ПРАЗ ЖЫВЫ ДЫЯЛОГ – ДА ВЫНІКУ

Інфармацыйна-сацыяльны “цягнік” “Забота”  ў мінулую сераду пайшоў па сваім традыцыйным маршруце – аддаленых населеных пунктах Слаўгарадчыны. На гэты раз у складзе ягоным была і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Алена Шаўцова, якая ўзначаліла каманду. Да таго ж тут былі прадстаўлены ўсе галіны культуры Лапаціцкага сельсавета: бібліятэка, сельскі Дом культуры. Супрацоўнік РАУС і загадчыца фельчарска-акушэрскага пункту таксама мелі магчымасць наладзіць кантакт з жыхарамі вёсак Машэцкая Слабада, Іванішчавічы і Чыкаўка. Традыцыйным стаў удзел у сустрэчах з насельніцтвам і Галіны Максімавай, загадчыцы аўтаклуба РЦК і НТ, дэпутата райсавета. Валанцёры ГА “Белая Русь” і “Чырвоны крыж” таксама ўдзельнічалі ў мерапрыемстве.

Хочацца адразу падкрэсліць, што сустрэчы гэтыя не носяць характар толькі фармальны. Наадварот, на іх адбываецца жывы дыялог. Акрамя таго, што на сустрэчах жыхароў знаёмяць з пытаннямі Адзінага дня інфармавання, члены інфармацыйнага “цягніка” абмяркоўваюць з сялянамі і надзённыя пытанні. Якіх, так водзіцца, у кожнага з нас хапае. Некаторыя вырашаліся аператыўна. Іншыя былі ўзятыя на кантроль.

Адказнымі за настраёвасць і пазітыўны градус у той дзень былі самадзейныя артысты калектыва “Рэчанька” Лапаціцкага СДК. Яны заліхвацкай песняй прымусілі кожнага хоць на некаторы час пакінуць турботы і адпачыць.

Тэкст і фота Уладзіміра ВАСІЛЬЕВА.