“ЗРОБІМ НАШ КРАЙ ПРЫГОЖЫМ РАЗАМ!”

 

Бываючы ў вясковых школах, заўсёды лаўлю сябе на думцы, што кожная з іх – нібыта невялічкая сямейка. Магчыма з-за таго, што вучняў у іх небагата, а можа там яшчэ не страчаны ў поўным аб’ёме дух, які аб’ядноўвае кожнага – ад вучня да настаўніка. Ні ў якім разе не кідаю клін у бок школ гарадскіх, але, што ёсць, тое ёсць.

Было гэткае пачуццё і на традыцыйнай урачыстай школьнай лінейцы ў аграгарадку Лапацічы, куды мы завіталі 1 верасня з кіраўніком раёна Канстанцінам Жыгуцкім. Такія мерапрыемствы – гэта заўсёды адказнасць. А прысутнасць старшыні райвыканкама, начальніка аддзела па адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, начальніка РАУС – адказней удвая. Тым не менш, усё ішло па сцэнарыю, які першачаргова вывеў на, так бы мовіць, авансцэну галоўных дзеючых асоб урачыстасці – першакласнікаў і будучых выпускнікоў-адзінаццацікласнікаў.

Пад апладысменты вучняў, настаўнікаў, бацькоў і сяброў яны занялі сваё месца на адкрытай пляцоўцы школьнага двара. Вядучыя прадаставілі слова ганаровым гасцям. Канстанцін Аляксандравіч прывітаў вучняў, настаўнікаў, бацькоў. Ён падкрэсліў, як гэта важна асабліва ў сучасных рэаліях быць асобай адукаванай. Вядомая справа, кіраўнік пажадаў кожнаму з выпускнікоў знайсці сабе прафесійны накірунак на будучае, якое абавязкова павінна быць звязана са Слаўгарадчынай.

“Менавіта вам жыць на гэтай зямлі, рабіць яе квітнеючай. Школьныя гады, вучоба ў іншых навучальных установах праляцяць неўпрыкмет.  І вы зоймеце сваё месца ў рэальным сектары эканомікі раёна, вобласці, краіны. Таму зычу вам плённых заняткаў, якаснага выкладання, быць бадзёрымі, няўрымслівымі”, – падкрэсліў старшыня райвыканкама.

Старшыня Лапаціцкага сельвыканкама Сцяпан Байцоў таксама далучыўся да віншаванняў. Аляксандр Аўчыннікаў у сваім звароце засяродзіў увагу на тым аспекце, што сёння запатрабаваны чалавек толькі адукаваны, мабільны, здольны ўспрымаць абставіны хутка і рабіць высновы таксама. “Мы жывём у век кібер хуткасцяў, нанатэхналогій. Таму веды, навыкі – той базіс, без якога вельмі няпроста рэалізаваць сябе ў далейшым, дасягнуць дабрабыту. Памятайце гэта, гартуйце тое, што даюць вам педагогі, бярыце ўсё новае на ўзбраенне, расціце на радасць бацькам, станавіцеся сапраўднымі грамадзянамі нашай краіны”, – рэзюмаваў ён.

Але не ўсё было так проста: на лінейку завітала “брыгада” піратаў, якія шляхам свабоднага доступу выкралі ў школьнікаў традыцыйны званок, падручнікі, дзённікі і сшыткі. І толькі настойлівыя жаданне і прага ведаў апошніх дазволілі пачаць новы 2018—2019  навучальны год.

Першы ўрок, дарэчы, быў адзіным для школ усёй краіны і называўся “Мне выпала шчасце тут нарадзіцца”. На адкрытых занятках госці школы таксама прысутнічалі. Вучні адзінаццатага класа расказвалі пра свой край, ягоныя памятныя месцы, славутасці.

Напрыканцы адкрытага ўрока старшыня райвыканкама звярнуўся да школьнікаў з прапановай: праявіць свае крэатыўнасць, бачанне маладога вока на добраўпарадкаванні Лапацічаў, бліжэйшых вёсак, раёна ўвогуле. “Не трэба баяцца нават самых смелых ідэй. Магчыма, менавіта вы падкажаце нам, як зрабіць наш край утульным, прыгожым, сучасным”, – адзначыў Канстанцін Аляксандравіч. Атрымаўшы абяцанні ад школьнікаў, госці пакінулі ўстанову адукацыі. А яе вучні, настаўнікі працягнулі рыхтавацца да заняткаў на наступным тыдні.

Тэкст і фота Уладзіміра РЫЖАНКОВА.