Пра надзённае і перспектывы

 

У рамках Дня інфармавання насельніцтва ўчора на базе першай гарадской школы адбылася сустрэча намесніка старшыні аблвыканкама Андрэя Кунцэвіча з прадстаўнікамі сацыяльнага эшалону раёна. Сярод якога былі работнікі педагагічнага фронту, медыцыны, культуры, ідэалогіі і іншыя.

Андрэй Міхайлавіч шчыра вітаў залу. Ён падкрэсліў, што сацыяльная сфера – гэта самы адказны сектар. Таму размова планавалася весціся на адной мове.

У прыватнасці намеснік губернатара Магілеўшчыны акцэнтаваў увагу аўдыторыі на штогадовым Пасланні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу. Ён падкрэсліў, што ў звароце былі агучаны стратэгічныя накірункі, вектары, па якіх Беларусь будзе крочыць у будучае, развіваць адносіны з суседзямі як з захаду, так і з усходу, шукаць і будаваць  партнёрскія ўзаемаадносіны з любой краінай, не губляючы сваіх самабытнасці і суверэнітэта.

Акцэнтаваў аратар увагу прысутных і на такім, здавалася б, банальным, але актуальным пастулаце як “кадры вырашаюць усё”. Андрэй Міхайлавіч засяродзіў увагу кіраўнікоў на неабходнасці трымаць кваліфікаваныя кадры, падтрымліваць іх. “У хуткім часе, аб гэтым казаў і беларускі лідар, заходняя Еўропа адчуе патрэбу ў маладых, здаровых, разумных спецыялістах, прапануе ўсё, каб прыцягнуць да сябе маладую кроў. Наша задача – моладзь пераканаць, што будаваць будучае трэба на радзіме, падтрымаць яе”, — падкрэсліў Андрэй Міхайлавіч.

Закрануў ён і канікулярны час, які неўзабаве прыйдзе. “Пытанне бяспекі павінна стаць адным з прыярытэтных у гэты перыяд. Трагічная статыстыка, нажаль,  усё часцей дае нам лічбы загінуўшых на пажарах, вадзе. Асабліва гэта тычыцца дзетак, яны часцяком занадта актыўныя, нярэдка няўважлівыя. Таму наша агульная задача – зрабіць для іх летні час прыемным, карысным і бяспечным”, – рэзюмаваў Андрэй Міхайлавіч.

Пасля заканчэння сустрэчы ў кожнага з залы была магчымасць звярнуцца да намесніка губернатара з пытаннем.

Дадам, што ў рамках рабочага візіту Андрэй Кунцевіч правёў “прамую лінію” з насельніцтвам. Адзначыў са  станоўчага боку і міжнародны фестываль імя Восіпа Казлоўскага, які праходзіў у гэты дзень у кінатэатры “Радзіма” і на адкрыцці якога ён прысутнічаў. “Слаўгарадчына – зямля таленавітых людзей, багатая на традыцыі, самабытная. Таму я вельмі ўражаны тым, як вы зберагаеце іх”, — падзяліўся Андрэй Міхайлавіч.

Уладзімір РЫЖАНКОЎ.

Фота аўтара.