Малой радзіме – агульная ўвага!

Як і абвяшчалася, рэспубліканскі суботнік 21 красавіка аб’яднаў слаўгарадчан, каб навесці на сваёй малой радзіме чысціню і парадак. Так супала, што і надвор’е ў той дзень было ў аднадумцах. І толькі зрэдку ветрык рэгуляваў слупы дыму ад вогнішчаў на ўборцы.

Па ўсяму гораду, раёну вяліся работы. Фарбаваліся фасады дамоў, бардзюрам надалі чорна-белы выгляд. Усё нібыта расквітнела і радавалася доўгачаканаму надыходу вясны.

Так, гарадскі парк рукамі і пазітыўным настроем працоўных калектываў скінуў цяжар мінулагодняй лістоты, галля.

Тэрыторыя райбальніцы таксама зайграла ўсімі колерамі вясёлкі, якія, хочацца верыць, стануць уздымаць настрой і садзейнічаць хуткаму выздараўленню пацыентаў. Дый рамонт асфальтавага пакрыцця пойдзе на карысць і камфорт для транспарціроўкі людзей у гэтае царства здароўя.

Алея пахаваных вёсак стала месцам сур’ёзных работ. На гэтым аб’екце ў  той дзень шчыравалі прадстаўнікі раённай улады, грамадскіх аб’яднанняў.

Наводзіла прыгажосць тут і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Таццяна Кананчук. Яна падзялілася з намі: “Гэты год абвешчаны Годам малой радзімы. Я згодная з гэтым на ўсе сто адсоткаў. Таму і прыехала на сваю радзіму, каб унесці свой уклад у агульную карціну прыгажосці і ўтульнасці”.

Старшыня райвыканкама Канстанцін Жыгуцкі, старшыня райсавета дэпутатаў Святлана Язерская, намеснікі старшыні райвыканкама ў той дзень таксама займаліся добраўпарадкаваннем алеі.

З рыдлёўкамі і граблямі ў руках можна было ўбачыць і іншых спецыялістаў.

Пералічваць кожны аб’ект не стану: бо, дзеля таго, каб уславіць плённую працу ўсіх, не хопіць і ўсёй газетнай плошчы. Адзначу толькі, што горад у той дзень нагадваў мурашнік, у якім усё рухалася, фарбавалася, будавалася, абнаўлялася. І выглядала гэта насамрэч прыгожа. Без пафасу, без аніякай відовішчнасці, але  зладжана, па-гаспадарску якасна, як паказаў час, вельмі прадуктыўна.

Рэспубліканскі суботнік скончыўся. Шмат чаго было зроблена, але  столькі ж зрабіць трэба яшчэ. Таму, калі кожны з нас стане гаспадаром на сваім прысядзібным участку, на замацаванай тэрыторыі,  на сваёй зямлі – мы зможам жыць у чысціні і прыгажосці.

Недзе давялося пачуць такое меркаванне, што “суботнік – гэта, калі тыя, хто ніколі не смецціць, прыбірае за тымі, хто смецціць. Бясплатна”. Зразумела, гэта іронія. Мяркую, у той жа час, што некаторая толіка праўды тут ёсць. Застаецца толькі ўсвядоміць кожнаму з нас, што пакуль мы не навучымся не смецціць, станем нацыяй культурнай, свядомай, аб чысціні і парадку казаць рана.

Няхай кожны, хто працаваў на суботніку, хто імкнуўся зрабіць дзеля свайго маленькага краю нешта карыснае, стане прыкладам і ўзорам для сваіх дзетак, суседзяў, тых, хто пакуль трымаецца пазіцыі “мая хата збоку”.

Тэкст і фота Уладзіміра РЫЖАНКОВА.