А з вяселлямі – “перадышка”

 

 

Май быў апошнім вясновым месяцам года. Ён фінішаваў, таму самы час прааналізаваць яго дэмаграфічны аспект.  Пачнём з прыемнага. На свет майскімі днямі з’явіліся 10 немаўлят.  Сямёра з іх – гараджане, вяскоўцаў адпаведна трое. Дзяўчынкі па-ранейшаму не здаюць пазіцый і працягваюць дамінаваць у колькаснай перавазе: на чатыры хлопчыкі іх шасцёра.  Мудрагелістых імёнаў сваім крывінкам быцькі не шукалі, хутчэй прытрымліваліся ў сваім выбары традыцыйнасці. Дзяўчатак назвалі Кацярына, Мілана, Кіра, Ксенія і Таццяна, хлопчыкаў – Павел, Віктар, Арсеній і Вячаслаў. Віншуем новаспечаных бацькоў з нараджэннем дзіцяці. Пагадзіцеся, што хоць і чакалі вы гэтай падзеі 9 месяцаў, а ўсё роўна так нечакана ўсё адбылося, і цяпер вы ўжо не самі па сабе: цяпер вы несяце адказнасць за маленькага чалавечка, які ў хуткім часе назаве вас татам і мамай! Жадаем толькі лепшага вам і вашаму немаўляці.

У вясельным сезоне назіралася кароткая “перадышка”. Толькі адзін шлюб быў зарэгістраваны на вёсцы. Напэўна, лета кампенсуе іх колькасць, і новых сем’яў створыцца значна больш. Віншуем маладых з прыемнай падзеяй. Кахайце адзін аднаго, беражыце, вучыцеся слухаць і чуць сваю палову – і тады ўсё будзе атрымоўвацца. У добры шчаслівы шлях!

Што тычыцца скрушнай статыстыкі, то тут не да аптымістычных высноў. З месяца ў месяц смяротнасць пераважае над нараджальнасцю. Прычым істотна. А ў маі аж у два разы: нарадзілася 10, а памерла 20 слаўгарадчан. Пароўну і гараджан, і вяскоўцаў. Страта роднага чалавека – цяжкае выпрабаванне. Жадаем усім, хто пахаваў блізкага, знайсці ў сабе сілы вытрымаць гэты ўдар, і выказваем шчырыя спачуванні.

Вынікі пяці месяцаў наступныя: зарэгістравана 59 нараджэнняў (41 – у загсе, 18 – у сельвыканкамах); шлюбаў заключана 14 (10 – у горадзе, 4 – на вёсцы); пакінулі гэты свет 107 слаўгарадчан (з іх 53 гараджаніна і 54 вяскоўца).

Даныя, прадастаўленыя в.а. начальніка аддзела ЗАГС райвыканкама Людмілай Давыдзенка,

апрацавала Святлана БЯЛЯЕВА.

Фота Уладзіміра ВАСІЛЬЕВА.