АБМЕРКАВАЛІ ЗЛАБАДЗЁННАЕ

Чарговая, шостая па ліку, сесія раённага Савета дэпутатаў адбылася на мінулым тыдні ў актавай зале райвыканкама. На абмеркаванне выносіліся два асноўныя пытанні: выкананне мерапрыемстваў па сацыяльнай падтрымцы ветэранаў, асоб, якія пацярпелі ад наступстваў войнаў, пажылых грамадзян і інвалідаў, а таксама рэалізацыя райбальніцай мерапрыемстваў рэгіянальнага комплекса, накіраванага на выкананне Дзяржаўнай праграмы “Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека насельніцтва Рэспулікі Беларусь на 2016 – 2020 гады”.

Па першаму дакладвала начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Вольга Іванова.

Яна адзначыла, што на пастаяннай аснове аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў і грамадзян пажылога ўзросту наведвае 21 пажылы чалавек і 30 інвалідаў. Для іх арганізаваны і дзейнічаюць гурткі і клубы па інтарэсах. Таксама пры аддзяленні працуюць дзве майстэрні – паліграфічная і швейная. Прадукцыя, вырабленая ў майстэрнях, рэалізуецца на выставах, кірмашах, сярод насельніцтва. Так, за 8 месяцаў аддзяленнем аказана платных паслуг на суму 2866,97 руб.

Важнай формай сацыяльнай абароны грамадзян з’яўляецца стварэнне магчымасці для пражывання састарэлых і інвалідаў ва ўмовах поўнага дзяржаўнага забеспячэння ў дамах-інтэрнатах. Так, за 8 месяцаў 2018 года аказана садзейнічанне па афармленні ў дамы-інтэрнаты траім адзінокім пажылым грамадзянам. У аддзяленні сацыяльнай дапамогі на даму ўкаранёны новыя формы работы: дом сумеснага (самастойнага) пражывання, гасцявая і патранатная сем’і.

Выступоўца таксама адзначыла, што з мэтай своечасовага аказання неабходнай дапамогі, аператыўнага вырашэння сацыяльна-бытавых праблем ветэранаў вайны, асоб, якія пацярпелі ад наступстваў войнаў, адзінокіх пажылых грамадзян, інвалідаў штогод праводзіцца вывучэнне іх жыццеўладкавання спецыялістамі цэнтра, а таксама ў складзе назіральных камісій.

Адметна, што сацыяльная служба актыўна працуе ў накірунку прыцягнення замежнай бязвыплатнай дапамогі. Як прыклад, у маі была адкрыта школа бяспечнай жыццядзейнасці. Ёй праведзена 11 пілотных семінараў і заняткаў з састарэлымі грамадзянамі і інвалідамі 1 і 2 груп. І работа ў гэтым накірунку працягваецца.

Аб шляхах выканання мерапрыемстваў рэгіянальнага комплексу, якія накіраваны на выкананне Дзяржпраграмы, распавяла ў сваім выступленні галоўны ўрач УАЗ “Слаўгарадская ЦРБ” Алена Аксёнава. Работа ўстановы накіравана на правядзенне прафілактычнай і інфармацыйнай дзейнасці, правядзенне дыягнастычных абследаванняў і ранняга выяўлення захворванняў, правядзенне лячэбных і рэабілітацыйных мерапрыемстваў, накіраваных на зніжэнне інваліднасці, смяротнасці насельніцтва і павелічэнне працягласці жыцця, а таксама на дыягностыку і лячэнне такіх сацыяльна значных захворванняў, як сухоты і ВІЧ-інфекцыя. Агучыла Алена Мікалаеўна і мерапрыемствы, якія скіраваны на выкананне азначаных вышэй задач.

Стала вядома, што ў райбальніцы ў рамках рэгіянальнага комплексу праводзіцца планамерная праца, накіраваная на паэтапны пераход да агульнаўрачэбнай практыкі да 2020 года на 100%. У цяперашні час ва ўстанове працуе 3 лекара агульнай практыкі, фарміруецца камандны від працы для дадзеных лекараў-спецыялістаў, плануецца да канца 2018 года навучыць 2 участковых лекараў-тэрапеўтаў.

Адметна, што медыкамі праводзіцца работа па раннім выяўленні анкалагічных захворванняў. Так, сфарміраваны кабінет скрынінга рака прадсталёвай залозы, сфарміравана мэтавая група. У рамках скрынінга за 8 месяцаў 2018 года прайшло даследаванне 542 чалавекі, выяўлена 36 станоўчых вынікаў, з іх 12 – пацыентам выканана біяпсія прадсталёвай залозы, выяўлена 4 выпадкі рака.

Наладжана работа па раннім выяўленні ВІЧ-інфекцыі, маюцца экспрэс-тэсты для дыягностыкі дадзенага захворвання, прадугледжаны мерапрыемствы, накіраваныя на прадухіленне вертыкальнага тыпу перадачы ВІЧ-інфекцыі (ад маці да дзіцяці).

Агучыла галоўны ўрач і вынікі прымаемых захадаў па выкананню Дзяржпраграмы, азнаёміла з дэмаграфічнай сітуацыяй, якая склалася ў раёне за 8 месяцаў бягучага года. З яе слоў вынікала, што ў раёне дэмаграфічная сітуацыя характарызуецца павелічэннем нараджальнасці ў параўнанні з аналагічным перыядам 2017 года, а таксама і павелічэннем смяротнасці насельніцтва, што вызначае адмоўны натуральны прырост насельніцтва.

Падчас работы сесіі былі разгледжаны і іншыя бягучыя пытанні.

Святлана БЯЛЯЕВА.

Фота Іллі ЖАРТУНА.