Васькавічам – 263 гады: цікавае з гераічным

У кожнага ёсць свая малая радзіма, дзе ён нарадзіўся і вырас, дзе пахаваныя яго продкі, дзе ўсё здаецца асаблівым, родным. Напэўна хтосьці старонні, наведаўшы вёску Васькавічы, скажа, што ўсё тут звычайна і проста, а вось для тых, хто тут нарадзіўся, жыве, працуе, каштоўна кожная дробязь. Не так даўно вёсцы Васькавічы споўнілася 263 гады. Упершыню яна згадваецца ў гістарычных крыніцах у 1555 годзе як сяло ў Прапойскай воласці. Назва паходзіць ад слова воск. Напэўна таму, што ў вёсцы ў канцы 18 стагоддзя амаль паўсюдна мясцовыя жыхары займаліся бортніцтвам. Відаць, гэтага прадукта пчалярства было ў лішку.

У цікавае падарожжа па старонках гісторыі роднай вёсачкі вучняў Васькавіцкай сярэдняй школы запрасілі бібліятэкар Васькавіцкай бібліятэкі Марына Прачуханава і загадчыца сельскага клуба Марына Самусенка.

Мерапрыемства пад назвай “Вёска Васькавічы ў легендах, паданнях і падзеях: 1755–2018 гг.” прайшло ў мінулы чацвер у клубе. Розныя гістарычныя падзеі, у тым ліку і трагічныя, адбіліся на мінулым вёскі, паўплывалі на лёсы яе жыхароў. Прыгадалі вядучыя імёны аднавяскоўцаў, якія прымалі ўдзел у Першай Сусветнай вайне, грамадзянскай, Кастрычніцкай рэвалюцыі. Пазней была калектывізацыя. Людзі пачалі аб’ядноўвацца ў калгасы. Першая сельскагаспадарчая арцель “Чырвоны партызан” стварылася на тэрыторыі вёскі Ганчароўка. Старшынёй абралі Ігната Ерашэнку. Аднак Вялікая Айчынная вайна ўнесла свае карэктывы. Як успамінала Ніна Цвярдоўская, старшыня арцелі, камуніст, падпольшчык Ігнат Ерашэнка стойка прыняў смерць ад рук фашысцкіх карнікаў, якія да таго па-зверску здзекваліся і катавалі яго. Ягоныя астанкі былі пахаваны аднавяскоўцамі на могілках у Васькавічах.

Пра жыццёвы лёс свайго мужа, удзельніка Айчыннай вайны, вучням расказала Ева Рыгораўна Неплашова. Хвілінай маўчання прысутныя ўшанавалі памяць усіх вяскоўцаў, што загінулі ў гады ваенных ліхалеццяў.

Вайна ў далёкім і чужым Афганістане таксама не прайшла вёску бокам. Аб чым сведчыла тэматычная выстава, дзе разам з дакументальнымі матэрыяламі размяшчаліся фотаздымкі васькавіцкіх хлопцаў, якія, яшчэ не пабачыўшы жыцця, адправіліся выконваць свой інтэрнацыянальны абавязак. Прысутнічала на мерапрыемстве маці, якой пашчасціла дачакацца свайго сына Аляксандра Старушэнку з Афганістана. Аб тым, што яна перажыла за паўтара года службы, як чакала і верыла, яна, не хаваючы хвалявання, расказала моладзі. Асобы каларыт мерапрыемству надавалі аўтэнтычныя песні ў выкананні фальклорнага ансамбля “Вясковачкі”. Яго ўдзельніцы – жанчыны шаноўнага ўзросту, дзеці вайны, якія шмат чаго пабачылі і помняць. Так, Ніна Сяргееўна Аксёненка падзялілася сваімі дзіцячымі ўспамінамі пра вайну, пасляваеннае галоднае дзяцінства, як прыйшлося кінуць вучобу і пайсці працаваць на ферму, каб выратавацца ад галоднай смерці. Яна пажадала школьнікам добра вучыцца і стаць сапраўднымі грамадзянамі Беларусі, ніколі не забываць сваіх каранёў і сваёй малой радзімы.

Наогул падчас мерапрыемства прысутныя шмат чаго цікавага і карыснага даведаліся пра сваіх аднавяскоўцаў, іхнія працоўныя подзвігі, працоўныя дынастыі, якія і сёння працягваюць праслаўляць свой родны куточак.

Пасля заканчэння мерапрыемства вучні з задавальненнем разглядвалі выставы і рабілі ля іх сэлфі.

Тэкст і фота Святланы БЯЛЯЕВАЙ.