У дарослае жыццё праводзілі, з дзяцінствам развіталіся

 

Без аднаго сто вучняў зараз набываюць веды ў Васькавіцкай сярэдняй школе. Хутчэй трэба ўжо казаць пра гэта ў мінулым часе. Бо ўчора на адкрытай пляцоўцы школы адбылася ўрачыстая фінішная школьная лінейка, на якой звонка прагучаў апошні званок. Які і абвясціў усіх аб надыходзе канікулаў.

Сёлета сем вучняў 11 класа ў апошні раз апранулі школьную форму. Яны развітваюцца са школай, навучэнцамі, настаўнікамі, калектывам школы, які прымаў непасрэдны ўдзел у іхнім выхаванні, фарміраванні светапогляду.

Павіншаваць школьнікаў у той дзень завітала Таццяна Бабічава, кіруючы справамі – начальнік упраўлення справамі райвыканкама, і Валянціна Малахава, старшыня Васькавікага сельвыканкама. Госці былі адзінымі ў сваіх словах, калі зычылі выпускнікам паспяхова вытрымаць школьныя экзамены, знайсці сябе ў будучай прафесіі. Астатнім жа нагадалі, што адпачынак павінен стаць не толькі прыемным, але і абавязкова бяспечным.

Дырэктар школы Іна Флёрык выканала ўрачысты абавязак – узнагародзіла актывістаў школы. Прыемна было бачыць, што ў спісе наменантаў на ўзнагароды быў амаль кожны трэці вучань. Дый і па ўзроставаму цэнзу былі рабяты ад малодшашкольнікаў да выпускнікоў. Гэта, на мой погляд, сведчыць аб актыўнасці ўсёй школы, аб агульнай, кажучы мовай сучаснай, матываванасці на поспех.

 

Першакласнікі віншавалі выпускнікоў. Тыя – настаўнікаў. Гучала шмат добрых і цёплых слоў. А гэта ці не доказ, што тут атрымоўваецца стварыць адзіны дружны калектыў аднадумцаў.

Песні, вершы, флешмоб, паветраныя шары, адпушчаныя ў неба – было цікава, весела, камфортна і радасна.

Але ж, вядомая справа, невялічкай журбінцы месца было. Усёж-такі са школай гэтыя сямёра развітваюцца назаўсёды. І ідуць у дарослае жыццё. Складанае, але цікавае і поўнае перспектыў. Са святам, у добры час!

Тэкст і фота Уладзіміра ВАСІЛЬЕВА.