Людзі гонару і павагі

Свята Перамогі ў раённым цэнтры з гучнай назвай Слаўгарад святкуецца кожны год. Радзеюць шарэнгі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, а родныя нясуць на парад фотаздымкі бацькоў, дзядоў, матуль і бабуль, каб ушанаваць іх памяць. На партрэтах  – салдаты Вялікай Айчыннай  з баявымі ўзнагародамі, а сведкі, якія перажылі жудасныя падзеі крывавай вайны, моўчкі хусцінкай збіраюць слязу ўспамінаў ля помнікаў воінам-вызваліцелям. Малалецтва дзяцей ваеннага ліхалецця загінула ў гарніле небяспекі, барацьбы, пасляваеннага адраджэння роднай зямлі. У дзень святкавання Вялікай Перамогі землякі наведваюць музей, дзе сабраны ўспаміны аб вайне, і глядзяць з фотаздымкаў на ўсіх знаёмыя постаці франтавікоў…

ШПАКАЎ Цімафей Данілавіч нарадзіўся ў вёсцы Віравая былой Прапойскай воласці ў 1909 годзе. Першыя веды атрымаў у мясцовай пачатковай школе і ўжо да вайны меў 6 класаў адукацыі. У 1932 годзе пачаў ваенную службу ў мястэчку Чавусы, адкуль быў накіраваны курсантам у ваеннае вучылішча горада Магілёў. Але не было магчымасці яго скончыць, бо на вучобу неабходны былі сродкі, якіх не хапала. Пайшоў працаваць на Прапойскую МТС (машынна-трактарную станцыю) у трактарную брыгаду.

З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны Шпакаў Цімафей узначаліў дэмантаж і эвакуацыю тэхнікі МТС г.п. Прапойск (з 1945 года мае назву Слаўгарад) у накірунку Каломны. Адтуль лёс яго кідае на перадавую, дзе ў званні старшыні ваюе ў артылерыйскім выведвальным дывізіёне да 1943 года. Па фотаздымках і расказах аднаго з сыноў Цімафея Данілавіча – Анатоля Цімафеевіча, бацька ваяваў на Курскай дузе.  Менавіта ў сакавіку 1943 года Шпакава Цімафея Данілавіча прымаюць у рады Камуністычнай партыі Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. А пасля пераводзяць на службу ў контрразведку “Смерш” – да заканчэння вайны. Цімафей Данілавіч дайшоў да Берліна і асабіста распісаўся на сцяне Рэйхстага.

З гонарам распавядае сын пра ўзнагароды свайго бацькі, якімі адзначыла яго Радзіма: ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі “За отвагу”, “За боевые заслуги”, “За оборону Москвы”, “За взятие Кенигсберга” і іншымі.

Пасля дэмабілізацыі Цімафей Данілавіч вярнуўся на радзіму – у горад Слаўгарад, дзе працягнуў працаваць на МТС брыгадзірам трактарнай брыгады. Цяжкі перыяд пасляваеннага аднаўлення народнай гаспадаркі выпаў на долю ўсяго савецкага народа. Але жаданне жыць у міры, працаваць на карысць дабрабыту радзімы і сваёй сям’і давала сілы ўкладваць удвая больш у аднаўленне разбуранага вайной чалавечага жыцця.

Тракторная бригада Славгородской МТС, 1946 год

У 1945 годзе калектыў Слаўгарадскай МТС узяў на сябе высокія абавязацельствы і звярнуўся з заклікам да ўсіх калектываў машынна-трактарных станцый рэспублікі ўключыцца ва “ўсебеларускае сацыялістычнае спаборніцтва за ўзорную падрыхтоўку і правядзенне веснавой сяўбы, за  выкананне і перавыкананне плана трактарных работ…”. І менавіта 1945 год стаў для механізатараў Слаўгарадчыны двойчы пераможным. Калгасныя трактарысты дасягнулі новых працоўных поспехаў, а франтавікі адзначылі яго перамогай над фашызмам.

З 1954 па 1956 гады Цімафей Данілавіч прызначаецца на пасаду кіраўніка калгаса імя Н.К.Крупскай, а потым зноў вяртаецца да сваёй трактарнай брыгады і працуе брыгадзірам амаль да рэарганізацыі Слаўгарадскага раёна (1963 год). З 1963 года пачынае працоўную дзейнасць у якасці загадчыка цэха цаглянага завода Слаўгарадскага прамкамбіната, дзе дырэктарам у той час працаваў Клімянкоў Сямён Паўлавіч.

Перад вайной Цімафей Данілавіч ажаніўся на сваёй каханай дзяўчыне Мельнікавай Алене Фёдараўне (1913 г.н.), якая таксама нарадзілася ў вёсцы Віравая. Да вайны ў маладой сям’і Шпакавых нарадзілася трое дзяцей: старэйшая дачка Дзіна, сын  Міхась і малодшая Нэля.

