Калонка рэдактара

Вітаю, нашыя ветэраны, падпісчыкі, чытачы, пазаштатныя аўтары, наведвальнікі і актыўныя ўдзельнікі абмеркаванняў розных тэм у сацыяльных сетках, на нашым сайце.

Сёння мы адзначаем сваё прафесійнае свята – Дзень друку. З гэтай нагоды ад сябе асабіста хачу павіншаваць калектыў раёнкі. Ён хоць і не вялікі, але, на мой погляд, робіць вялікую справу: уносіць у гісторыю падзеі і  факты, якія мы перажываем сёння. Спадзяюся, мы робім гэта якасна, своечасова і аб’ектыўна. Нашых шаноўных ветэранаў працы: Уладзіміра Дзем’янкова, Ніну Паўлючкову, Святлану Пенязь таксама віншую і жадаю здароўя, настраёвасці і бадзёрасці. Нельга не адзначыць і людзей, якія нам дапамагаюць на працягу шмат гадоў пісаць летапіс гісторыі Слаўгарадчыны. Гэта: Фелікс Шкірманкоў, Пётр Старавойтаў, Браніслава Байвер, Аляксандр Халееў, Вера Стасенка, Антаніна Цыгава і іншыя людзі, не абыякавыя да нашай рэчаіснасці. Усім ім хачу сказаць вялікі дзякуй за супрацоўніцтва, пажадаць творчай самарэалізацыі і натхнення. Мы таксама ўдзячныя ўсім, хто піша нам, хто звяртаецца да нас і праз сусветную павуціну – інтэрнэт.

Зусім хутка мы будзем адзначаць свята – 9 мая – Дзень Вялікай Перамогі. Яно для кожнага беларуса стала святым. Бо вайна забрала кожнага трэцяга беларуса з гэтай зямлі, зруйнавала гарады і вёскі, знішчыла эканоміку. А пасляваенны час стаў перыядам, у якім яднанне і прага жыцця дазволілі на папялішчах аднавіць народную гаспадарку, нарадзіць дзяцей, выхоўваць іх, з упэўненасцю глядзець у заўтра.

Сёння мы ў незалежнай свабоднай краіне маем усе ўмовы для развіцця. Эканоміка паступова выходзіць на станоўчую дынаміку. Краіна развіваецца. І сёння, калі ў свеце міжнародная абстаноўка нагадвае часы “халоднай” вайны, мы захоўваем свае прынцыпы – міралюбівасць, жаданне супрацоўнічаць, вырашаць любыя праблемы не на полі бою, а за сталом перамоў. Ветэранаў з кожным днём  становіцца менш: такі закон жыцця. Таму мы павінны цаніць кожнага з іх, паважаць іх, быць вернымі памяці загінуўшых.

Паважаныя слаўгарадчане, жыхары раёна, ягоныя госці! Са Святам Вялікай Перамогі вас! Няхай мы, нашыя дзеці і ўнукі не будуць ведаць, тым больш, адчуваць, што такое вайна.

З павагай рэдактар раёнкі Уладзімір РЫЖАНКОЎ.