ЦЕЛЯШЫ САБРАЛІСЯ НА ДЗЕНЬ ВЁСКІ

 

У вёсцы Целяшы ў мінулы чацвер было мнагалюдна і ўрачыста. Адразу некалькі знакавых падзей адбылося ў той дзень і сабрала жыхароў гэтага аграгарадка, ягоных гасцей. Сярод апошніх былі прадстаўнікі як заканадаўчай, так і выканаўчай улад. Але аб усім па чарзе. Увогуле ўвесь цыкл падзей аб’яднала свята – Дзень вёскі. Яно, як памятаецца, стала ўжо традыцыйным у нашым раёне і карыстаецца папулярнасцю ў сялян.

Распачалося дзейства з адкрыцця памятнага знака ў гонар былога жыхара вёскі Георгіеўскага кавалера Сільвестра Яфімавіча Кавалёва. Ён нарадзіўся тут у 1888 годзе. Удзельнічаў у Першай сусветнай вайне 1915 года.  Узнагароджаны Георгіеўскім крыжом 4-й ступені, яму было прысвоена званне унтэр-афіцера. Да 1930 года ён пражываў у Целяшах. Але тагачасныя рэпрэсіі, раскулачванне наступным месцам пражывання зрабілі Пермскую вобласць. Дзе, пасля рэабілітацыі, ён і застаўся жыць. Там жа і пахаваны. Яго ўнук Сяргей Кавалёў таксама завітаў на ўрачыстасць. Скажам больш, пры ягонай дапамозе стала магчымым узвядзенне памятнага знака на месцы, дзе на пагорку стаяла жытло дзядулі.

Настаяцель прыхода Свята-Петра-Паўлаўскага храма-помніка ў Лясной Георгій Сакалоў асвяціў знак. Ён узгадаў для прысутных старонкі гісторыі мінулага стагоддзя, звязаныя з Сільвестрам Кавалёвым. “Ён быў звязаны з царквой, заўсёды імкнуўся прапагандзіраваць хрысціянскія каштоўнасці,” – адзначыў айцец Георгій.

Унук Кавалёва атрымаў з рук святара ікону і літаратуру аб Слаўгарадчыне.

Адкрылі памятны знак Сяргей Кавалёў і старшыня Гіжэнкаўскага сельвыканкама Мікалай Янкоў. Апошні, дарэчы, таксама адзначыў якую важную місію яны выконваюць для гістарычнай памяці аграгарадка.

Узгадалі ў той дзень і Свята-Ільінскую царкву, якая існавала ў Целяшах у пачатку мінулага стагоддзя. Рэаліі тых часоў не дазволілі ёй доўга праіснаваць, і сёння гэтае месца – звычайны пагорак. Але з учарашняга дня на ім адкрыты Паклонны крыж. Які таксама быў асвячоны айцом Георгіем у прысутнасці жыхароў і гасцей вёскі Целяшы.

Адкрытая пляцоўка сельскага Дома культуры  стала месцам, куды запрасілі ўсіх жадаючых работнікі культуры раёна на Дзень вёскі.

Дэпутацкі корпус на мерапрыемстве прадстаўлялі ў той дзень дэпутаты абласнога Савета дэпутатаў Міхаіл Ярмоленка і раённага Савета дэпутатаў Наталля Лукашова. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Алена Шаўцова, старшыня Гіжэнкаўскага сельвыканкама Мікалай Янкоў таксама былі сярод паважаных гасцей. Прысутнічаў на свяце і Сяргей Кавалёў. Жыхары аграгарадка і ягоныя госці з энтузіязмам адгукнуліся і, нягледзячы на спякоту, завіталі на мерапрыемства.

А яно ў той дзень было багатым на шчодрыя словы ўдзячнасці працавітым суайчыннікам, людзям, якія гартавалі заможнасць і славілі Целяшы. Вядучыя ўзгадвалі гістарычныя перыяды, якія перажывала вёска. І, як адзначалася, на кожным з этапаў яе славілі людзі працавітыя. Іх імёны гучалі  на працягу ўсяго мерапрыемства. Адзначаны былі ў той дзень і дынастыі. З рук Алены Шаўцовай, Наталлі Лукашовай, Міхаіла Ярмоленкі і Мікалая Янкова многія атрымалі кветкі, узнагароды. Лідар прафсаюзнага руху педагагічных работнікаў Алена Салдаценка таксама павіншавала ўсіх прысутных і адзначыла педагагічную дынастыю Сцяпанавых каштоўным падарункам.

Шмат мілагучных песень гучала ў той дзень: лірычныя, пазітыўныя, дынамічныя. Аўдыторыя ўспрымала кожны нумар самадзейных артыстаў авацыямі.

Мясцовыя сыраробы прапанавалі набыць сваю прадукцыю. Гэтая паслуга, між іншым, прышлася да месца. Мелі магчымасць удзельнікі свята праверыць фартуну ў бяспройгрышнай латарэі.

Увогуле, падводзячы вынікі, можна адзначыць, што такога роду мерапрыемствы былі і застаюцца запатрабаванымі. Менавіта тут падчас такіх сустрэч людзі маюць магчымасць наладзіць стасункі, нагадаць мінулае, адпачыць.

Тэкст і фота Уладзіміра РЫЖАНКОВА.