Край працалюбівых і дружных людзей

 

Чарговы выпуск гістарычнага праекта вырашана прысвяціць маленькай вёсачцы нашага раёна, якая шмат пацярпела падчас рознага кшталту гістарычных перыпетый. Сёння гаворка пойдзе пра Улукі, а са зборам матэрыялу мне зноў дапамаглі работнікі цэнтральнай бібліятэкі. Перачытаўшы шмат друкаваных крыніц, вось што я даведалася.

Непадалёк ад цяперашніх Улук у пойме ракі Проня было старадаўняе паселішча астраўнога тыпу, гарадзішча. Зыходзячы з гэтага, можна меркаваць, што людзі жывуць у тутэйшых мясцінах больш за дзве тысячы гадоў.

Сваё сучаснае размяшчэнне Улукі пачалі ля вусця безназоўнай рэчкі, уздоўж яе крутога левага берага. Здагадвацца аб тым, што калісьці гэта была бурлівая і хуткаплынная рэчка, можна ў час раставання снягоў, у вялікія дажджы. Метраў за 200 на ўсход ад вёскі ёсць лука Проні. Напэўна, гэтая акалічнасць і дала назву вёсцы “ля лукі” ці “у лукі” – Улукі.

Па гістарычных  дадзеных, у 1708 годзе пасля прывалу ў наваколлі вёскі Лецягі корпус Р. Боўра, які спяшаўся на дапамогу войскам Пятра I у Лясную, пераправіўся праз Проню ля Улук. У 1986 годзе прыкладна на гэтым месцы пабудаваны мост. Пры пэўных абставінах на полі ля Улук быў пахаваны салдат з корпуса Боўра Белякоў. З той пары поле гэта носіць назву “Беляхоч”. Ва Улуках у той час налічвалася ўсяго 7 двароў.

З усіх бакоў у даўнія часы Улукі атачалі дубовыя, сасновыя, ліпавыя і бярозавыя гаі. Нават перад пачаткам Вялікай Айчыннай вайны ў канцы агародаў, ля пабудоў, яшчэ захоўваліся дубы і сосны ў некалькі абхватаў.

З сярэдзіны XIII стагоддзя (час мангола-татарскага нашэсця на Русь) да 1772 года Улукі былі ў складзе Вялікага княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай (з 1569 г.). Жыхары вёскі з усёй паўнатой зведалі нацыянальны, рэлігійны і феадальны прыгнёты літоўскіх і польскіх феадалаў.

Калі ў 1772 годзе (першы падзел Рэчы Паспалітай) беларускія землі да Дняпра адышлі да Расіі, імператрыца Кацярына II вызваліла на 5 гадоў ад падаткаў усё насельніцтва гэтых зямель, у тым ліку і ўлукаўцаў, “…дабы они поправили своё хозяйство, ибо были весьма нищими”.

За два кіламетры на поўдзень ад Улук на мяжы з землямі в. Рабавічы, на левым беразе рэчкі Ляснянкі, у сярэдзіне XVIII стагоддзя быў закладзены шляхецкі фальварак Чарапкова. Яго аснову складаў сад-парк квадратнай формы плошчай 25 гектараў, з усіх бакоў абнесены двайным ровам і зямельным валам. Сад быў разбіты на асноўныя і дапаможныя алеі, якія былі абсаджаны дрэвамі і кустамі розных парод, кветкамі. У цэнтры сада быў гаспадарскі двор: аднапавярховы жылы дом, канюшня, свіран, лазня, цяпліца. Праз вуліцу стаяў яшчэ адзін драўляны двухпавярховы дом – гасцініца.

За 50 метраў на поўнач ад гэтага дома быў насыпаны курган. На яго вяршыне стаяла альтанка, куды знаці іншы раз падавалі гарбату. З бакоў кургана былі пасаджаны дзве лістоўніцы. Адна з іх захавалася да нашых дзён і ўзята пад ахову як помнік прыроды.

Ёсць дадзеныя, што побач быў маёнтак, гаспадар якога, купец М.П. Мацяйсон, у 1869 годзе меў 3721 дзесяціну зямлі, 3 вадзяныя млыны і карчму. У 1880 годзе па невядомай прычыне гэты маёнтак дашчэнту згарэў. А апошнім уладальнікам улуцкага фальварку Чарапкова, пачынаючы з 1910 года, быў Мікалай Мікалаевіч Краўчанка – генерал у адстаўцы, географ, прафесар, наглядчык жаночай гімназіі ў Магілёве, а потым у Адэсе. У летні час ён з сям’ёй прыязджаў у фальварак, часта прывозіў сяброў з Адэсы.

