За 100 слаўных гадоў

Мінус каля дзесяці, ветлівае сонейка – менавіта такое надвор’е, незвычайна класічнае для зімы, падарыла нам прырода ўчора.

Нібыта разумеючы, што для святочнага дня – 23 лютага – яно найбольш камфортнае. Сёлета гэтая дата юбілейная для Узброеных Сіл, якія адзначаюць 100-годдзе з дня ўтварэння.

Каля кінатэатра “Радзіма” традыцыйна ўчора збіраліся раённая ўлада, ветэраны, прадстаўнікі працоўных калектываў, сілавыя структуры, грамадскія аб’яднанні, моладзь.

Агульнай калонай актыў раёна прайшоў у гарадскі парк да брацкай магілы, дзе адбыўся ўрачысты мітынг. Да помніка былі ўскладзены кветкі. Хвілінай маўчання прысутныя ўшанавалі памяць тых, хто паклаў свае жыцці на алтар Вялікай Перамогі. Больш за сем дзесяцігоддзяў мы жывём, дзякуючы ім, пад мірным небам у незалежнай краіне. Нельга забываць і пра тых, хто рабіў свой уклад у справу Перамогі ў тылу, хто цярпеў акупацыю, прайшоў канцлагеры. У тую хвіліну кожнаму была выказана пашана і сказана дзякуй за тое, што жывём.

 

“Святы абавязак – Радзіму абараняць”. Пад такой назвай пасля мітынгу ў РЦК і НТ была арганізавана тэматычная выстава.

Далей усіх запрасілі ў глядзельную залу цэнтра, дзе прайшлі святочны канцэрт і ўрачыстасці з нагоды свята. Падпалкоўнік Аляксандр Чаркашын выступіў перад прысутнымі з экскурсам у гісторыю ўтварэння нашай арміі. Намеснік страшыні райвыканкама ад імя раённай улады таксама павіншавала ветэранаў, жыхароў раёна. Траім ветэранам былі ўручаны юбілейныя ўзнагароды.

Ужо ўвечары кінатэатр “Радзіма” прапанаваў прагляд мастацкага фільма “Адзінка”.

А на гарадскім стадыёне можна было пакатацца на лыжах, паспрабаваць сябе ў канькабежным спорце.

100 гадоў вядзе свой летапіс наша армія. Гэта век, за які, і гэта не пафасныя словы, не сорамна. Нашыя Узброеныя Сілы кожны раз нагадвалі, што порах у нас заўсёды сухі. Але, найперш, мы – ветлівы народ, гасціннасць у нас у крыві. Але і гонару хапае.

Са святам, былыя салдаты, тыя, хто абраў сабе ваенную справу, хто зараз нясе армейскую службу, або ў хуткім часе стане абаронцам Айчыны, ветэраны. Няхай па жыцці ўсім нам шчасціць, а неба заўсёды будзе мірным!

Уладзімір РЫЖАНКОЎ.

Фота аўтара.