ЮБІЛЕЙ У КОЛЕ СЯБРОЎ

 

У кінатэатры “Радзіма” прайшло ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае 100-гадоваму юбілею Слаўгарадскай цэнтральнай бібліятэкі. Адбылося гэта акурат напярэдадні Дня бібліятэк. У фае кінатэатра гасцям была прапанавана шыкоўная выстава, якая выклікала жывы інтарэс і запрасіла разам перагарнуць старонкі гісторыі, прадэманстравала, чым сёння жыве бібліятэка.

Затым распачалася ўрачыстая частка, на якой прысутнічалі: в.а. начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Вікторыя Цвярдова, калегі – дырэктары цэнтралізаваных публічных сістэм з Краснапольскага, Чэрыкаўскага і Крычаўскага раёнаў, ветэран Вялікай Айчыннай вайны Фелікс Уладзіміравіч Шкірманкоў, старшыні грамадскіх арганізацый, дырэктары ўстаноў, якія цесна супрацоўнічаюць з цэнтральнай бібіліятэкай, яе ветэраны і работнікі, чытачы і іншыя.

Вядучыя распачалі свята з гістарычнай хронікі, якая адлюстравала асноўныя вехі стварэння, пачынаючы з 1918 года, станаўлення і развіцця цэнтральнай бібліятэкі. З віншавальным словам да аўдыторыі звярнулася Вікторыя Цвярдова. Яна адзначыла, што векавы юбілей – гэта не проста лічбы, за імі людзі, вялікая праца. Яна выказала шчырыя словы падзякі і прызнання ўсім, хто мае дачыненне да гэтага свята. Таксама Вікторыя Станіславаўна зачытала віншавальную паштоўку ад кіраўніцтва раёна, уручыла дырэктару ГУК “Цэнтралізаваная сетка публічных бібліятэк раёна” Людміле Кунцэвіч падарункі.

Бібліятэка шмат чым абавязана сваім станаўленнем і сённяшнім дабрабытам ветэранам бібліятэчнай справы. Яны таксама адрасавалі цёплыя словы бібліятэцы-юбіляршы, яе работнікам. Канешне, не абышлося і без падарунка, за што ў адказ атрымалі сувеніры і кветкі.

Асобныя словы падзякі былі адрасаваны Марыі Васільеўне Баранавай, якая ў 1979 годзе пасля заканчэння Мінскага інстытута культуры была назначана дырэктарам бібліятэкі. Яна ўнесла вялікі ўклад у арганізацыю бібліятэчнай справы ў раёне, стала арганізатарам усіх цікавых пачынанняў, згуртавала калектыў.

Віншаванні  і падарункі таксама прымалі ветэраны-бібліятэкары вясковых бібліятэк. Калегі з суседніх раёнаў таксама выказалі шмат цёплых слоў, уручылі Людміле Эдуардаўне падарункі. Ад імя чытачоў слова трымала Тамара Міхайлаўна Данілава, усё жыццё якой непарыўна звязана з кнігай.

Для ўрачыстасцей узнімаліся на сцэну: пісьменнік-зямляк Фелікс  Шкірманкоў, старшыня раённай арганізацыі ветэранаў Анатоль Мартынаў, старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Васіль Саўчанка, загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў РЦСАН Жана Панасенка, інструктар-валеолаг РЦГ і Э Ніна Хуртак, дырэктары: РЦК і НТ Галіна Купрыянцава, гісторыка-краязнаўчага музея Святлана Мельянцова, дзіцячай школы мастацтваў Ганна Бітчанка.

Затым былі ўшанаваны супрацоўнікі ўсіх аддзелаў бібліятэкі, тэхработнікі. Дырэктар Людміла Кунцэвіч уручыла ім падзячныя лісты за шматгадовую працу і ў сувязі з юбілеем. Былі падарункі і ад Слаўгарадскай раённай арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму, адміністрацыі бібліятэкі, іншых гасцей.

А нумары канцэртнай праграмы надалі святу афарбоўку пазітыва і настраёвасці.

Тэкст і фота Святланы БЯЛЯЕВАЙ.