Корманарыхтоўка – без парушэнняў!

Корманарыхтоўцы сёння ў раёне надаецца асаблівая ўвага. Гаспадаркі імкнуцца забяспечыць жывёле на зімовы перыяд максімум карыснага і якаснага корму. Ад таго і шчыруюць працаўнікі сельскай гаспадаркі штодзень з максімальнай самааддачай. Але не заўсёды пытанням пажарнай бяспекі ўдзяляюць увагу. З гэтай нагоды ў мінулы панядзелак быў арганізаваны рэйдавы выезд з удзелам намесніка начальніка райаддзела па надзвычайных сітуацыях Аляксандра Жылянкова і галоўнага дзяржінспектара ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванню райвыканкама Сяргея Хацятоўскага. Аўтар гэтых радкоў таксама быў запрошаны ў рэйд. У той дзень былі абследаваны дзве гаспадаркі ААТ “Гіжэнка АГРА” і “Наша Радзіма”.

Работа па корманарыхтоўцы ішла поўным ходам у кожнай гаспадарцы. Але і павярхоўнае стаўленне да патрабаванняў Правілаў пажарнай бяспекі было аднолькавым. Адсутнасць ці непрацаздольнасць пярвічных сродкаў пажаратушэння, па словах Аляксандра Жылянкова, сталі хранічнымі па ўсяму раёну. Гэтыя гаспадаркі выключэннем не сталі таксама. Да таго ж і інструктажы з механізатарамі на прадмет пажарнай бяспекі не праводзяцца. “Мы традыцыйна спадзяваемся на знакамітае “авось”. Але, як паказвае практыка, тэхніка мае асаблівасць узгарацца. Тым больш стаіць спякота, а пацёкі машыннага масла – вельмі спрыяюць гэтаму. Хочацца звярнуцца да кіраўнікоў гаспадарак. Паважаныя, паклапаціцеся за вашых работнікаў, іхняе здароўе і жыццё. Кошт вогнетушыцеля не большы за чалавечае жыццё ці трактар”, – адзначыў спецыяліст РАНС.

Ён дарэчы пад подпіс правёў інструктаж з механізатарамі, занятымі на корманарыхтоўцы. Распавёў, якія наступствы могуць быць ад халатнасці пры выконванні правілаў пажарнай бяспекі.

Сяргей Федаровіч таксама прааналізаваў становішча з «працаздольнасцю» тэхнікі. Яна, па словах спецыяліста, знаходзіцца ў працоўным стане.

Тэкст і фота Уладзіміра РЫЖАНКОВА.