І кулічом частавалі

Сёлетняя вясна, як бачым, позніцца і не прытрымліваецца календара. Подых яе ўжо адчуваецца, але так хочацца хутчэй цяпла, сонейка, зеляніны, птушыных спеваў. Першы прадвеснік вясны – коцікі на вярбе. Менавіта вярбовыя галінкі з’яўляюцца галоўным атрыбутам праваслаўнага свята ўваход Гасподні ў Ерусалім, ці Вербніцы. З гэтым абрадавым святам удзельнікі мастацкай самадзейнасці Ляснянскага СДК, аўтаклуб і артысты РЦК і НТ адправіліся ў мінулую пятніцу да жыхароў вёсак: Рабавічы, Хварасцяны і Лецягі. Гасцей вяскоўцы заўсёды сустракаюць гасцінна, бо добрае слова і вясёлая песня прыемны кожнаму.

Было так і на гэты раз. Удзельнікі мастацкай самадзейнасці прадэманстравалі абрад “Вербніца”, нагадалі традыцыі нашых продкаў, праспявалі тэматычныя песні, гулялі ў гульні з вяскоўцамі. Гаспадыня частавала ўсіх “кулічом прасценькім, на вадзе ды посненькім”. Канешне ж, вярбовымі галінкамі сцёбала кожнага, прыгаворваючы: “Не я б’ю, вярба б’е, за тыдзень – Вялікдзень. Хіра ў лес, здароўе – у косці”. Лічыцца, што пасля гэтага абраду чалавек становіцца здаровым, моцным і прыгожым. Хочацца верыць, што так яно і будзе. А ўсе, хто ў той дзень завітаў на сустрэчы, займелі цеплыні і дабрыні ў сэрцах.

Тэкст і фота Святланы Бяляевай.