ДЭПУТАТЫ ДЭМАНСТРУЮЦЬ ПРЫКЛАД

Калі хтосьці думае, што ў старога ровара адзін шлях – наўпрост на сметнік, дык ён глыбока памыляецца. Хаця, прызнацца, да нядаўняга часу такога меркавання прытрымлівалася і я. Пакуль на свае вочы не пабачыла, што нават ровар, які прыйшоў у непрыдатнасць і які ўжо не атрымаецца выкарыстоўваць у якасці транспартнага сродку, можа яшчэ паслужыць верай і праўдай свайму ўладальніку. Але ўжо ў інтэр’еры.

Прыклад таму – домаўладанне сям’і Чачораў Андрэя і Святланы, што знаходзіцца па другому завулку Суворава. На сцяне вулічнай агароджы ў якасці элемента дэкору выкарыстана пярэдняя частка ровара. Яе гаспадар замацаваў на вышыні, пафарбаваў у чырвоны колер, прыладзіў кошык з жывымі кветкамі. Інтэр’ерная кампазіцыя атрымалася ў стылі праванс і глядзіцца проста дзівосна. Так і хочацца абысці агароджу і зазірнуць з іншага боку. Бо натуральна здаецца, што там схавалася другая палова дэкора.

Апярэджваючы маё лагічнае пытанне, гаспадар Андрэй Чачора адказвае:

–На самой справе за сцяной нічога няма. Гэта свайго роду аптычны падман. Хоць, прызнаюся, і была такая ідэя, толькі хацелася, каб абедзве часткі ровара былі размешчаны звонку. Аднак канструкцыя агароджы гэтага не дазволіла зрабіць. А ідэю ўзяў у інтэрнэце. Адразу загарэўся як тая запалка. Да таго ж у гаражы без справы стаяў стары ровар. Яго і пусціў у ход. На ўсё пра ўсё я затраціў дзве гадзіны часу. Атрымалася прыгожа і без асаблівых выдаткаў. Суседзі і знаёмыя першымі прыйшлі на агледзіны. Заўважаю, што мінакі нават робяць сэлфі альбо проста фатаграфуюць маю велаідэю.

Адметна, што Андрэй Чачора да таго ж з’яўляецца дэпутатам раённага Савета дэпутатаў па Сувораўскай выбарчай акрузе №10, старшынёй пастаяннай камісіі па пытаннях мясцовага кіравання і самакіравання, мандатам, рэгламенту і захаванню законнасці і правапарадку. Таму асабістым прыкладам дэманструе сваім выбаршчыкам, што трэба быць гаспадаром на зямлі, ствараць у першую чаргу вакол сябе чысціню, парадак і прыгажосць, каб было прыемна не толькі сабе, але і іншым людзям. Тады і  вуліца, горад, раён у цэлым будуць прывабнымі і квітнеючымі.

Яшчэ адна велафантазія рэалізавана ў Новай Слабадзе. Непадалёк ад будынка Новаслабодскага сельскага клуба элементам ландшафтнага дэкору стаў звычайны не прыдатны для язды ровар, які стылізаваны штучнай травой. Знешне ён выглядае як тапіарый. Упэўнена, многія з вас яго бачылі. Такую зялёную “скульптуру” па ініцыятыве і пры фінансавай падтрымцы Кабінагорскага сельвыканкама замайстравалі жыхары Новай Слабады.

Спадзяёмся, шаноўныя чытачы, што і ў вас ёсць чым пахваліцца і што паказаць. Дасылайце нам свае фотаздымкі, тэлефануйце ў рэдакцыю, і мы абавязкова раскажам пра тое, якія вы гаспадары, як трэба жыць і працаваць стваральна.

Тэкст і фота Святланы БЯЛЯЕВАЙ.