра прывітала Алена Салдаценка:

–Гэты конкурс стаў ужо традыцыйным – праходзіць трэці год запар. Ягоная мэта – не толькі выявіць нікім не запаленыя зоркі, але і далучыць чалавека працы да культурнага, здаровага вольнага часу, зрабіць папулярным аматарскую мастацкую творчасць, актывізаваць культурна-масавую работу ў калектывах і, вядома, павысіць прэстыж членства ў прафсаюзным руху. Мне вельмі прыемна, што ўстановы адукацыі праявілі зацікаўленасць і чатырнаццаць з іх падалі заяўкі на ўдзел. Усім удзельнікам творчага спаборніцтва – поспеху і ўпэўненасці ў сабе. Ні пуху ні пяра!

І дзейства распачалося. Большасць выступленняў было прадстаўлена ў вакальным жанры, асабліва народнай накіраванасці. Тут важна было не проста добра праспяваць, а і сцэнічны вобраз прадумаць. І многія выканаўцы з гэтым паспяхова справіліся. Прыемна здзівілі і нават сталі для членаў журы адкрыццямі выступленні дзіцячага садка №4, якія мелагучным двухгалоссем выканалі народную песню “Ой, то не вечер”, Ляснянскі ВПК дзіцячы садок – пачатковая школа парадаваў песняй “Гаворка беларуская”, Кацярына Бонкіна са Ржаўскага ВПК дзіцячы садок – базавая школа годна выканала складаную песню “Тры зімы”, пусціцца ў скокі хацелася, калі Лапаціцкая СШ і Папоўскі яслі-садок жвава, весела і настраёва выканалі таксама народныя песні, харызматычная Ала Пруднікава з Зімніцкага ВПК дзіцячы садок – сярэдняя школа па-заліхвацку спявала “Ой, там каля рэчкі”, акампануючы сабе на гармоніку. Прыйшліся да спадобы байка І.Крылова “Воўк і ягня” і верш Э. Асадава “Аптэка шчасця”, якія эмацыйна і цікава дэкламавала Таццяна Баравікова са Ржаўскага ВПК. Самая юная канкурсантка Паліна Старахазяева прадстаўляла СШ №2, і яе яскравае выступленне ў сцэнцы “Сяджу ў куце”, упэўнена, кранула кожнага прысутнага.

Увогуле ў той дзень кожны з выканаўцаў атрымаў сваю хвіліну славы і заслужаныя апладысменты.

Але конкурс быў адборачным і прадугледжваў у дзвюх абсалютна палярных намінацыях толькі аднаго пераможцу. Пашчасціла гаспадыні, якая ў сваіх сценах прымала канкурсантаў, — першай гарадской школе. Усе канкурсанты былі заахвочаны сэртыфікатамі, а пераможца – дыпломам. Прыемным дадаткам кожнай установе-удзельніцы сталі торты. Дарэчы, ужо сёння першая гарадская школа ўдзельнічае ў абласным этапе конкурса, дзе дэманструе тэатр мод “Скарбонка”. Спадзяёмся, у яе атрымаецца здзівіць і перамагчы.

Тэкст і фота Святланы БЯЛЯЕВАЙ.