Цяжкія выпрабаванні выпалі на долю Алены Фёдараўны падчас акупацыі нямецка-фашысцкімі захопнікамі Прапойскага раёна. Траіх дзяцей трэба было падымаць на ногі і зберагаць ад  холаду,  голаду і небяспекі,  але  жанчына ўсё вытрымала. Нават дапамагала партызанам атрада С.В. Грышына перадаваць неабходныя звесткі, лячыла параненых байцоў. Балазе, гэтую справу яна добра ведала – да вайны працавала медсястрой у хірургічным аддзяленні і адначасова закончыла медыцынскія курсы ў г. Мінску. У пасляваенны перыяд у сям’і Шпакавых нарадзілася яшчэ двое дзяцей: дачка Валянціна і сын Анатоль, за што ў 1955 годзе Шпакава Алена Фёдараўна атрымала ўзнагароду “Медаль мацярынства другой ступені”.

Т.Д. Шпаков, 1944 год

У дружнай сям’і заўсёды растуць шчаслівыя дзеці, якія бяруць прыклад з бацькоў. А Цімафею Данілавічу і Алене Фёдараўне ёсць чым ганарыцца. Душа ў душу пражылі яны свой выбраны Богам лёс, дачакаліся ўнукаў і разам сустрэлі 50-гадовы юбілей сумеснага жыцця.

Дачка Дзіна нарадзілася ў 1936 годзе. Скончыла Слаўгарадскую сярэднюю школу №1 і паступіла ў Мінскі педагагічны інстытут імя М.Горкага на спецыяльнасць  «бібліятэказнаўства». Усё жыццё працавала загадчыцай бібліятэкі Дома Урада.

Старэйшы сын Міхась нарадзіўся ў 1938 годзе, скончыўшы тую ж школу, пайшоў вучыцца ў сельскагаспадарчы тэхнікум, што ў Мар’інай Горцы. А пасля службы ў радах Савецкай Арміі працягнуў вучобу ў Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі па спецыяльнасці “эканаміст – вучоны аграном”. Пасля заканчэння вярнуўся на радзіму, дзе пачаў працаваць галоўным эканамістам калгаса “Кастрычнік”. Пасля займаў  розныя пасады: намесніка старшыні райвыканкама па пытаннях сельскай гаспадаркі, старшыні калгаса імя У.І. Леніна (в. Гайшын), кіраўніка ўпраўлення дзяржкантролю абласнога камітэта Магілёўскай вобласці.

Дачка Нэля нарадзілася ў 1940 годзе, амаль перад пачаткам Вялікай Айчыннай вайны. Скончыла першую гарадскую школу, а пасля — тэхнікум па спецыяльнасці “бухгалтар”. Працавала ўсё жыццё ў калгасе “Кастрычнік” Слаўгарадскага раёна.

Дачка Валянціна нарадзілася ўжо пасля вайны ў 1946 годзе. Вучылася ў Новаслабодскай васьмігадовай школе, а потым скончыла вучылішча ў горадзе Мінску. Пасля вучобы засталася працаваць на заводзе “Колибр” наладчыцай.

Шпакаў Анатоль Цімафеевіч нарадзіўся ў 1953 годзе. Скончыў Новаслабодскую васьмігодку. Вучыўся ў музычнай школе Слаўгарада па класах трубы ў Лабадаева Анатоля Апанасавіча і баяна ў Кананкова Анатоля Сцяпанавіча, які на той час быў дырэктарам музычнай школы.

Пасля васьмі класаў Анатоль Шпакаў паступіў у Жодзінскае ГПТВ-75 на спецыяльнасць «слесар- інструментальшчык» з атрыманнем сярэдняй адукацыі. Праходзіў прафесійную практыку на Жодзінскім БЕЛАЗе і адтуль быў прызваны ў Савецкую Армію. Служыў у г.Барысаве. Падчас службы быў прыняты ў кандыдаты членаў КПСС, а пасля арміі служыў у МУС г. Мінска.

На сваёй малой радзіме сустрэў дзяўчыну Пацёмкіну Людмілу Іванаўну і пакахаў яе на ўсё жыццё. Разам крочаць яны адной дарогай амаль 43 гады. Вырасцілі дзяцей: старэйшую дачку Дзіну (1975 г.н.) і сына Андрэя (1980 г.н.). Абодва скончылі сталічны Інстытут культуры і прысвяцілі большую палову жыцця культурнай і асветніцкай дзейнасці. Маюць узнагароды — Ганаровыя граматы Міністэрства культуры і Міністэрства адукацыі. Людміла Іванаўна Шпакава працавала дырэктарам Дзіцячай школы мастацтваў. Падчас яе кіраўніцтва былі створаны народныя калектывы “Крыніца” (РЦК і НТ), “Асалода” (райпо). Яна навучыла музыцыраваць і дала пуцёўку ў жыццё многім вядомым зараз людзям, але аб гэтым ужо быў артыкул у газеце “Ленінскае слова”, які прысвечаны юбілею Дзіцячай школы мастацтваў.

 

Матэрыял да друку падрыхтавала Вера СТАСЕНКА, старшы навуковы супрацоўнік раённага гісторыка-краязнаўчага музея.

Фотаздымкі з сямейнага архіва ШПАКАВА Анатоля Цімафеевіча.