Жыцця аснова – родная зямля

 

На поўначы за 20 кіламетраў ад Слаўгарада знаходзіцца вёска Ляцягі. Па адной з версій, назва пайшла ад прозвішча памешчыка, маёнтак якога знаходзіўся тут. Па другой – нібыта паходзіць ад назвы ляцягі сумчатай, якая па-беларуску называецца палятуха, лятунец.

Упершыню ўзгадваецца гэты населены пункт у пісьмовых крыніцах у 1684 годзе, як вёска ў Прапойскай воласці Аршанскага павета Рэчы Паспалітай. У 1783 годзе тут была пабудавана драўляная Пакроўская царква. Паблізу знаходзіўся маёнтак, гаспадар якога ў сярэдзіне XIX стагоддзя меў 1600 дзесяцін зямлі, карчму і млын. У гэты ж час у Ляцягах налічвалася 33 двары, 233 жыхары. Вяскоўцы тут займаліся сталярным і бандарным промысламі.

Напрыканцы XIX стагоддзя Ляцягі – уладанне С. Шклярэвіча. Тут ужо было 27 двароў і 330 жыхароў. Меліся школа граматы, карчма, два разы ў год праводзіліся кірмашы. У хуткім часе школа была ператворана ў народнае вучылішча, дзе навучаліся 54 хлопчыкі.

У 1910 годзе вёска належала Ляцягскаму сельскаму таварыству, а ў 1931-ым тут быў арганізаваны калгас “Чырвоны ўдарнік”. Напрыканцы 30-х гадоў XX стагоддзя ў Ляцягі было пераселена 58 хутароў.

На жаль, фашысцкая навала не абышла і гэты куток слаўгарадскай зямлі. У Вялікую Айчынную вайну са жніўня 1941 года да 3 кастрычніка 1943 года вёска была акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Але і партызаны вялі з імі жорсткую барацьбу. У маі 1943 года ў Ляцягах размяшчаліся партызаны палка Грышына. Яго байцы ў кастрычніку 1943 года ва ўмовах блакады 19 дзён вялі цяжкія абарончыя баі ў нашым і Быхаўскім раёнах. Таксама некаторы час каля вёскі дыслацыраваліся партызаны 13-ай Касцюковіцкай брыгады і 15-га палка.

Адступаючы пад націскам Чырвонай Арміі, немцы пакідалі пасля сябе адны папялішчы. Усё рабавалі і спальвалі. І толькі вёска Ляцягі на іх шляху засталася некранутай. Старажылы расказваюць чаму.

У 30-я гады XX стагоддзя больш дзясятка мужчын былі рэпрэсаваныя. У тым ліку і Карп Сазонаў. У яго засталася дачка Ганна з братамі і хворай маці. Ганна Карпаўна была вельмі веруючай жанчынай, і падчас вайны яе хвалявала толькі тое, каб немцы не сагналі ў Германію і каб родную вёсачку не спалілі. І вось у той час, калі з гэтай мясцовасці адышлі партызанскія атрады, а ў Ляцягах і суседніх вёсках усталявалася нязвыклая цішыня, адна бабулька параіла Ганне Карпаўне, што трэба зрабіць, каб уратаваць вёску ад пажару. Трэба было абысці вёску з іконай “Неапалімая Купіна”. Гэтую ікону мясцовыя жыхары нейкім чынам заказалі ў Магілёве, адтуль яе  прывезлі цягніком у Чавусы. І дзве старэнькія бабулі прынеслі ікону ў Ляцягі на плячах.

 

Сабраліся жанчыны-вернікі на плошчы каля царквы, памаліліся, узялі ікону, прыбраную рушнікамі, і панеслі яе ўперадзе калоны. Калі гэтая працэсія абыходзіла Ляцягі, у баку, метраў за 50 – 60, стаяла гумно. І вернікі абыходзіць тое гумно не сталі, бо яно было вельмі зарослае пустазеллем.

У выніку немцы спалілі ўвесь Савет, усе вёскі. А ў Ляцягах згарэла толькі тое гумно, якое не сталі абыходзіць з іконай. А праз 3 дні прыйшлі савецкія салдаты. Вось так і ўратаваліся Ляцягі. Мясцовыя жыхары кажуць, што толькі Маці Божая іх і абараніла.

Трэба адзначыць, што гэты абрад вяскоўцы з тае пары кожны год праводзяць 17 верасня ў свята іконы Божай Маці “Неапалімая Купіна”.

