Сёмым разам – добрым часам!

 

У сёмы раз Слаўгарадчына становіцца месцам правядзення традыцыйнага ўжо фестывалю “Гаспадарчы сыр”. Гэты фэст штогод збірае ў горадзе на беразе Сожа сыраробаў, рамеснікаў, людзей, якія апантаныя народнай творчасцю, фальклорам.

Цэнтр горада ў мінулую суботу пераўтварыўся ў сваеасаблівы кірмаш. На якім былі прадстаўлены каля 30 гатункаў сыра, зробленыя рукамі слаўгарадскіх майстроў. Дэгустацыя, як водзіцца, сабрала ўсіх, хто любіць гэты кісламалочны прадукт. Дый і набыць яго можна было ўсякага: ад класічнага да экзатычнага. Трэба адзначыць: нашыя сыраробы не спыняюцца на сучасным сваім асартыменце і шукаюць, эксперыментуюць дзеля таго, каб адкрыць новыя ноткі ў смаку сыра. І, як каментуюць спажыўцы слаўгарадскіх сыроў, нашым майстрам па плячы вытворчасць выключна смачных гатункаў. Таму і пастаянныя кліенты ёсць амаль у кожнага сырароба з фантазіяй, адказным стаўленнем да сваёй працы і абавязковай санітарнай чысцінёй на працоўным месцы.

Вытворчы цэх “Слаўгарадскі” гіганта перапрацоўчай прамысловасці “Бабушкина крынка” таксама прапанаваў гасцям і ўдзельнікам фестывалю сваю прадукцыю. Якая традыцыйна высокаякасная і мае шырокі асартымент гатункаў.

Але не толькі сырам быў багаты той фестываль. Ён распачаўся канцэртна-забаўляльнай праграмай, падрыхтаванай раённым цэнтрам дзіцячай творчасці, якая сабрала на адкрытай пляцоўцы РЦК і НТ самых маленькіх. Тут вам і песні былі разнажанравыя, і харэаграфічныя эцюды, а яшчэ конкурсы, віктарыны. Было шмат цікавага. Таму з актыўнасцю з боку падрастаючага пакалення праблем не было.

Увогуле гандлю і магчымасці набыць сувенір, які б нагадваў пра гасцінную Слаўгарадчыну, было адведзена асаблівае месца. З розных куткоў не толькі Магілёўшчыны завіталі на фестываль гандляры. Акрамя малочных вырабаў набыць можна было нават і казлянят, і птушку. Не гаворачы ўжо аб шырокім асартыменце сувенірнай прадукцыі.

Рамеснікі прапанавалі свае вырабы. Яны адрозніваліся традыцыйна ад прамыслова вырабленых. У першых адчуваецца цеплыня рук чалавечых.  Ад таго і нясуць асаблівы энергетычны настрой, пазітыў. Шкло, метал, драўніна, рознага кшталту тканіны, салома і іншае – усе гэтыя матэрыялы ў руках майстроў пераўтварыліся ў сапраўдныя шэдэўры. Якія госці і ўдзельнікі фестывалю набывалі ахвотна.

Дзецям таксама было раздолле. Мноства атракцыёнаў радавала кожнага аматара гэтага віда адпачынку. Прычым кошт на такі батут у дзіцячым парку, які прапануе наш камунгас, быў удвая танней. Таму, як зараз кажуць, адпачывайце на мясцовых атракцыёнах. Да таго ж спецыялісты вышэйназванага прадпрыемства ў планах маюць пашырэнне свайго забаўляльнага парку. Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя.

На адкрытай пляцоўцы ў той дзень выступілі творчыя калектывы. Завіталі на фестываль не толькі прадстаўнікі Магілёўскага рэгіёна, у той дзень сярод гасцей былі і сябры са Смаленшчыны. Яны таксама падзяліліся сваім майстэрствам, творчасцю. Шумячскі раён ужо можа з поўнай адказнасцю называцца    сябрам Слаўгарадчыны. Аб гэтым сведчылі і выключна станоўчыя каментарыі гасцей. Яны падкрэслівалі, што адчуваюць сябе на нашай зямлі заўсёды камфортна і па-добраму зайздросцяць нашым гасціннасці і добрасумленню.

Не абышлося ў той дзень і без узнагарод. Старшыня райвыканкама Канстанцін Жыгуцкі вітаў гасцей і ўдзельнікаў “Гаспадарчага сыра”. Ён выказаў надзею, што і сыраробства, і іншыя віды самазанятасці знойдуць сваіх прыхільнікаў, і ў хуткім часе мы пачуем пра новыя ініцыятывы, праекты, скіраваныя на рост жыццёвага ўзроўня насельніцтва нашага раёна.

Узнагароджванне прайшло і адзначыла ўсіх і кожнага, хто прымаў удзел у фестывалі, займаўся ягонай арганізацыяй і рэалізацыяй.

Фестываль закончыўся. Але яшчэ свежыя ўспаміны пра яго. І хочацца верыць, што яны не знікнуць доўга ў кожнага, хто завітаў на “Гаспадарчы сыр”. Ну, хаця б да наступнага фестывалю. Які, я ўпэўнены, будзе не горш за сёлетні. І мы зноў сустрэнемся з сябрамі і яшчэ раз нагадаем пра Слаўгарадчыну сырную, гасцінную, творчую.

 

 

 

 

 

 

Уладзімір РЫЖАНКОЎ.

Фота аўтара.