У пачатку XX стагоддзя сядзіба-дача падверглася раскулачванню. Толькі з шостай спробы гэта ўдалося зрабіць камітэту беднаты. М.М. Краўчанка быў сасланы і па дарозе памёр. У выніку калектывізацыі, а затым Вялікай Айчыннай вайны (у 1943 годзе ў немцаў тут быў апорны пункт) увесь курортны комплекс быў знішчаны.

Як сведчаць архіўныя  дакументы, датаваныя 1880 годам, у вёсцы Улукі было 43 двары і 314 жыхароў, 30 гаспадарак, дакладней 30 мужчын займаліся возніцтвам, у трох дварах займаліся кравецтвам.

У 1841 годзе ў в. Улукі, як і ў многіх іншых вёсках, быў пабудаваны склад (“магазін-запас”) і створаны рэкамендаваны запас збожжа, які ўстойліва падтрымліваўся да Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі.

Школа з кватэрай для настаўніка адкрылася тут у 1888 годзе. У гэты ж год у школе ўжо вучылася 25 хлапчукоў. Іх настаўнікам быў селянін Іван Паўлоўскі.

Вялікая Кастрычніцкая рэвалюцыя, грамадзянская вайна не абмінулі ўлукаўцаў. Сорак тры жыхары вёскі ўдзельнічалі ў гэтых падзеях. Чацвёра з іх не вярнуліся дадому, яшчэ дзевяць атрымалі раненні, ад якіх трое сталі інвалідамі.

1930 год стаў пераломным у гаспадарчым і культурным жыцці ўлукаўцаў. Яны ў ліку першых стварылі калгас імя Чарвякова. Са 156 двароў (па стану на 1937 год), толькі дзве сям’і працягвалі гаспадарыць асобна. Да таго часу ў вёсцы было 753 жыхара. За кароткі час тут адбыліся вялікія перамены. Інтэнсіўна вялося будаўніцтва вытворчых памяшканняў, жылля для маладых сем’яў.

Да 1936 года ў вёсцы былі пабудаваны лепшыя ў раёне клуб, пачатковая школа, дзіцячыя яслі. У школе вучыліся 130 дзяцей. У 1938 годзе ў ёй нават было два першых класа.

Па тыпавых праектах былі пабудаваны кароўнік на 120 галоў, свінарнік на 100 галоў, аўчарня на 250 галоў, зернесклад на 400 тон, два гумны для ўкладкі неабмалочанай збажыны з 600 гектараў, зернеток з малацілкай і ачышчальнымі машынамі. Былі пабудаваны тры брыгадныя двары з канюшнямі на 50 галоў на кожным, гаспадарчымі дварамі з павецямі для захоўвання сельгасінвентару, брыгаднымі домікамі.

Калгас меў сваю кузню на два горны, а таксама цагельны завод. Быў уласны сталярны цэх. Тут таксама выраблялі колы, сані, дугі, выконвалі заказы суседніх гаспадарак.

У валоданне калгаса перайшлі фальварак і сад. Калгаснікі наладзілі догляд сада, і ён добра пладаносіў. Калгас стварыў і ўласны пчальнік, на якім налічвалася 150 пчоласем’яў. Дарэчы, гэта быў адзіны ў рэспубліцы калгас, дзе калгаснікам за працадні выдавалі натуральны пчаліны мёд.

22 чэрвеня 1941 года вёска, як кажуць, спявала і плясала. Мясцовыя жыхары гулялі вяселле. І раптам страшная вестка – Германія напала на Савецкі Саюз. На змену вяселлю прыйшлі гора і слёзы, а ўжо ўвечары маладыя мужчыны з мабілізацыйнымі павесткамі ў руках адпраўляліся на зборныя пункты.

А з ліпеня 1941 года Улукі аказаліся на лініі фронту.  Правы бераг Проні – у немцаў, левы – у нашых.

Калгас у тую пару ўзначальваў Павел Рыгоравіч Краснабаеў. Ён, на жаль, не забяспечыў эвакуацыю жывёлы і калгаснай маёмасці ў савецкі тыл. І ўжо ў першы  дзень з’яўлення ва Улуках немцы сагналі 45 лепшых калгасных коней. З гэтага часу пачалося разрабаванне калгасу і сялянскіх гаспадарак.

