ЗНАЁМСТВА З ВЫБІТНЫМ ЗЕМЛЯКОМ

 

Амаль увесь ліпень бягучага года праводзяць археалагічна-этнаграфічную і гісторыка-краязнаўчую практыку студэнты першага курса гісторыка-філалагічнага факультэта Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова пад кіраўніцтвам сваіх выкладчыкаў: Аляксандра Агеева (прафесара, дацэнта, кандыдата гістарычных навук), Аляксея Аўласовіча (дацэнта, кандыдата гістарычных навук), Кацярыны Каралёвай (старшага выкладчыка, кандыдата гістарычных навук) на Слаўгарадчыне.

На пачатку тыдня непагадзь у чарговы раз перашкодзіла студэнтам весці запланаваныя археалагічныя даследаванні ў вёсцы Васькавічы. Але гэтая непрадказальнасць наблізіла сустрэчу ўдзельнікаў раскопак з цікавым чалавекам, які добра вядомы чытачам Слаўгарадчыны, – Феліксам Уладзіміравічам Шкірманковым.

Знаёмства з выбітным земляком ладзілася ў раённым гісторыка-краязнаўчым музеі 16 ліпеня. Падчас прапанаванай экскурсіі студэнты пазнаёміліся з гістарычным мінулым Слаўгарадчыны, пасля якой адбылася шчырая размова з Феліксам Уладзіміравічам.

Лёс асобы – гэта кавалак шляху, які захоўвае чалавек на працягу ўсяго свайго жыцця. Сталы ўзрост дазваляе больш грунтоўна падыходзіць да асэнсавання гістарычных падзей і ролі чалавека ў іх. Фелікс Уладзіміравіч распавядаў аб яскравых падзеях свайго жыцця. Адзначыў, што заўсёды дапамогай на жыццёвым шляху яму было каханне да жонкі, Радзімы і нават грамадства, якім бы зменлівым яно ні было. Мудрыя парады гучалі з вуснаў нашага знакамітага земляка: “Шануйце каханне. Жывіце на даверы адзін да аднога. Трымайцеся моцнай сям’і, бо дабрабыт і сям’я – надзейны падмурак для любой дзяржавы.” Пачаў сваё выступленне Фелікс Уладзіміравіч з парады, што не трэба цурацца роднае мовы. Бо калі народ губляе сваю мову – ён губляе сябе як нацыю, як самастойную краіну. Губляе адметнасць сваю – асаблівыя рысы, па якіх людзей адрозніваюць ад іншых народаў.

Біяграфія Фелікса Уладзіміравіча вельмі багатая. Не сыходзяць з яго памяці ўспаміны аб  Вялікай Айчыннай вайне, якімі з болем у сэрцы кранаў студэнтаў наш зямляк. Ваеннае ліхалецце прайшло ў Фелікса Уладзіміравіча ў партызанскай брыгадзе імя Л.М. Даватара, быў 3 разы паранены, потым быў памочнікам камандзіра разведроты. На грудзях Фелікса Уладзіміравіча ўзнагароды, якія ён атрымаў у гады Вялікай Айчыннай вайны, і ўсе яны здабытыя сваёй крывёю. За размініраванне маста праз раку Дзвіна ў 1943 годзе Фелікс Уладзіміравіч атрымаў медаль “За отвагу”, а самай значнай узнагародай для сябе лічыць  ордэн Чырвонага Сцяга.

На працягу сустрэчы студэнты задавалі пытанні рознага накірунку. На некаторыя з іх Фелікс Уладзіміравіч адказваў вершаванымі радкамі.

Вершы ён піша з маленства… Аўтар слоў гімна горада Слаўгарад на пытанне: – Як да Вас прыходзяць вершы? — адказвае: – Не ведаю, нешта аднекуль прыходзіць у сэнсаваных радках. І калі разумею гэты сэнс, запісваю на паперу, а потым дапрацоўваю, каб было зразумела і чытачам. У Фелікса Уладзіміравіча выдадзена 29 кніг вершаў і прозы, а 30 зборнік вершаў зараз знаходзіцца ў друкарні і хутка пабачыць свет.

Усё напісанае Феліксам Уладзіміравічам – частка жыцця, якую ён перажывае разам з чытачом. Так і на сустрэчы студэнты з лёгкасцю маглі перагортваць старонкі некаторых выданняў і нават фатаграфаваць вершы на мабільны тэлефон. На пытанне: “Ці ёсць у Вас творчыя ўзнагароды?” пісьменнік адказаў цікавым выпадкам з жыцця: “Аднойчы, калі я ішоў кудысьці па асабістых справах, мне заступіў дарогу “бомж”, які схапіў за адварот піджака і з удзячнасцю прамовіў: – Я чытаў Вашыя вершы, мне вельмі яны падабаюцца. Пішыце, пішыце…– Гэта лепшая ўзнагарода, якую я атрымаў,” – дадае Фелікс Уладзіміравіч. На пытанне, якое задавала студэнтка, аб тым, ці сустракаўся Фелікс Шкірманкоў з вядомымі пісьменнікамі, аўтар адказаў, што з Аркадзем Куляшовым сустракацца не прыходзілася, а вось з Аляксеем Пысіным ён знаходзіўся ў сяброўскіх адносінах.

З 1951 года Фелікс Уладзіміравіч працаваў геолагам, кіраваў геалагічнай разведкай на Калыме, паўвостраве Чукотка, узбярэжжы Ахоцкага мора. Аб розных здарэннях распавядаў ён, дзе ў суровых умовах трэба было працаваць і выжываць людзям. Калі падышоў пенсійны ўзрост, вярнуўся на малую радзіму і пачаў займацца грамадскай дзейнасцю. Быў абраны старшынёй грамадскай камісіі па праблемах чарнобыльскай катастрофы. Менавіта пры яго непасрэдным удзеле ўкаранялася ў жыццё праграмма па аздараўленні дзяцей з забруджаных радыёнуклідамі тэрыторый “Дзеці Чарнобыля”. Некаторы час працаваў загадчыкам аддзела ў раённай газеце “Ленінскае слова”. У 1991 годзе быў абраны старшынёй Слаўгарадскага гарадскога Савета дэпутатаў.

Падрыхтавала старшы навуковы супрацоўнік Слаўгарадскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея

Вера СТАСЕНКА.