Святкавалі вёскі Вялікдзень

 

7 і 8 красавіка Васькавіцкі СК стаў месцам, дзе жыхары вёсак: Папоўка, Зарэчча і Васькавічы сабраліся разам. Свята Благавесту сустракалі ў 12 гадзін дня разам з айцом Уладзімірам, які прачытаў малебен, павіншаваў прысутных  са святам, асвяціў яйкі і велікодныя кулічы.

У нядзелю ў 11 гадзін клуб запрасіў жыхароў на Велікодныя сустрэчы. На сцэне – ікона Хрыста, накрытая набожнікам. Перад ёю — куліч са свечкай і пафарбаваныя яйкі. Вядучая Марына Самусенка сустракае ўсіх словамі “Хрыстос Уваскрэс!” У адказ чула “Сапраўды Уваскрэс!”. Распавядала аб узнікненні свята, чаму яйкі пафарбаваны ў чырвоны колер, якімі стравамі трэба сустракаць гэтае свята і чым частуюць валачобнікаў, завітаўшых у госці.

Удзельніцы гуртка “Чапурушкі” праспявалі велікодныя песні, прапанавалі пагуляць на ўбіткі, асвячонай вадой, пралітай праз велікодныя яйкі, абмылі твары, каб мець прыгажосць і здароўе ўвесь год. Круцілі яйка на талерцы, загадвалі пажаданні, каталі яйка на рушніку – чыё далей закоціцца і з чыім сустрэнецца. Усіх прысутных частавалі кулічом і яйкамі.

Землякі выказалі словы падзякі, дзеці задаволеныя яшчэ доўга гулялі на дзіцячай пляцоўцы, а жанчына з Барысава, якая прыехала да родзічаў у Папоўку, была прыемна здзіўлена мерапрыемствам. Яна казала: “Я ўпершыню бачыла, як адзначаецца гэтае свята. Я вельмі ўдзячная ўсім, хто гэткае арганізаваў”.

 

Галіна МАЛАХОЎСКАЯ.