Драўляная царква Покрыва Багародзіцы стаяла на ўзвышшы. Гэтая акалічнасць дазваляла савецкім салдатам весці назіранне за рухам нямецкіх войскаў. Але храм таксама быў арыенцірам і для ворага. І вось аднойчы раніцай мясцовыя жыхары са здзіўленнем убачылі, што царквы няма. За адну ноч салдаты разабралі яе. Вёска без храма, які стаяў больш за паўтара стагоддзя, аказалася нейкай асірацелай.

Зараз на гэтым месцы стаіць мемарыяльная дошка з імёнамі загінуўшых землякоў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Акрамя таго ў брацкіх і адзіночных магілах у Ляцягах пахаваны савецкія воіны і партызаны. А пры ўездзе ў вёску, на ўзвышшы ля берага Проні, знаходзіцца зямлянка. Тут восенню 1943 года знаходзіўся назіральны пункт 324 дывізіі 887 артылерыйскага палка. У час баявых дзеянняў адсюль кіраваў агнём артылерыі старшы лейтэнант Дранішнікаў.

Але, нягледзячы на боль і страты, жыццё працягвалася. У 1950 годзе ў Ляцягах уступіў у строй радыёвузел, вёска была радыёфікавана, крыху пазней – электрыфікавана. У 1962 – 1965 гадах уваходзіла ў склад Чавускага раёна, у 1990-ым – у складзе калгаса “Радзіма”. У гэты час тут пражывала 167 жыхароў, была 81 прыватная гаспадарка.

У Ляцягах размяшчаліся: вытворчая брыгада, майстэрні па рамонце сельскагаспадарчай тэхнікі, ферма буйной рагатай жывёлы, ветэрынарны ўчастак, клуб, стацыянарная кінаўстаноўка, грамадская лазня, магазін.

 

Вёска, як і іншыя ў раёне, пацярпела ад катастрофы на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Гэта не магло не адбіцца на колькасці жыхароў і іншых паказчыках жыццядзейнасці. Але ў гэтага населенага пункта багатае гістарычнае мінулае, а землякі могуць ганарыцца таксама і таленавітымі ўраджэнцамі Ляцяг.

Напрыклад, доктар хімічных навук, прафесар Нестар Емяльянаў нарадзіўся 30 кастрычніка 1898 года ў вёсцы Ляцягі. Быў удзельнікам грамадзянскай вайны. У 1932 годзе скончыў Гомельскі аграпедінстытут, пасля чаго вучыўся ў аспірантуры Інстытута хіміі Беларускай Акадэміі навук. У 1936 годзе малады вучоны быў арыштаваны і рэпрэсаваны. Яго накіравалі працаваць у хімічную лабараторыю “Варкуткамбінат”. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны Нестара Пятровіча вызвалілі датэрмінова і прызвалі ў Красную Армію. Праз год Емяльянаў трапіў у палон, а пасля вызвалення працаваў у спецлабараторыі спецаддзела МУС СССР у якасці хіміка. Рэабілітавалі вучонага ў 1956 годзе, і ён працягнуў свае даследванні ў Акадэміі навук БССР. Памёр у верасні 1970 года.

Савецкі горны інжынер, выдатны працаўнік гарнаруднай прамысловасці, Герой Сацыялістычнай Працы, кандыдат тэхнічных навук Георгій Зымалеў нарадзіўся ў Ляцягах 25 лістапада 1911 года. Скончыўшы школу, паехаў вучыцца ў Гомель. Пачынаў сваю працоўную дзейнасць у сельскай гаспадарцы Магілёўскай вобласці. У 1934 годзе працаваў праходчыкам маскоўскага метро, удзельнічаў у будаўніцтве станцыі “Камсамольская”. Паступіў у Маскоўскі горны інстытут, які скончыў на выдатна, атрымаўшы прафесію горнага інжынера. І быў накіраваны на працу ў Крывы Рог, дзе стаў начальнікам участка шахты “Гігант”.

Падчас вайны ў эвакуацыі шчыраваў на рудніках Чалябінскай вобласці і ў Казахстане. Пасля вызвалення Крывога Рога Георгій Сямёнавіч вярнуўся на “Гігант” у якасці кіраўніка. У 1965 годзе без адрыву ад вытворчасці абараніў кандыдацкую дысертацыю, з’яўляецца аўтарам шэрага вынаходніцтваў і публікацый. Да самой смерці ў 1987 годзе займаў кіруючыя пасады ў Міністэрстве чорнай металургіі СССР.

Аксана НЯМЦОВА.

Фота аўтара.