Больш за два гады працягвалася акупацыя Улук. З гонарам можна сказаць, што мясцовыя жыхары не мірыліся з ёй. Улукаўскія жанчыны і мужчыны, рызыкуючы сваімі жыццямі, сем’ямі, дапамагалі чырвонаармейцам-акружэнцам нават тады, калі ў ліпені – жніўні вёска была запоўнена немцамі. Яны хавалі, кармілі і лячылі чырвонаармейцаў, перапраўлялі іх на левы бераг Проні, дзе размяшчаліся войскі Чырвонай Арміі. Ужо восенню 1941 года вяскоўцы аказвалі дапамогу партызанам – былі праваднікамі, забяспечвалі харчаваннем, перапраўлялі праз Проню.

А ў 1942 годзе ва Улуках была створана падпольная група, вясной 1943 года 34 улукаўцы сталі партызанамі. Трое з іх загінулі, выконваючы баявыя заданні.

З  кастрычніка 1943 года Улукі зноў былі франтавой вёскай, пярэднім краем. Немцы ўмацаваліся на правым, як і ў 1941 годзе, беразе. 25 кастрычніка войскам Чырвонай Арміі ўдалося фарсіраваць Проню, захапіць плацдарм на яе правым беразе. Немцы вымушаны былі адысці на другую лінію абароны. Але, страціўшы важны абарончы рубеж, гітлераўцы імкнуліся любой цаной вярнуць яго. Чырвонаармейцам стралковых дывізій у дзень даводзілася адбіваць па некалькі нямецкіх атак, самім пераходзіць у контратакі. Несучы вялікія страты, нашы воіны з плацдарма не саступілі.

Ва ўлукаўскай зямлі назаўсёды засталося шмат байцоў і камандзіраў Чырвонай Арміі. Свае галовы склалі тут і ўраджэнцы нашага раёна.

За час франтавых дзеянняў ад Улук нічога не засталося – не толькі пабудоў, але і зялёных насаджэнняў. Усе палі былі перакапаныя траншэямі, хадамі злучэнняў, бліндажамі, акопамі.

Жанчыны і дзеці, якія вярнуліся з бежанцаў, зімавалі ў суседніх вёсках, а вясной 1944-га былі эвакуіраваны ў Прапойск. Дадому вярнуліся толькі ў ліпені і аказаліся літаральна на голым месцы — без жылля і якіх-небудзь бытавых прылад. У якасці посуду выкарыстоўвалі артылерыйскія гільзы і салдацкія каскі, для жылля – франтавыя зямлянкі і бліндажы.

Змучаныя жанчыны ўручную закопвалі траншэі на палях, каб даць магчымасць працаваць трактарам, на сабе цягалі плуг і барану, каб засеяць агароды і калгаснае поле. За 28 кіламетраў, са станцыі Чавусы, на плячах насілі насенне для калгасных палеткаў. Толькі да канца 1945 года ў гаспадарцы з’явіліся 20 кароў і 15 коней. Людзі пачалі будаваць дамы, перасяляцца з зямлянак і бліндажэй.

Улукаўцы самааддана працавалі: пабудавалі кароўнік, канюшню, цялятнік, аўчарню, птушнік, зернеток, амбар, пачатковую школу, клуб, магазін. З’явіліся новыя перадавікі калгаснай вытворчасці. Ева Мацвееўна  Ляпкова, дарэчы, за высокія ўраджаі кукурузы была ўзнагароджана “Залатым медалём” ВДНГ.

У 1950 годзе ў сувязі з узбуйненнем калгасаў улукаўцы разам з сялянамі Лапаціч, Пацяраеўкі і Узгорска ўтварылі новы калгас – імя Кірава. З 1959 года Улукі аказаліся ў складзе саўгаса “Лясная”, а затым – калгаса з такой жа назвай.

Чацвёра ўлукаўцаў сталі вучонымі: Антон Пятровіч Нядведскі – геолагаразведчык, акадэмік, сусветна вядомы вучоны; Іван Рыгоравіч Цішчанка – член-карэспандэнт, доктар хімічных навук, прафесар; Васіль Рыгоравіч Цішчанка – хірург, кандыдат медыцынскіх навук, заслужаны ўрач рэспублікі; Іван Кірылавіч Цішчанка – кандыдат філалагічных навук, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР.

На жаль, сёння Улукі – маленькая вёсачка, у якой з кожным годам усё менш жыхароў. “Паспрыяла” гэтаму і Чарнобыльская катастрофа. Але вёска застаецца маляўнічым куточкам з багатай гісторыяй, а таксама малой радзімай многіх добразычлівых і таленавітых беларусаў.

Паважаныя чытачы, а ці ёсць у вас што расказаць пра сваю вёску? Што вы ведаеце пра свой родны куточак і яго гісторыю? Было б цікава дазнацца нешта новае пра Слаўгарадчыну, таму чакаем зваротнай сувязі.

Аксана НЯМЦОВА.

Фота аўтара.