НЯМА НА СВЕЦЕ МЕСЦА ЛЕПЕЙ, ЧЫМ РОДНАЯ ВЁСКА!

 

У народнага паэта Беларусі Максіма Танка знайшла незвычайна цёплыя радкі: “У кожнага з нас глыбока цепліцца ў сэрцы дзіўная і жыццядайная любоў да свайго краю, да сваіх родных мясцін. Як вядома, яна ўласціва не толькі чалавеку, але і ўсяму жывому да самай непрыкметнай былінкі, што цвіце пад сонцам, калышацца пад ветрам і дажджом”. Такой роднай мясцінай для многіх з’яўляецца наша сённяшняя вёска-гераіня.

За 13 кіламетраў на паўночны ўсход ад Слаўгарада ў Гіжэнкаўскім сельсавеце знаходзіцца вёска Аляксандраўка-1. Мясцовыя называюць яе таксама Ліксандрыўкай ці Малінаўкай. За 1,5 кіламетра на паўднёвы захад ад вёскі на правым беразе р.Сожу знаходзяцца стаянка каменнага веку і паселішча эпохі Кіеўскай Русі, што сведчыць аб засяленні гэтых месцаў у глыбокай старажытнасці. У пісьмовых крыніцах вёска ўпершыню згадваецца ў 1858 годзе, як населены пункт у Чэрыкаўскім павеце. На той год тут пражывала 80 рэвізскіх душ, а таксама мелася карчма. У 1880 годзе ў Аляксандраўцы-1 ужо налічвалася 40 двароў і 189 жыхароў. Частка вяскоўцаў займалася сталярным і бандарным промысламі. Асноўным жа заняткам і галоўнай крыніцай матэрыяльнага дабрабыту мясцовых жыхароў з’яўлялася сельская гаспадарка. Аднак тэхналогія і якасць апрацоўкі зямлі былі вельмі нізкія. Яна па-ранейшаму апрацоўвалася сахой і драўлянай бараной, таму і давала нізкія ўраджаі. Прывід голаду заўсёды лунаў над вёскай. Зрабіла свой уплыў на лёс жыхароў вёскі пракладзеная ў 1851 годзе Маскоўска-Варшаўская шаша. Яна палепшыла шляхі зносін, што, у сваю чаргу, спрыяла развіццю прамысловасці, гандлю, культуры.

У гэты час у Аляксандраўцы знаходзіўся маёнтак памешчыка В.Д. Панятоўскага, які застаўся яму ў спадчыну. Панятоўскі валодаў 310 дзесяцінамі зямлі, меўся таксама ў яго млын. У 1909 годзе ў вёсцы было 46 двароў і 333 жыхары, прычым у фальварку жыў 61 жыхар. У гэты ж час тут была адкрыта царкоўна-прыхадская школа, якая ў 1917 годзе стала земскай, размяшчалася ў наёмным       памяшканні. Вёска ў гэты час належала Аляксандраўскаму сельскаму таварыству Чэрыкаўскага павета, Даўжанскай воласці. Таксама ў гэты час вызначаецца яе прыналежнасць да Азёрскага праваслаўнага прыхода.

У 1923 годзе тут было арганізавана меліярацыйнае таварыства, а Аляксандраўка стала цэнтрам сельсавета. На базе дарэвалюцыйнай была створана школа 1-й ступені, якую наведвалі 45 вучняў. Праз некалькі год пачатковая школа стала двухкамплектнай, для яе нават пабудавалі асобнае памяшканне. Тут, акрамя мясцовых, вучыліся таксама дзеці з бліжэйшых хутароў і в. Ходараў. А ў 1930-я гады вяскоўцы аб’ядналіся ў калгас.

Мірная праца жыхароў Слаўгарадчыны, як і ўсіх савецкіх людзей, была перарвана нападам гітлераўскай Германіі на СССР. У ліпені 1941 года з цяжкімі баямі вырывалася з акружэння сфарміраваная ў Горкаўскай вобласці 137-я стралковая дывізія І. Грышына. На аляксандраўскай зямлі прынялі смерць байцы 2-га батальёна 771-га палка дывізіі. Дзеля ўшанавання іх памяці каля шашы “Чэрыкаў – Слаўгарад” пастаўлена стэла. А ў брацкай магіле за 1,5 кіламетра ад Аляксандраўкі пахаваны воіны, якія загінулі ў жніўні 1941 года. Мясцовыя жыхары ў сваіх успамінах прыгадвалі, што ў вёсцы ў той час было многа параненых салдат. Вяскоўцы ні аднаго з іх не пакінулі без дапамогі, ратавалі, падлечвалі як маглі, а потым байцы імкнуліся на ўсход, даганяць сваіх. Шмат загінуўшых заставаліся ляжаць пасля баёў, іх пахаваннем таксама займаліся мясцовыя жыхары. Памятаюць сведкі тых падзей і тое, як немцы здзекаваліся над параненымі савецкімі салдатамі.

