КАБ НЕ СТАЦЬ АХВЯРАЙ

 

Мы ў апошні час усё часцей сутыкаемся з “асаблівасцямі” характару надвор’я. Зацяжная спёка змяняецца “няўтульным” мінусам на тэрмометры. Месячная адсутнасць дажджу прайшла. На яе месца прыйшлі ліўні, якія, лічы, суткамі нясуць нам тоны вады. Так бы мовіць, сістэмы і ў прыродзе ўжо мы не назіраем. Да таго ж усё часцей чалавек становіцца ахвярай гэтых прыродных “выбрыкаў”. Так, у мінулы аўторак наш раён стаў месцам разгула стыхіі. Шквалісты вецер, які суправаджаўся маланкамі і ліўнямі, прымусіў нас зноў узгадаць, што чалавек – толькі маленькі элемент гэтай складанай экасістэмы. І тое, што мы амбіцыёзна пераканалі сябе і абвясцілі царамі ў прыродзе, зусім не вытрымлівае аніякай  крытыкі.

З коранем вырваныя дрэвы, затопленыя вуліцы і домаўладанні, удары маланак у пабудовы, выведзеныя са строю сеткі электраперадач – вось як стыхія “нагадвае”, што мы павінны жыць у гармоніі з прыродай.

Па звестках раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, 17–18 ліпеня ў раёне вызначыліся наступныя надзвычайныя сітуацыі: у двух домаўладаннях былі пабураны франтоны і дахі, адно домаўладанне падтоплена. Маланка стала прычынай узгарання падсобкі Гіжэнкаўскага яслі-садка і даху ў адным з аб’ектаў КСУП “Заранскі”. Таксама выратавальнікамі зафіксаваны шматлікія падзенні дрэў, якія ў сваю чаргу абарвалі лініі электраперадач у в.Красны Васход і а/г Лапацічы. Дзякаваць Богу,  чалавечых ахвяр не зарэгістравана.

На тэрыторыі ўсёй Беларусі разгул стыхіі прынёс шмат страт. Будынкі, тэхніка, расліннасць не вытрымліваюць такога націску. Таму, калі вы збіраецеся ў дарогу альбо плануеце выезд на прыроду, у лес, пацікаўцеся прагнозамі надвор’я. Такім чынам вы пазбавіцеся непрыемных сюрпрызаў ад нябеснай канцэлярыі.

Уладзімір РЫЖАНКОЎ.

Фота аўтара, Іллі Жартуна, РАНС.