Прыгажунь стала болей

 

У першым вясновым месяцы нарадзілася 12 немаўлятак. Ільвіная доля гараджан – іх дзесяць, вяскоўцаў толькі двое. Пальма першынства ў гендэрнай перавазе за прадстаўніцамі прыгожай паловы – іх восем. Хлапчукоў на палову менш – адпаведна чатыры. Імёны сваім малятам бацькі абралі наступныя: Мілана, Паліна, Анастасія, Ксенія, Уладзіслава, Сафія, Ульяна, Злата; Макар, Аляксандр, Максім і Захар. Віншуем бацькоў з прыемным папаўненнем. Няхай вашы крывінкі растуць дужымі і здаровымі, шчаслівымі і добрымі, а вам жадаем цярпення і радасці на кожны дзень.

Дзве пары гараджан сакавіцкімі днямі гулялі вяселлі. Шчыра віншуем маладых. Жадаем, каб свае каханне, трапятанне і ўзаемапавагу вы пранеслі праз усё сумеснае жыццё, на працягу якога знаходзілі кампраміс і разумнае выйсце з розных жыццёвых перыпетый.

На жаль, смяротнасць які месяц працягвае дамінаваць: 19 слаўгарадчан пайшлі з жыцця ў сакавіку. Амаль пароўну гараджан і вяскоўцаў – адпаведна 10 і 9. Дасылаем шчырыя спачуванні ўсім, хто страціў роднага чалавека.

У вогуле, калі аналізаваць першы квартал года, дэмаграфічная карціна вымалёўваецца наступная: зарэгістравана 39 нараджэнняў (25 гараджан і 14 вяскоўцаў), за аналагічны перыяд года мінулага крыху меней – 34 нараджэнні (гараджан – 21, вяскоўцаў – 13). Шлюбаў заключана сем (6 – у ЗАГСе, 1 – у сельвыканкаме), а вось у годзе 2017-ым вяселлі гулялі значна больш – іх зарэгістравана аж 12 ( 9 – у ЗАГСе, 3 – у сельвыканкаме). З жыцця пайшлі 68 слаўгарадчан (32 чалавекі – гараджане, 36 – вяскоўцы), у адпаведны перыяд 2017 года – 52 чалавекі (19 гараджан і 33 вяскоўца).

Даныя, прадастаўленыя начальнікам аддзела ЗАГС

райвыканкама Марынай НІКІЦІНАЙ,

апрацавала Святлана БЯЛЯЕВА. Фота аўтара.