Са жніўня 1941 года да 3 кастрычніка 1943 года Аляксандраўка знаходзілася пад акупацыяй нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Трагічным для вёскі выдаўся жнівень 1943 года. Гітлераўцы спалілі 68 двароў, загубілі 12 жыхароў.  А ўжо 3 кастрычніка часткі 3-й арміі вызвалілі ад нямецкай нечысці Аляксандраўку. 78 вяскоўцаў, выхадцаў з гэтых месцаў, засталіся на палях баёў. На ўшанаванне іх памяці ў цэнтры вёскі, у скверы ў 1966 годзе ўзведзена мемарыяльная сцяна.

Сярод аляксандраўцаў, якія з гонарам выканалі свой абавязак перад радзімай падчас Вялікай Айчыннай вайны, ёсць поўны кавалер ордэна Славы Пётр Маркавіч Ляўкоў, які нарадзіўся ў 1910 годзе. У Чырвонай Арміі – з самага пачатку чэрвеня 1941 года, сяржант, камандзір гарматнага разліку. Прайшоў з баямі ад Масквы да Берліна. Ордэн Славы III ступені атрымаў за бой пад Оршай. Артылерысты павінны былі падтрымліваць наступленне пяхоты. Але яе прасоўванню перашкаджаў варожы дзот. Вось тут і праявіў сваё майстэрства разлік сяржанта Ляўкова. Ордэн Славы II ступені Пётр Маркавіч атрымаў ужо на польскай зямлі за тое, што ў складаных умовах бою выйграў паядынак з нямецкімі артылерыстамі. Ордэн Славы I ступені Пётр Ляўкоў атрымаў за мужныя дзеянні на р. Эльбе, дзе артылерысты “папрацавалі” асабліва паспяхова. Акрамя гэтага грудзі П.М. Ляўкова ўпрыгожвалі ордэн Чырвонай Зоркі і шэраг медалёў.

У пасляваенны час былы артылерыст працаваў на хлебаробскай ніве. У 1968 годзе Пётр Маркавіч Ляўкоў пайшоў з жыцця. Імя ягонае занесена ў Кнігу народнай славы раёна. Да таго ж яго імем названа адна з вуліц Слаўгарада.

Ёсць яшчэ адна персона, якой могуць ганарацца мясцовыя жыхары. Уладзіслаў Рубанаў, беларускі празаік, нарадзіўся менавіта тут у 1952 годзе. Пасля заканчэння мясцовай васьмігодкі вучыўся на факультэце журналістыкі БДУ. Працаваў карэспандэнтам старадарожскай раённай газеты “Поступ Кастрычніка”, у аддзеле прозы часопіса “Полымя”, загадчыкам рэдакцыі прозы выдавецтва “Мастацкая літаратура”. Член Саюза пісьменнікаў, Уладзіслаў Якаўлевіч выступаў у друку, пачынаючы з 1972 года. У 1981 годзе выйшла яго першая кніга прозы “Вокны без фіранак”. Яго аповесці і апавяданні заснаваны на сучасным матэрыяле. Асабліва празаіка цікавілі маральна-этычныя і сацыяльна-псіхалагічныя аспекты жыцця вёскі і горада, духоўны свет сучасніка, праблема вясковага чалавека ў горадзе. Пісьменнік імкнуўся паказаць лепшыя традыцыі сялянскага побыту, сцвярджаў высокастаноўчыя рысы характару вяскоўцаў старэйшага пакалення: працавітасць, гаспадарлівасць, любоў і прыхільнасць да зямлі, прыроды.

Такімі рысамі вызначаюцца і яго землякі, жыхары маленькай вёсачкі, якіх шмат па нашай краіне. Але кожная з іх мае сваю непаўторную прыгажосць, каларыт і багатую гісторыю.

Да таго часу, як катастрофа на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі падзяліла жыццё на “да” і “пасля”, Аляксандраўка была даволі буйным населеным пунктам у раёне. Мясцовыя жыхары прыгадваюць, што моладзі і дзятвы хапала, как сабраць амаль дзве футбольныя каманды. Былі тут і добрая школа, вытворчая брыгада, ферма буйной рагатай жывёлы, крама. Але жорстка чарнобыльская хмара прайшлася па гэтых мясцінах. Людзі масава з’язджалі адсюль, таму на жаль сёння вёска з’яўляецца маланаселенай. Застаецца толькі спадзявацца, што гісторыя Аляксандраўкі  будзе доўжыцца як мага больш часу.

Аксана НЯМЦОВА.

Фота аўтара.