ЗАВІТАЛІ СЯБРЫ

У вёсках Аляксандраўка-I  і Аляксандраўка-II у мінулы панядзелак у першай палове дня было мнагалюдна. Адно, што аўталаўка прывезла прадукты харчавання, заказаныя тавары. Па-другое, сюды завіталі члены інфармацыйна-сацыяльнага “цягніка” “Забота”.

Для жыхароў маланаселеных вёсак такога кшталту мерапрыемствы – заўсёды прыемная падзея: пачуць, што робіцца ў раёне, краіне, свеце можна, дый і культурная праграма на такіх сустрэчах – традыцыя. Не была выключэннем і гэтая сустрэча, узначаліла якую Алена Шаўцова, начальнік ідэалагічнага аддзела, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Прысутнічаў і кіраўнік мясцовага сельвыканкама Мікалай Янкоў. Галіна Максімава, дэпутат райсавета дэпутатаў, загадчыца аўтаклуба РЦК і НТ таксама заўзятар на такіх сустрэчах. Валанцёры грамадскага аб’яднання “Чырвоны крыж” таксама прымалі ўдзел.

Размова з жыхарамі вёсак адбылася, як кажуць, па душах. Чым жыве вёска, якія праблемы маюцца, пазітыўныя моманты – гэта далёка не поўны спіс тэм, якія ўздымаліся падчас мерапрыемства. І па ўсяму было бачна, што галоўны дэфіцыт для сялян – гэта дэфіцыт зносінаў. І калі ўлетку людзей крыху прыязджае, то зімой – ахапляе журба.

Аднак апошняй ў той дзень месца не было. Самадзейныя артысты адразу некалькіх цэнтраў культуры раёна дарылі жыхарам Аляксандравак добры настрой і жыццясцвярджальныя думкі. А рабілі гэта праз бадзёрыя песні. Пад якія ногі самі неслі ў пляс. Кветкамі і авацыямі дзякавалі артыстаў мясцовыя жыхары. І абавязкова запрашалі ў госці і надалей.

Уладзімір РЫЖАНКОЎ.