У выйгрышы – толькі гаспадар!

 

Цёплае і даволі вільготнае надвор’е не можа не радаваць аграрыяў раёна: травастой, як кажуць, на зайздрасць зялёны і сакавіты. Таму і корманарыхтоўка распачалася амаль у кожнай гаспадарцы. Сярод лідараў у гэтым плане: “Зімніца”, “Заранскі”, “Лясная”. Гэтыя тры сельгаспрадпрыемствы ўжо гартуюць кармавы запас на зімовы перыяд. Ні для каго не сакрэт, што менавіта зараз трава найбольш якасная. Таму першы ўкос трэба правесці максімальна аператыўна, не губляць ніводнага пагоднага дня.

Як пракаментаваў старшыня райвыканкама Канстанцін Жыгуцкі, корманарыхтоўка – адзін з найважнейшых этапаў работы ў сельскай гаспадарцы. Летні перыяд праляціць хутка, а там – і восень. А ў зімнестойлавы перыяд жывёліну будзе чым пакарміць толькі пры ўмовах сённяшняй руплівай працы.

Надаецца нямала ўвагі і добраўпарадкаванню аграрнага сектара, малочнатаварных фермаў, комплексаў і іх тэрыторый. У гэтым накірунку зроблена многа па агароджванню такіх пабудоваў. Так у прыклад можна паставіць навядзенне парадку на тэрыторыі малочнатаварнага комплекса “Зімніца” (на здымку), некаторых іншых аб’ектаў.

“І работа гэта не разавая, а павінна быць сістэмнай. Рэгулярна падкасіць траву, фарбай прайсці там, дзе трэба – справа не выдатковая, не патрабуе амаль ніякіх грошай. Аднак нехта гэта разумее – наводзіць і падтрымлівае парадак на ферме, а нехта займае пазіцыю назіральніка і пускае ўсё на самацёк. Пагадзіцца з гэтым мы не можам і будзем шукаць падыходы, каб давесці да разумення некаторых кіраўнікоў”, – адзначыў старшыня райвыканкама падчас аб’езда тэрыторый сельгаспрадпрыемстваў Слаўгарадчыны.

Радавалі вока і статкі буйной рагатай жывёлы мясных парод. Выпас сёння дазваляе жывёле лічы бесперапынна мець доступ да ежы. Таму ў людзей, якім неабыякавы вынік, будуць і прывагі. Толькі гаспадаром трэба не лічыцца фармальна, а з’яўляцца ім рэальна. Гэта аксіёма жыцця.

 

 

 

Тэкст і фота Уладзіміра РЫЖАНКОВА.